АКТ ПЕРШЫ
Калідор - вестыбюль установы.
Ц ё ц я К а ц я (выходзіць з дзвярэй дырэктаравага кабінета. За ёю Нічыпар). Фу!.. Добра, што ты якраз падышоў, я ж бы адна гэтаму сталу і рады не дала.
Н і ч ы п а р. Гэта, брат, стол! Каб некалі мне такі пляц зямлі, то я б гаспадаром быў.
Ц ё ц я К а ц я. Новы поп, дык новае і маленне. У таго дырэктара, бывала, адзін столік, два крэслы і ўсё. А ў гэтага ж стол гэтакі, а на стале ж мартаплясаў усялякіх панастаўляна - таксама грошай каштуюць.
Н і ч ы п а р. А што яму - шкада казённых грошай? Не з свае ж кішэні плаціць.
Ц ё ц я К а ц я. Дзве канапы скураныя, мяккія. I нашто яны? Хіба ён лежачы працаваць думае.
Н і ч ы п а р. Далікатнага, мусіць, заводу. Баіцца, каб на цвёрдьга мазалёў не панаседжваць.
Ц ё ц я К а ц я. I вось, скажы ты... Зараз год, як я на гэтым месцы, а не магу ўцяміць, што тут людзі робяць. Такі ж каваль у кузні куе, то знак ёсць, настаўнік дзяцей вучыць, і то знак ёсць, а тут людзі нешта робяць, робяць, і работы гэтай не відаць.
Н і ч ы п а р. Кажаш, працуюць і смаку не чуюць.
Ц ё ц я К а ц я. Яны, можа, і чуюць, але я не бачу, які тут смак. Нейкія ўсё каменні, косці перабіраюць, пясок перасыпаюць.
Н і ч ы п а р. Гэта яны зямлю вывучаюць.
Ц ё ц я К а ц я. Як гэта зямлю?
Н і ч ы п а р. А так, што як паглядзяць на гэтыя косці, дык адразу скажуць, колькі зямлі год і як яна выглядала, калі маладою была.
Ц ё ц я К а ц я. Пляцеш ты абы-што. Думаеш, калі я баба, дык ужо і паверу ўсякаму глупству.
Н і ч ы п а р. Запытайся ў Чарнавуса. Ён чалвек дарма што сур'ёзны, а калі разгаворыцца, дык люба слухаць. Раскажа, і дзе некалі мора было, і чаму яго цяпер там няма, і якія жывёлы былі мільёны год таму назад, і як яны елі адна другую. Так дакладна раскажа, нібы ён сам быў пры гэтым.
Ц ё ц я К а ц я. А ў тым інстытуце, што на Шырокай, дык сабак поўна. Там з імі ўсялякія штукі вырабляюць, практыку здымаюць. Мая суседка там прыбіральшчыцай, дык расказвае, што не даюць, каб гэтыя сабакі ротам елі, а папракручвалі дзіркі ў баку ды ўліваюць ім яду туды.
Н і ч ы п а р. Ну, гэта хто да якой навукі здатны. Адны зямлю вывучаюць, а другія жывёлу.