Шыльда: вулiца Валадарскага 26
Дом, пра якi гаварыла Сарока, знаходзiўся на шумным скрыжаваннi. Без сумневу, будынкаў там было шмат. I машын, i мiнакоў таксама.
Ён называўся "Дом Кастравiцкай", але Грак адразу даў яму мянушку "Дом з вушкамi" – праз невялiкiя выступы зверху, якiя тырчалi, нiбы кацiныя вушы. Калi ж Грак наблiзiўся, яму паказалася, што вокны пад "вушкамi" падобныя на вочы, а выступ на рагу мiж iмi – на трохкутны нос. Замест дома на мiг паўстаў вялiзны ружова-белы кот...
– Каў! – раптам сказаў хтосьцi.
Грак падскочыў у паветры, згубiўшы пяро. Але потым дацямiў, што перад iм хоць i дзiўны, ды ўсяго толькi дом. А вакол шмыгаюць каўкi, вось адна i павiталася сваiм каўканнем – Грак ад страху пераблытаў яго з мяўканнем.
– Добрага здароўя! – перайшла на агульнаптушыную мову Каўка. – Вы наш новы сусед? Тады трэба пазнаёмiцца, я люблю заводзiць знаёмства!
– Пакуль не, але ж калi мой сябар перабраўся сюды...
– I хто ён? Я тут усiх птушак ведаю. У трэцiм акне жывуць папугайчыкi-неразлучнiкi, у сёмым – хатняя канарка, у дваццаць шостым – сава, а ў саракавым – сапраўдны iндык, хоць для суседзяў гэта тайна!
– А грак?
– А вось гракоў няма. Мо, вы будзеце першым!
Каўка вельмi натхнiлася такой думкай, але Грак пакруцiў галавой:
– Выходзiць, я ў чарговы раз прыляцеў не туды. А ўсё ж было, як у Крагавым лiсце! Апроч, бадай што, "каў, кав". Цi не складана вам будзе мне з тым падсабiць?
– Проста, як абаранак з'есцi! – ахвотна пагадзiлася Каўка. – Гэта ж па-каўчынаму! Маецца на ўвазе форма... вось такая.
Яна паказала крыламi прастакутнiк.
– Ага! – зразумеў Грак. – Дзiўны дом – прастакутны. А ваш "Дом з вушкамi" не такi, ён рагавы, як чалавечая лiтара "Г".
– Гэтыя "вушкi" называюцца áтыкi, – паведамiла Каўка. – Так кажуць гiды, якiя прыводзяць сюды турыстаў. Мы тут шмат чаго чуем...
Да яе падляцелі яшчэ каўкі, i яны пачалі з запалам расказваць пра свой дом.
* – Пабудаваны ў 1911 годзе, Дом Кастравіцкай спачатку быў даходным домам, то бок усе кватэры там здаваліся ўнаём.
– Дом належаў прадпрымальніцы Ядвізе Кастравіцкай са шляхецкага роду Вайніловічаў. Ядвіга была вядомай асобай у Мінску: яна валодала многімі дамамі, арганізоўвала балі, кірмашы і вечарыны для збору грошай на дабрачынныя патрэбы.
– Спачатку дом меў невялікую вежу, якая была разбурана ў гады Другой сусветнай вайны. Яе вырашылі не адбудоўваць. Ранейшы выгляд Дома Кастравіцкай можна ўбачыць на старых фотаздымках.*
Але Грак з кожным словам толькі маркоціўся.
– Хiба ж ёсць дзе-небудзь падобны дзiўны дом сярод мноства дамоў побач, – мармытаў ён. – I стары, i невысокi, i прастакутны, са скатным дахам, балконам i звыклымi вокнамi...
– Вой, – страпянулася Каўка. – Я ж ведаю такi дом з адным дзiўным акном, але астатнiя вокны – звыклыя!
Яна расказала, як яго знайсцi, i Грак вырашыў спраўдзiць, бо ляцець было не так далёка.

YOU ARE READING
Дзіўны дом
AventuraУ адным мiнскiм дворыку жыў грак па імені Грак, які пасябраваў з хатнім граком па імені Краг. Сябры любілі балбатаць праз шкло. Але аднойчы Грак прыляцеў да акна Крага і не знайшоў яго. Па птушынай пошце ён атрымаў ліст, што Краг з гаспадарамі перае...