- Ха-ха-ха!.. - раздаецца над імі звонкі бесклапотны смех.
Іван паднімае голаў, мацае шыю, шырока расплюшчвае заспаныя вочы і першае, што бачыць перад сабой, - гэта яркі, глыбокі блакіт пагоднага ранку і побач - дзівоснае белазубае ззянне дзявочай усмешкі.
- Баста шляўфен*. Марш-марш надо, - кажа дзяўчына.
* Хопіць спаць. (іт., ням.)
Зараз жа цела яго, нібы электрычным токам, пранізала сутарга ад холаду, ён памаўчаў, трудна пераключаючыся ў рэальны клапотны свет, ваўкавата паўзіраўся насустрач стрыманай яе весялосці. А яна, абапершыся на руку, сядзела збоч і кусала сцяблінку, якой, відаць, перад тым паказытала і разбудзіла яго. Ад учарашняе яе апатычнасці і знямогі, здавалася, не засталося і следу.
- Марш, кажаш? Ну паглядзім.
- Глядій, глядій, - згадзілася яна, усё з хітрынкай у вачах узіраючыся ў яго твар.
А ён, яшчэ раз скалануўшыся ад холаду, ускочыў, шалёна замахаў у паветры рукамі, пачаў выкідваць у бакі ногі і прысядаць - выпрабаваны салдацкі спосаб сагрэцца. Яна, відаць было, спачатку здзівілася, высока над вачыма ўскінула свае шырокія дугі-бровы, пасля раптам засмяялася, коратка, але так гучна, што ён аж спалохаўся.
- Ціш ты!
Яна спахапілася, азірнулася, заціснула далоняй рот, у вачах яе, аднак, ужо скакалі неўтаймаваныя гарэзныя чарцяняты. Ён строга, з папрокам паглядзеў на яе, затым услухаўся, адчуваючы, як задубелае цела патроху налівалася цяплом і стомай, а яна яшчэ бяскрыўдна прыцішана хахатнула:
- То гімнастік?
- Ну, гімнастыка. А што, лепш мерзнуць?
Іван быў заклапочаны і наогул не ахвочы да гаворкі; яна, відаць, зразумела гэта, пасур'ёзнела, зябка цепнула вузенькімі худымі плечукамі пад макраватаю яшчэ курткай, каротка ўздыхнула і заклапочана зірнула на яго.
Ён тым часам па старым вайсковым звычаі агледзеўся і зразумеў, што сапраўды занадта доўга праспаў. Ужо даўно развіднела, сонца з-за гор яшчэ не паказалася, але бясхмарнае неба ўгары, здавалася, аж звінела яркасцю ранішняга блакіту. На ўсю сваю каляровую моц ззяў той, асветлены, бок цясніны - шэрыя схілы, сасонкі, шырокія крутыя восыпі і высачэзныя вяршыні ўгары. Гэты ж бок скал цьмяна драмаў, яшчэ не пазбыўшыся ночы.
- Горы карашо! - убачыўшы, што ён узіраецца ў наваколле, сказала яна. - Как ето?.. Эстэтіко!
Ляснуўшы калодкамі, яна ўскочыла з каменя, на якім сядзела, і таксама выбегла з-пад скалы, аглядаючы сонечнае буйства святла на тым баку шырокай расселіны. Ён, аднак, не падзяляў гэтага яе наіўнага захаплення. Як амаль заўсёды ў палоне, разам з абуджэннем яго нутро, грудзі, кожную частачку цела агарнула пакутнае адчуванне пустаты - звычайны, знаёмы да драбніц прыступ голаду. Есці, аднак, не было чаго. Дзе ў гэтых праклятых гарах здабыць ежы, ён не ведаў, у той жа час вельмі выразна адчуваючы, што, галодныя, яны недалёка пройдуць. Пастаяўшы так, ён праглынуў сліну і, безуважна да таго, што займала яе, запытаў:
- Ты куды пойдзеш?
Яна, не разумеючы, павяла брывамі.
- Марш-марш куды? - здавалася, пачынаючы раздражняцца, паўтарыў ён пытанне і махнуў у розных напрамках рукой: - Туды ці туды? Куды бегла?
- О, Остфронт! Рус фронт бежаль.
Ён здзіўлена паглядзеў на яе.
- Сі, сі*, - пацвердзіла яна, бачачы яго здзіўленне і нават недавер. - Сіньоріна карашо тэдэскі** пуф-пуф.
* Так, так. (іт.)
** Немцаў. (іт.)
Іван, нахмурыўшыся, паўглядаўся ў гэты зіхатлівы, бы жывое срэбра, рухавы, занадта, на яго думку, прыгожы твар: ці не жартуе яна? Але яна, відаць, не жартавала - выказала свой намер і цяпер, чакаючы яго меркавання, вялізнымі бяздоннымі вачыма глядзела на хлопца.
- Глупства балбочаш, - сказаў ён, захінаючыся поламі курткі.
- Вас! Что ест больбочіш? Руссо учіт сіньоріну рускі шпрэхен?
- Паглядзім.
- Глядзіім ест карошо. Согласіе, сі? - жартоўна дапытвалася яна.
Але ён не адказаў на гэта, ён зноў зябка скалануўся, адчуўшы на спіне халаднаватую вільготнасць курткі, зірнуў на недарэчныя кругі-мішэні на грудзях - сапраўды трэба было яшчэ паклапаціцца і пра вопратку, у гэтым паласатым убранні не дужа разыдзешся. I ён, падчапіўшы пальцамі шво, з трэскам ададраў з курткі вінкель і нумар. Яна па ягоным прыкладзе зараз жа ўзялася здзіраць свае. Але пазногці яе тонкіх пальцаў былі вельмі далікатныя, а ніткі нямецкае прышыўкі занадта моцныя, каб лёгка паддацца. Тады яна ступіла да яго і, трошкі, па-дзіцячы адтапырыўшы ніжнюю таўставатую губу, варухнула плячом.
- Дай.
- Не «дай», а «на», - сказаў ён і марудліва павярнуўся да яе.
Вострыя настырчаныя бугаркі пад яе волглаю курткай, аднак, прымусілі яго нахмурыцца і сцяць вусны. Яна, тут жа заўважыўшы гэта, згрэбла на грудзях складку і адцягнула яе ад цела. Пасля кароткага вагання ён узяў ражок вінкеля і дужа рвануў. Каб не пакідаць следу, скамечыў усё разам і сунуў у шчыліну пад камень.
- Граціе, спасібо.
- Ты дзе рускай мове вучылася? - запытаў ён.
- Італія. Рома учіль. Лягер руска сіньоріна Маруся учіль. Карашо руска шпрэхен я?
- Харашо, - неахвотна згадзіўся ён.
- Понімаль очен лючше карашо, - здавалася яму, жартоўна ад таго, што яе вочы заўжды смяяліся, пахвалілася яна.
Ён, аднак, думаў пра іншае.
- У Трыест пойдзем. Ведаеш, дзе Трыест?
- О, Тріесте! Італія, - жыва азвалася яна.
- Ведаю, што Італія. А дзе ён, у якім баку? У тым ці ў тым?
Яна зірнула ў адзін бок, у другі і ўпэўнена махнула рукой туды, адкуль узнімалася над гарамі яшчэ нябачнае сонца.
- Туда дорога Тріесте.
«Дарога!» - нявесела падумаў ён. Нішто сабе была дарога - цераз горны масіў Альпаў праз цясніны і рэкі, а галоўнае - праз густа населеныя даліны і ажыўленыя аўтастрады - не блізкі свет гэты партызанскі Трыест, пра які ён нямала начуўся ў лагеры. Але выбар у іх быў небагаты, і калі пашчаслівіла ўжо вырвацца з пекла, дык недарэчна было б цяпер даць павесіць сябе пад барабанны бой на чорнай удаўцы.
Таму трэба ісці, лезці, бегчы! Не раскісаць, сабраць у сабе ўсе сілы, увесь спрыт, усе здольнасці, перайсці галоўны хрыбет, знайсці партызан - югаслаўскіх, італьянскіх - толькі б стаць у строй, узяць зброю. У тым цяпер была яго мара, высокая справядлівасць ягонага лёсу і ўзнагарода за ўсе пакуты і ганьбу, якія перажыў ён за год палону.
У сырой, змрочнай цясніне было зябка, закалелае за ноч цела даймалі дрыжыкі, хацелася хутчэй да цяпла, на сонца.
Знайшоўшы болып-менш здатнае месца на адхоне, яны палезлі між камянёў угору. Упершыню з часу іхняга спаткання наперадзе лезла яна, ён, крыху адстаўшы, карабкаўся следам, і гэта было падобна на згоду, першы суладны давер між імі.
Схіл тут быў даволі круты, калодкі слізгалі і падалі з яе ног, на сярэдзіне схілу дзяўчына зняла іх, узяла адной рукой і, хапаючыся другой за калючыя, цвёрдыя, як дрот, хамлакі нейкай травы, вёртка, нібы яшчарка, сігала з каменя на камень.
- Руссо, - не спыняючыся, сказала яна.~ Ты ест офіцір?
- Ніякі я не афіцэр. Палонны.
- Полённі, полённі. Я понімаль. Кто до война біль?
Ён памарудзіў з адказам. Тое, што яна пачала дапытваць, хлопцу не спадабалася, і ён ваўкавата сказаў:
- Калгаснік.
- Что такое кольгаснік?
- Не разумееш, а пытаешся... - неласкава папракнуў ён. - Ну, быццам баўэр. Фарштэй?
- А, понімаль: ляндвіртшафт*?
* Сельская гаспадарка. (ням.)
- Во, во. Колхоз.
- О, я очень люблу кольхоз! - раптам ажыўлена загаманіла яна. - Кольхоз карашо. Ля вораре* компанія. Отдіх - компанія. Тутто** компанія. Карашо компанія. Руссо кольхоз карашо экономіко, правільно я понімаль? - запытала яна і азірнулася.
* Працаваць. (іт.)
** Усё. (іт.)
Ён не паспеў адказаць - зрушаныя яе нагамі, уніз пакаціліся камяні, зямля, розная драбнота. Ён ледзьве паспеў адхінуцца ўбок. Яна ўгары засмяялася і бокам прыпала да схілу.
Іван са злосцю шыкнуў:
- Ціш ты!
Яна зноў спахапілася, зацяла рукою рот і азірнулася.
- Пардон.
- Пардон, пардон! Ціха трэба. Чаго рагочаш?
Яе безразважнасць злавала хлопца; мусіць, ён сказаў тое занадта груба, яна стрыкнула брывамі і падцяла вусны.
- Мой імя ест Джулія. Сіньоріна Джулія, - аб'явіла яна.
Ён строга акінуў яе позіркам і сказаў сабе: «Ну і што? Сіньярына!» Гэта было для яго малаважна, асабліва далікатнічаць з ёю ён не збіраўся. А яна, відаць, пакрыўдзілася, змоўкла і таропка палезла ўгору. Іван жа не дужа спяшаўся.
Нізка прыгінаючыся долу, ён шырока ступаў балючымі з учарашняга пальцамі на шурпатыя сцюдзёныя камяні, кідаў спадылба кароткія позіркі на яе ўвішную паласатую постаць і думаў: хто яна? Якая-небудзь еўрапейская гурэн, як іх называюць немцы, беспрытульная бадзяжка мітуслівых італьянскіх гарадоў, бяздумны матылёк з пакалечаным вайною жыццём? Гэта найбольш падобна было да яе, з такім яе гарэзным і, відаць, падкім на прыгоды характарам. Праўда, вінкель у яе быў чырвоны, палітычны, яна нешта там гаварыла пра нянавісць да немцаў, але хлопец не дужа верыў у сур'ёзны грунт яе варожасці да фашыстаў. Магчыма, нехта з іх пакрыўдзіў яе, пасля, вядома, сербанула гора ў лагеры. Але хіба такія доўга памятаюць крыўды? Праўда, ён амаль не ведаў яе, хоць ужо некалькі разоў паспеў пераканацца, якая яна несур'ёзна-бяздумная шмат у чым з таго, ад чаго залежаў лёс іхніх уцёкаў. Вядома, ён разумеў, што ў такім становішчы трэба было быць асабліва пільным і найбольш спадзявацца на самога сябе.