Худое лета выдарылася хутарку. Сядзеў ён паміж гор, і ўся ярына выгарала. Дый жа ставок, што сінеў пад гарою, блізка што высахнуў, а ў студні даўно вады не было. Гліністая дарожка, што вілася ад хутарка ўніз, вакол стаўка да Вержбалоўскага шасэ, закамянела і патрэскалася.
Па вясне хадзілі чуткі, што будуць у тутэйшых ваколіцах вялікія дзяржаўныя манёўры, сам імператар прыедзе. Газеты ж прыходзілі толькі кунігасу (свяшчэнніку), ды і то рэдка, і вайны ніхто з хутарцоў не спадзяваўся.
Калі ж познаю начою з фанаром у руках прыскакаў на хутарок конны ад гміны і забарабаніў у вакеніцу, уся сямейка мігам ускочыла і спалохалася. Нібыта прыйшло заканчэнне злыбед усяго лета.
А калі пасланец уваліўся ўвесь у пыле ў хату, рупліва дастаў паперу і загадаў гаспадару хутарка Яну Шымкунасу той час запрагаць каня і ехаць у гміну для патрэб мабілізацыі, бо абвешчана вайна з прусамі, - у хаце прайшоў жах і запанавала смяценне.
- Так... вайна, знача, - неслухмяным языком сказаў Ян і пачаў рыхтавацца.
Усе маўчалі.
Ніякіх выгукаў, ніякіх пытанняў. Толькі гаспадыня, старая Даміцэля, адразу ўзяўшы ў думку сыноў сваіх: Блажыса, што апошні год у войску служыў, і Дамяніка, што ў шахтах быў, усхліпнула і дрыжачым голасам сказала дочкам:
- Збірайце бацьку ў дарогу.
Большая, Монця, узняўшыся на падушцы, з падпёртаю шчакою, быццам застыгла ў думках, а меншанькая, Ядвіська, нервова заклапаціла па хаце.
У гэту ноч ужо не заснулі.
А на другі дзень, як свет, пацяклі па ўсёй ваколіцы жаночыя слёзы, былі хліпанне і выццё, малітвы і кляцьба. Праваджалі запасных. Звон бажніцы (цэрквы) смутна і багамаленна гукаў усіх пад'ярэмных пад купал храма да ног раскрыжаванага за словы любові і міру.
Плакаў зморшчаны сівенькі кунігас, благаслаўляючы духоўных дзяцей на шлях брані, заказуючы храбрасць у баі і літасцівасць да зможанага ворага; плакала, уздрыгваючы ўся, колькі было людзей, бажніца. Істава хрысціліся і малебным поглядам прыліпалі да абраза спасіцеля ў цернявым вянку і не ўтрымлівалі буйных слёз пагуканыя запасныя.
А на вуліцы - цёплае сонейка; пяюць без клопату птушкі, гудзяць у ліпняку пчолы. Усё - як усягды. Не даецца веры навінам.