Шыльда: праезд Чыжэўскiх 8
Лошыцкi парк аказаўся вялiкiм. Настолькi, што Грак зрысаваў паветра петлямi i зiгзагамi, пакуль не заўважыў зялёны дах, якi губляўся зверху мiж такiх жа зялёных дрэваў.
Сойка не падманула: дом сапраўды быў дзiву варты! Сонечна-жоўты, з разьбянымi рамамi i зграбным драўляным ганкам. I балкон таксама меўся. Як жа хораша!
Грак скiраваўся ўнiз. Вакол дома сядзелi сарокi i трашчалi сабе: "Чакерак!". А яшчэ там хадзiлi людзi. Хтосьцi з iх падымаўся па старых прыступках, рабiў фотаздымкi, але ўнутр не iшоў.
– Чакерак, чакерак! – няўхвальна прамовiла адна старая Сарока. – Безбiлетнiкаў гнаць у карак!
– Прашу прабачэння? – не зразумеў Грак.
– Нельга проста так таптаць нагамi музей, – буркнула Сарока. – Гэта ж каштоўнасць не толькi знутры, але i звонку! Трэба спачатку набыць бiлет – вось што я думаю.
Яна чымсьцi нагадвала музейную наглядчыцу ў строгiм чорна-белым адзеннi. Бракавала толькi акуляраў на носе.
– Зноў музей! – мiмаволi вырвалася ў Грака, i ён спешна дадаў, каб не пакрыўдзiць Сарокi. – Не ў тым сэнсе, што мне не падабаецца! Дом цудоўны, але наўрад мой сюды пераехаў мой сябар-грак...
– Вядома, – чмыхнула Сарока. – Гэта ж не дамок, а сядзiба! Тут жылi шляхетныя людзi. Яны абстаўлялi пакоi прыгожымi рэчамi, ладзiлi балi... Калi б у музей i запрасiлi на працу птушку – ну, для стварэння вобраза былых часоў – то какаду цi кенара, а не якогась там грака... З чаго ты наогул узяў, што твой сябар можа быць тут?
– Дык з ягонага лiста! Дзiўны дом? Так. Стары, невысокi, са звыклымi вокнамi i балконам? Так. Да таго ж са скатным дахам? Iзноў так! Але... можа быць, вы скажаце штосьцi наконт гэтага "чак-чак, чакерак"?
– Гучыць па-сарочынаму. Як бы лепей перакласцi? "Сярод мноства дамоў побач", вось!
– Мноства дамоў... – паўтарыў Грак i азiрнуў парк. – А побач толькi вялiкi драўляны дом i маленькi цагляны... Гэта не назавеш "мноствам"!
– Не драўляны дом, а флiгель, – паправiла яго Сарока. – I не цагляны дом, а домiк вартаўнiка! Зараз мы выправiм твае недахопы ў ведах...
Яна са сваiмi паважнымi калегамi пачала апавядаць гiсторыю Лошыцкай сядзiбы.
* – Месца мае старадаўнюю гісторыю. Былая вёска Лошыца, ўжо вядомая тысячу гадоў, першы прыватны маёнтак з'явiўся тут ў 16 стагоддзi. А сядзiбны комплекс, якi захаваўся да нашых дзён, быў заснаваны ў другой палове 18 стагоддзя, то бок больш за дзвесце гадоў таму.
– Самымі вядомымі гаспадарамі Лошыцкай сядзібы былі Яўстах Любанскі і ягоная прыгажуня-жонка Ядвіга. Дзяўчына паабяцала выйсці замуж толькі тады, калі сядзіба стане лепшай на Мінскіх землях. Жаніх выканаў пажаданне: перабудаваў дом і пасадзіў у парку рэдкія дрэвы і цудоўныя кветкі.
– У 1925 годзе сядзіба была перададзена Інстытуту раслінаводства. Частка парка ператварылася ў велізарны сад з яблынямі ды іншымі пладовымі дрэвамі. Мясцовыя жыхары называлі яго "фруктовым раем". *
Грак слухаў-слухаў, але не вытрымаў:
– Усё адно я нiчога не запомню! У галаве – толькi думкi пра Крага.
Сарока спачатку хацела абразіцца, а потым вырашыла: дасведчаны музейны супрацоўнік мусіць адказваць на розныя пытанні ды ўсяляк дапамагаць.
– Ёсць цiкавы дом, – сказала яна. – Ягоную ўладальнiцу звалi гэтак жа, як i гаспадыню нашай сядзiбы. Цалкам пасуе пад тваё апiсанне. Зараз растлумачу, як туды трапiць...
Адрас Сарока крыкнула наўздагон, бо Грак ужо ляцеў.

YOU ARE READING
Дзіўны дом
AdventureУ адным мiнскiм дворыку жыў грак па імені Грак, які пасябраваў з хатнім граком па імені Краг. Сябры любілі балбатаць праз шкло. Але аднойчы Грак прыляцеў да акна Крага і не знайшоў яго. Па птушынай пошце ён атрымаў ліст, што Краг з гаспадарамі перае...