Шыльда: вулiца Перадавая 97
Недалёка ад Запарожскай плошчы, блiжэй да чыгуначных пуцей, знаходзiлася аўтазаправачная станцыя – цi, як любяць казаць людзi, запраўка. Побач тулiлiся невялiкiя дамы, i сярод iх асаблiва вылучаўся Дом, якi танцуе.
Грак гэтак i не зразумеў, адкуль такая назва. Дом стаяў на месцы i нават не варушыўся. Але ён напраўду быў дзiўным! Нiбы ўзялi па кавалку ад iншых будынкаў ды склеiлi разам. Кожны кавалак меў свой колер, i стыль, i форму.
"Хаця, – разважыў Грак, – ён усё-такi нагадвае розных людзей, якiя ўзялiся за рукi i вось-вось пачнуць карагодзiць".
Дом, якi танцуе, меў тры паверхi. Ён пасаваў пад апiсанне.
Грак зазiрнуў у вокны, пастукаў дзюбай, паклiкаў: "Карр, Краг!", але зноў анiдзе не знайшоў свайго сябра.
Збянтэжаны, ён паляцеў да запраўкi, каб каго-небудзь распытаць. Там дзелавiта корпалася кучка вераб'ёў з выгукамi: "Чылп! Чык!". Калi кiроўцы запраўлялi тут машыны, яны часта куплялi сабе каву, а да яе – хот-догi цi салодкiя булачкi. А вераб'i скакалi следам i падбiралi крошкi.
– Вiтаю! – наблiзiўся да Грака адзiн Верабейка. – Хочаш пiрожнае? Каля сметнiцы ляжыць ладны кусок!
– Не, дзякуй, – адмовiўся Грак. – Нiчога ў горла не iдзе без сябра. Я думаў, ён жыве ў тым доме... Дарэчы, цi можаш мне дапамагчы? Што значыць "чык-цек"?
– Гэта па-вераб'iнаму, – адказаў Верабейка. – У перакладзе – "даволi стары".
– Ах, вунь яно што. А Дом, якi танцуе – стары?
– Ну, па птушыных мерках усе дамы не проста старыя, а старажытныя! Але па чалавечых – ён новы. Пабудаваны зусiм нядаўна. Гэта бачыў яшчэ мой прапра... пра... i яшчэ пра... дзядуля! Мы тут шмат чаго ведаем!
I вераб'i сёе-тое расказалi:
* – "Дом, якi танцуе" пабудаваў архітэктар Віктар Аўдзей, які лічыў, што Мінску патрэбныя невысокія дамы, а не бясконцыя шматпавярхоўкі.
– Дом складаецца з сямі частак, мае сем архітэктурных стыляў і пафарбаваны ў сем розных колераў.
– Блок з галоўным уваходам аформлены ў гатычным стылі – вытанчаным і троху змрочным. Там знаходзiцца лесвіца, з якoй можна патрапіць у iншыя часткі дома. *
Грак ветлiва кiваў, але ў думках быў далёка.
"Гэты дом дзiўны i невысокi, але новы. Вось жа прыкра! Трэба пашукаць стары... Так, а што калi..."
Грак блiснуў вачыма ды ўзняўся ў паветра.
YOU ARE READING
Дзіўны дом
PertualanganУ адным мiнскiм дворыку жыў грак па імені Грак, які пасябраваў з хатнім граком па імені Краг. Сябры любілі балбатаць праз шкло. Але аднойчы Грак прыляцеў да акна Крага і не знайшоў яго. Па птушынай пошце ён атрымаў ліст, што Краг з гаспадарамі перае...