Усё пачалося з таго, што адным восеньскім днём на Зарэчную вуліцу завітаў Чмут. Гэта быў худы цыбаты чалавечак, хітры, як ліс, і назойлівы, як муха. Ён соўгаўся туды-сюды і шукаў, чым бы пажывіцца. А паколькі да працы Чмут не меў звычкі, то і «пажывіцца» для яго азначала нешта сцягнуць ці некага падмануць.
Калі Чмут убачыў пані Яніну на ганку, ён з прыкрасцю падумаў: «Ну вось, яшчэ адна бабулька! Што з яе ўзяць?» Але потым прыгледзеўся і вельмі здзівіўся.
— Найшаноўная лэдзі, — Чмут звярнуўся да старой з нізкім паклонам. — А што гэта вы робіце?
— Вяжу на спіцах, — адказала тая і ўсміхнулася.
— Але я бачу ў вашых руках сапраўднае футра! Хіба такое можа быць?
— О, гэта адмысловая тэхніка вязання, — растлумачыла пані Яніна. — Яе перадавалі ў нашай сям'і з пакалення ў пакаленне. Я скручваю звычайныя ніткі такім чынам, што яны нагадваюць поўсць жывёл. Так я раблю шкуры для хворых сабак, катоў і нават вавёрак. І гэтыя шкуры немагчыма адрозніць ад родных!
— Сапраўды, немагчыма, — задуменна прагаварыў Чмут.
Ён злёгку пастукаў па сваёй галаве, і тут, нібы ў адказ на стук, да яго прыйшла Вельмі Хітрая Думка:
— Дарагая мая лэдзі, а змаглі б вы звязаць такую ж шкуру, як у лісы ці бабра, ці нават норкі?
Пані Яніна здзівілася, але адказала:
— Мяркую, змагла б.
Тады Чмут пляснуў рукамі і ўскрыкнуў:
— Якое шчасце, што я вас сустрэў! Штука ў тым, што я працую ў заапарку. Там захварэлі ўсе пушныя звяры! Пяць лісіц, сем баброў, восем норак і нават адзін... э-э... адзін каракуль! У іх вылезла ўся поўсць. Наведвальнікам заапарка не падабаюцца лысыя жывёлы, і дырэктар кажа, што ўсіх гэтых бедных норак, лісіц, баброў і... э-э... каракуля трэба ўсыпіць!
— Ой, не трэба нікога ўсыпляць! — спужалася пані Яніна. — Я дапамагу небаракам і звяжу для іх новае футра. Заўтра ўсё будзе гатова. Вось толькі я не ведаю, як выглядае гэты самы... ка-ра-куль.
— Я такс...
Чмут хацеў сказаць, што таксама не ведае, але своечасова схамянуўся і стуліў вусны. А пасля мовіў:
— Я так скажу: ён, каракуль, такі чорны, калматы, і поўсць у яго завіткамі.
— Тады я паспрабую, — паабяцала яму старая і ўзяла са свайго кошыка новы клубок.
Чмут рассыпаўся ў падзяках, а пані Яніна ўзялася за працу.
Яна вязала амаль без перапынку, нават не ела і не піла ўлюбёнай кавы, так ёй хацелася дапамагчы хворым звярам у заапарку. А Чмут тым часам наразаў кругі вакол яе хаты. Ён не мог паверыць сваёй удачы і вельмі баяўся, што дзіўная бабулька раптам перадумае.
Але пані Яніна не перадумала. Яна працавала ўсю ноч і да раніцы зрабіла пяць шкур для лісіц, сем для баброў і восем для норак. І яшчэ з-пад яе спіц выйшла адна вялікая шкура для загадкавага каракуля: чорная і калматая, з шорсткiмі завіткамі.
Чмут схапіў іх і запіхнуў у вялікі мех.
— Дзякуй вам, мая дарагая лэдзі! — паўтараў ён. — Вы не ўяўляеце, як мне... то бок усім нам дапамаглі! Я аднясу ваша вязанне дырэктару заапарка. Зараз жа!
І Чмут кінуўся наўцёкі, забыўшыся нават развітацца. Яму здавалася, што пані Яніна вось-вось раскусіць яго падман. Бо заапарк, пра які ішла гаворка, быў нябачны, дакладней, зусім не існаваў. Хітры чалавечак усё гэта выдумаў. На самай справе ён хацеў зрабіць са шкур футры і накідкі, дорага іх прадаць, а грошы пакласці сабе ў кішэню. Таму Чмут уцякаў,як заяц, па Зарэчнай вуліцы, каб ніхто не мог яго дагнаць.
Аднак пані Яніна не збіралася яго спыняць. Пасля бяссоннай ночы яна заснула на ганку. І не адразу даведалася пра тое, што адбылося далей.
ESTÁS LEYENDO
Чароўныя ніткі пані Яніны
De TodoАднойчы на Зарэчнай вуліцы адбылося Надзвычайнае і Таямнічае здарэнне. У самых нечаканых месцах з'явіліся дзікія звяры: ліса ў булачнай, бабёр у газетным кіёску, норка ў ювелірнай краме... А яшчэ недзе разгульвае чорная і калматая пачвара! Дзеці з З...