Калі яны ўрэшце выбраліся на край камяністага абрыву і, стомленыя, спыніліся, іх позірку адкрыўся амаль што плоскі горны ўхіл, зарослы дробным пакручастым сасоннікам. Пасля мокрай змрочнай цясніны тут здалося надзвычай вольна, прасторна: далёка ўнізе шырока раскінулася даліна, за ёй у бледна-сіняватай смузе млелі хрыбціны суседніх гор.
- Генуг!* - задыхана сказала яна. - Нэмножко генуг!
* Даволі! (ням.)
Ён моўчкі апусціўся на край каменнай пліты, што тырчала з зямлі, яна бегла глянула ўгору, пад суцэльнае нагрувашчванне гор, даўжэй - уніз, на лясны адхон з частымі плямамі рудой зямлі між сасонак. I ён, пазіраючы знізу, адчуў, як яна нібы за штось зачапілася там сваім позіркам і, замёршы, уважліва глядзела, падкурчыўшы адну нагу. Гэта адразу ўстрывожыла і яго, Іван устаў, угледзеўся - далёка ўнізе між сасняку на прагалах сям-там праблісквалі светлаватыя крывулякі-сцежкі. Гэта несла з сабой новыя клопаты. Ён яшчэ ўгледзеўся, і тады яна, не паварочваючыся, схапіла яго за рукаў, затармашыла, неяк не то ўстрывожана, не то абнадзеена загаварыла:
- Руссо - мэнш, чэлёвэк!
Ён ужо і сам бачыў - па сцяжынцы ўгору нетаропка ішоў чалавек.
Яны ўраз абое прыселі; яна, забыўшыся ўжо на сваю крыўду, запытальна паглядзела ў яго вочы сваімі цёмнымі зрэнкамі, ён жа адвёў убок нахмураны позірк і дастаў з-за пазухі браўнінг. Дзяўчына, відаць, зразумела ягоны намер, і Іван, нічога не тлумачачы, ціскануў ёй плячо: маўляў, сядзі тут. А сам, прыгнуўшыся, шмыгануў у рэдкі сасоннік і, гойдаючы на шляху ніжнія галіны, хутка пайшоў па адхоне, спадзеючыся наткнуцца на сцежку.
Але гэта здарылася куды далей, чым ён спачатку разлічваў.
Стараючыся выбіраць мясціны, дзе сасоннік быў трохі гусцейшы, ён далёка ўжо адышоўся ад цясніны і пачаў думаць, што не трэба было пакідаць яе там, а сцяжынка ўсё не паказвалася. У паветры густа пахла хвояй, было ціха; камяністы, засыпаны ігліцаю дол зусім пакалоў ягоныя і без таго навярэджаныя ступні. Неўзабаве з-за блізкае хрыбціны гор выслізнула і пачало прыграваць прамяністае ўранку сонца. Прыпомніўшы ўчарашні клопат, ён шчоўкнуў зажымам браўнінга і з пластмасавай рукаяткі выцяг магазін - там было пяць патронаў, шосты сядзеў у ствале. Гэта трошкі абнадзеіла. Ён падумаў, што, магчыма, ім пашанцуе цяпер на сякую-такую адзежыну, можа, на абутак і нават харчы. Па-ранейшаму дужа хацелася есці, цела прыкметна слабела, і ад думак аб ежы ў рот наплывала сліна, якую ён ледзьве паспяваў глытаць.
Сцяжынка нечакана выслізнула між сасонніку праз дзесяць крокаў наперадзе. Ён ураз спыніўся, зірнуў уніз, угору - нідзе нікога. Тады пастаяў, услухаўся, з бліжняй пакручастай сасонкі пырхнула маленькая куцахвостая пташка, воддаль упала на дол старая шышка, і зноў стала ціха-ціха. Ён пашукаў позіркам якое ўкрыццё і, адышоўшыся, апусціўся на калючы, у рэдкай траве дол за абымшэлым аскалёпкам скалы.
Лежачы ніц, ён чакаў, часта пазіраў уніз, дзе між хваёвых вяршалін праблісквала на заваротцы сцяжынка, і думаў, што зрабіць з чалавекам. Ён не сумняваўся, што па сцежцы ідзе цывільны, што вопратку ён аддасць без супраціўлення - усё ж такі пісталет. Вось толькі што рабіць далей - забіваць бяззбройнага не дазваляла сумленне, пакідаць жа яго тут было амаль самагубствам. Але колькі ён ні напружваў свой не дужа засяроджаны цяпер розум - нічога не мог выдумаць і адчуваў, што гэта дужа кепска, такая няпэўнасць. Аднак было бясспрэчна і тое, што галоўны хрыбет ім не адолець.
Чалавек паказаўся бліжэй, чым хлопец разлічваў. На сцежцы ўнізе неяк раптам з'явілася яго згорбленая пад ношаю постаць, але ён чамусьці не ішоў - ён амаль бег, стомлена, задыхана, і ўсё нешта шныпарыў вачыма па сасонніку, часам азіраўся. Няўжо ён убачыў іх? Іван падабраўся за каменем, сцяўся як мог, каб не бачна было адтуль яго паласатае постаці, і з нечаканаю злосцю вылаяўся ў душы, адчуўшы, як гэта агідна і подла тое, на што ён мусіў цяпер пайсці.
Але так было трэба.
Ён даў чалавеку падысці бліжэй, сам, патроху падцяўшы ногі, паварочваўся за каменем. У рукаве, пачуў, варушылася, бы крапівой пяклася, мурашка. Аўстрыяк, цяжка несучы брызентавы заплечны мяшок, таропка ступаў па сцежцы грубымі, на таўшчэзнай падэшве чаравікамі і ўжо крыху мінаў яго, калі Іван устаў і сігануў на сцежку. Прахожы зараз жа ўчуў, азірнуўся. Гэта быў камлюкаваты, нават тоўсты, гадоў пад шэсцьдзесят стары ў кароткай скуранцы, зялёным цірольскім з барсуковым кутасікам капелюшы і не новых, выпнутых на каленях штанах. Аўстрыец ад нечаканасці лыпнуў вачыма, нешта хутка-хутка загаманіў па-нямецку, замахаў рукамі і сунуўся да хлопца. Іван прыўзняў пісталет.
- Воцу дзі пістоле! Гер гефтлінг!.. Гер гефтлінг! - лапатаў аўстрыец. - Эсэс!*
* Не трэба пісталет! Пан зняволены!.. Пан зняволены! Эсэс! (ням.)
Іван ураз сцяўся, ён зразумеў, але з усяе сілы не хацеў паверыць, што зноў бяда. Праклятая мурашка разгульвала ўжо між лапатак, толькі хлопец не паварушыўся, каб страхнуць яе, - суровым, зацятым позіркам ён упіраўся ў аўстрыйца.
- Эсэс! Дорт эсэс! Штрэйфе!* - даводзіў чалавек. Ён быў усхваляваны, пот цурком ліўся па яго немаладым ужо, азызлым твары, у грудзях, нібы гармонік, дыхавічна рыпела і свістала на ўсе лады.
* Эсэс! Там эсэс! Аблава! (ням.)
Іван азірнуўся і прыкусіў вусны.
- Дзе эсэс?
- Дорт! Дорт! Іх мехтэ інен гут махен*, - махаў рукой аўстрыяк, трымаючыся другой за лямку мяшка.
* Там! Там! Я хачу вам дабра. (ням.)
- Ду найн люген?*
* Ты не хлусіш? (ням.)
- О, найн, найн! Іх бін гутэр мэнш!* - горача гаманіў ён і, перамяніўшы тон, няскладна вымавіў па-руску: - Я біль плен Сібір.
* О, не, не! Я сумленны чалавек! (ням.)
У ягоных устрывожаных старэчых вачах мільганула штось цёплае, і Іван зразумеў: ён не ашукваў. Трэба было спяшацца, іх маглі згледзець тут, але з гэтым чалавекам знікала апошняя надзея на харч.
- Ду вэр? Варум гір?* - сурова запытаў хлопец і за рукаў скуранкі бесцырымонна тузануў аўстрыйца са сцежкі.
* Хто ты? Чаму тут? (ням.)
- Іх бін вальдгютэр. Дорт іст майн форстэй*.
* Я ляснік. Там мой дом. (ням.)
Іван зірнуў угору, куды паказваў чалавек, але ніякага дома не ўбачыў, затое згледзеў, як з гушчару выскачыла Джулія, - відаць, яна чула іхнюю размову, і настойліва загаманіла:
- Руссо! Руссо! Бежаль! Руссо...
Безуважны да яе крыку, Іван яшчэ раз тузануў аўстрыяка за плячо і рвануў з яго рук мяшок.
- Эссен?*
* Ежа? (ням.)
- О, я, я, - пагадзіўся той. - Брот*.
* О, так, так. Хлеб. (ням.)
Аўстрыец, напэўна, усё зразумеў, азірнуўся, таропка апусціўся на калені і дрыготкімі пальцамі расшмаргнуў прошву свайго мяшка. Іван адною рукой сунуўся туды, сярод нейкіх рэчаў адразу адчуў шархоткую скарынку хлеба і вырваў з мяшка невялічкую, счарсцвелую ўжо буханачку. Аўстрыяк не пратэставаў, толькі неяк страціў нядаўнюю жвавасць, і на кароценькі момант у хлопцавым сумленні варухнуўся дакор. Але ён тут жа суровасцю прыдушыў яго, сігануўшы пад сасонкі, незнарок кінуў погляд угору, дзе высіліся шэрыя снегавыя вяршыні, і азірнуўся. Аўстрыяк завязваў рэчмяшок, пальцы яго чамусьці не маглі саўладаць з прошвай-маланкай. Тады Іван шпурнуў Джуліі хлеб, а сам зноў падскочыў да чалавека.
- Знімай!
Ён забыўся, як па-нямецку назваць скуранку. Аўстрыяк не зразумеў яго, і хлопец выразна тузануў яго за рукаў. Толькі аўстрыяк не спяшаўся аддаць адзежыну - на старэчым твары слізганула збянтэжанасць.
Іван крыкнуў:
- Шнэллер! - і тузануў настойлівей.
- Шнэллер! Шнэллер, руссо! - сцішана, але дужа настойліва гукала з сасонніку Джулія, і аўстрыяк з самотаю, якая раптам напоўніла ўсю яго расслабленую істоту, зняў з сябе скуранку.
Іван амаль вырваў яе з рук чалавека і ў апошні раз зірнуў яму ў вочы. Хлопец зразумеў - гэта была чорная няўдзячнасць, рабаўніцтва, гэтым ён у выпадку няўдачы ставіў пад шыбеніцу і яго, але інакш было нельга.
Ён пабег у сасоннік, дзе мільганула паласатая постаць Джуліі, і, ужо адбегшы, азірнуўся - аўстрыяк усё стаяў на ранейшым месцы, у падцяжках зверху шэрае світкі, і, апусціўшы рукі, глядзеў ім услед.