2 глава

2 0 0
                                    

Яшчэ праз якіх пяць хвілін ён быў ужо ў лесе і бег уздоўж вірлівага, з празрыстай вадой, ручая. Лес тут быў чысты, без ламачча, бегчы, аднак, перашкаджалі частыя абломкі скал. Пад'ём таксама станавіўся ўсё болей круты і хутка забіраў сілы. Чакаючы і баючыся новай пагоні, Іван ускочыў быў у ручай, каб схаваць ад аўчарак след. Вада ледзяным холадам пругка ўдарыла ў ногі, да болю апякла ступні, і ён, прабегшы якіх дваццаць крокаў, выскачыў зноў на бераг. Ускарабкаўся на скальную кручу, тузануў, перазараджаючы, пісталет, - затвор выкінуў на камяні перакошаны патрон. Іван сагнуўся падняць яго і раптам абмёр - праз гаманлівае булькатанне ручая ззаду данеслася гамонка. Забыўшыся на патрон, ён таропка кінуўся ўгору, крышку ў бок ад ручая, на схіл распадка, пралез цераз гушчар маладога ельніку і, ледзьве спраўляючыся з дыханнем, апусціўся на чацвярэнькі.
Спачатку яму здалося, што скрозь было ціха, толькі зводдаль вуркатаў ручай ды шумелі верхавіны елак. Гэта падзьмуў фён, і ў небе з-за гор выплыў ускудлачаны акраек хмары - хутка насоўваўся дождж. Іван насцярожанымі вачыма агледзеўся па баках, аббег позіркам каменне пад елкамі ўнізе - быццам нідзе нікога. Ён ужо хацеў бегчы далей, як ззаду да яго слыху даляцеў трошкі сцішаны, але настойлівы вокліч:
- Руссо!
Іван хіснуўся ніжэй, угнуў голаў - не, то быў не немец, а мусіць, які гефтлінг*. Але не хапала яшчэ клопатаў чакаць каго, тут хоць бы як выкарабкацца самому: ведаў з уласнага вопыту, як гэта трудна. Немцы, мусіць, паднялі ўжо трывогу і даганяюць - не так гэта проста ўцячы.
* Зняволены. (ням.)
I ён з усяе сілы пабег, пакарабкаўся між камянёў і елак угору, наўкос па горным лясістым схіле. Ручай застаўся недзе ўбаку, гоман яго прыціх; мацней і выразней сталі шумець яліны; свежы вецер размашыста гойдаў іх верхавінамі; сонца схавалася; змаркатнелае неба ўсё далей і шырэй абкладвала мутная хмара. Было душна, куртка на спіне прамокла ад поту, паласаты берэт ён недзе згубіў і твар выціраў рукамі, увесь час сочачы за наваколлем і ўслухоўваючыся. Аднаго разу, пераводзячы дыханне, ён пачуў далёкае яшчэ, але настойлівае вуркатанне матацыклаў: тут недзе праходзіла дарога, і немцы, вядома, ужо ачаплялі раён. Ахоплены панылым прадчуваннем, Іван услухоўваўся, мяркуючы, як уцякаць далей, і ў той жа час па нейкім невыразным гуку адчуў, што ззаду хтосьці бяжыць. Гэта ўжо было дрэнна: можа, той зусім не гефтлінг, а немец! Іван адскочыў за імшысты камель елкі і шчоўкнуў ахоўнікам браўнінга. Тым часам матацыклы з усё большым трэскатам набліжаліся. «Абкладваюць, сволачы...» - мільганула думка. Іван азірнуўся, апусціўся за елкай на адно калена і прыўзняў сціснуты ў кулаку пісталет. Зноў унізе стукнулі па камянях крокі. Ён угледзеўся, зусім пэўна адчуваючы ў гушчары месца, дзе з'явіцца чалавек. Але нейкі час ніхто там не паказваўся, і Іван напружана чакаў. Урэшце на прагалак між дрэў унізе выбегла лёгкая паласатая постаць на выгляд быццам падлетка, азірнулася, жвава неяк кінула позірк угору і згледзела яго.- Руссо!
Жанчына?! Гэта яго здзівіла і збянтэжыла, ён ледзьве не вылаяўся ад прыкрасці, але блізкі роў матацыклаў пераключыў ягоную ўвагу - яны ўжо былі побач, толькі вышэй. Іван вертануўся на зямлі, не ведаючы, куды падацца: між рэдкіх камлёў дрэў яго тут маглі лёгка ўбачыць зверху. I ён сігануў у неглыбокі вышчарбак-нішу пад крутаватай скалою, прыгнуўся, увесь ператварыўшыся ў спрыт і асцярогу. Паласатая постаць унізе на хвіліну знікла за краем абрыву, і ён не глядзеў куды - найболей асцерагаючыся матацыклаў, напружана слухаў. Але вось знізу праз дваццаць крокаў з-за каменя з'явілася дзяўчына ў доўгай, не па росце куртцы з падкасанымі рукавамі і чырвоным трохкутнікам вінкеля на грудзях. Яна хутка зірнула па баках, і ён заўважыў, як пад шапкаю чорных, даўнавата не стрыжаных валасоў радаснай жвавасцю бліснулі гэткія ж чорныя, нібы дзве масліны, вочы.
-Чао!
Ён чуў ужо гэтае слова і зразумеў яго - так заўсёды віталіся гефтлінгі-італьянцы. Аднак цяпер, услухоўваючыся ў трэскат над галавой, ён змоўчаў, чакаючы, што яна вось-вось шмыгне куды ў сховішча. Але яна, здаецца, зусім безуважная да небяспекі, зноў азірнулася і таропка загаманіла па-нямецку, як зразумеў Іван, некага праганяючы ад сябе. Іван паглядзеў у падлесак - там, адкуль выскачыла дзяўчына, туліўся на каленях яшчэ нехта ў паласатым, але ён зараз жа шмыгнуў назад і прапаў у гушчары ельніку. Іван ужо хацеў кінуцца куды далей ад гэтых гефтлінгаў, як дзяўчына лёгка выскачыла з-за абрыву, нагнулася, таропка сунула ногі ў калодкі, якія дагэтуль трымала ў руках, і, заляскаўшы імі, падалася да яго.
Ён аж сцяўся ад страху. Матацыклы раўлі ледзьве не над іх галовамі, і яе недарэчна-паказная адвага гнеўна сцебанула яго напятае да болю адчуванне - іх жа так лёгка маглі тут убачыць. Іван, прыгнуўшыся, скочыў да дзяўчыны і за руку злосна рвануў яе пад скалу. Пры гэтым ён ціха, але бадай што з лютасцю вылаяўся. Яна падатна і лёгка, ледзьве не ўпаўшы, шырока матлянулася за ім, адна яе калодка звалілася з нагі і, застукаўшы па камянях, адляцела прэч.
- Ой, клумпес! - сцішана ўскрыкнула яна.
Матацыклы адзін за адным, абдаючы іх трэскатам, праносіліся недзе зусім блізка, а яна, не зважаючы ні на іх, ні на яго відавочную злосць, вырвала руку і кінулася за калодкай. Іван не паспеў яе ўтрымаць, толькі скрыгануў зубамі. А яна тым часам, спрытна схапіўшы калодку, матлянулася назад, коратка, нібы вінавата, зірнула на яго, у яе вачах бліснуў азарт і неслухмянасць распешчанай зухаватай дзяўчынкі. I тады Іван, не справіўшыся з напятымі нервамі і ўзарваны спазнелаю злосцю, ляснуў яе па шчацэ.
Дзяўчына коратка войкнула, але не адхіснулася, толькі ўпала пад скалу побач і з-пад локця зірнула на яго ўгору вачыма, поўнымі не гневу, а нейкага гарэзнага здзіўлення.
Матацыклы - чуваць было - аддаляліся, і Іван адразу ж пашкадаваў, што не стрымаўся. А яна на момант засяродзілася, акругліла вочы, услухалася, здавалася, толькі цяпер усвядоміўшы, што ім тут пагражала, і, падцяўшы калена ў гэткай жа паласатай, як і ў яго, штаніне, насунула на ступню калодку. Пасля зноў зірнула на яго і, па-дзіцячы няўмела выгаворваючы словы, нібы картавячы, паўтарыла ягоную лаянку.
Гэта было так нечакана, як і яго аплявуха, і здалося Івану такім незвычайным, што ў ім нешта скранулася, зрушылася - нешта чалавечае на момант шыбанула ў яго заскарузлую ад гора душу, і ён упершыню за сённяшні дзень здзіўлена і шырока раскрыў свае вочы.
- Ого!
- Ого, - паўтарыла, быццам перадражніла, яна, пэўна паказваючы тым сваю прытворную крыўду, і быццам з некатораю нават цікавасцю паглядзела на яго, а ў вачах яе ўжо з'явіліся жвавыя, смяшлівыя іскаркі.
Чарнявая прыгажосць гэтай дзяўчыны і незвычайная яе адвага ў гэтым іх болей чым складаным становішчы збівалі яго з тропу.
- Ты куды бяжыш? - хутка і сурова кінуў ён, пазіраючы ў дол, на яе падцятыя ў калодках цыбатыя ногі.
- Вас?
- Вас, вас! Куды бяжыш?
- Руссо бежішь - іх бежішь.
Ён спадылба кальнуў яе злосным позіркам, аднак на ўсім яе твары адбіваліся ўвага і старанне зразумець яго - густыя чорныя бровы, што зрасліся над пераноссем, былі высока ўскінуты.
- Ты знаеш, куды я бягу? Я Русланд бягу. Зловяць - мнебудзе пуф, пуф. А табе гэта, - ён чыркнуў сабе пальцам па шыі і паказаў угору.
Яна зразумела, коратка ўсміхнулася, нават, здалося яму, чмыхнула: маўляў, што мне вісельня. I гэтая яе безразважная легкадумнасць амаль што раззлавала яго.
- Смялячка! Расхрабрылася! Ну і бяжы! Толькі без мяне.
- Конэчно! - мірна ўсміхнулася дзяўчына, і Іван падумаў, што яна не зразумела яго.
Ён памкнуўся быў запярэчыць, але ў гэты час убаку ад горада пачуліся крыкі і сабачы брэх, відаць, там кагосьці лавілі. «Чорт з ёй, з гэтай дзеўкай», - падумаў Іван. Трэба было прабірацца далей, і ён хутка палез па схіле.

Альпийская балладаWhere stories live. Discover now