акт другi

1K 7 1
                                    

Вестыбюль. Ч а р н а в у с ходзіць ускудлачаны. Ён часамі жэстыкуліруе, нібы разважаючы сам з сабою.

Ч а р н а в у с (спыніўшыся ля цёці Каці). А ён не казаў, хутка прыйдзе?

Ц ё ц я К а ц я. Не казаў. (Да Нічыпара, калі Чарнавус адышоўся.) Глядзець не магу, як ён мучыцца.

Н і ч ы п а р. Дзіва што мучыцца! Кожны б мучыўся. (Выходзіць.)

Цёця Каця моцна ўздыхае.

Ч а р н а в у с (спыніўшыся супроць цёці Каці). Што з вамі, Кацярына Іванаўна? Чаго вы так уздыхаеце? Няшчасце якое здарылася?

Ц ё ц я К а ц я. Вас мне шкада, Аляксандр Пятровіч.

Ч а р н а в у с. Чаго ж па мне ўздыхаць? Я ж не памёр.

Ц ё ц я К а ц я. Памёр чалавек, дык ужо адзін канец. Усе памром. А гэтага ж не дай бог нікому добраму.

Ч а р н а в у с. Ды нічога ж такога са мною не здарылася. Я ж вось і на працу прыйшоў.

Ц ё ц я К а ц я. Не на ўме вам праца. Я ж бачу, не сляпая.

Ч а р н а в у с. Гэта ўсё ліхія людзі мне зрабілі. (Зноў ходзіць. З адных дзвярэй выходзіць Зіна і натыкаецца на Чарнавуса.)

Зіна (адскочыўшы ўбок). Вой. Выбачайце, Аляксандр Пятровіч.

Ч а р н а в у с. Чаго ж выбачаць? Вы ні ў чым не вінаваты.

З і н а. Не, я... Проста я спужалася... Я не думала, што сустрэну вас тут.

Ч а р н а в у с. Вы думалі, што больш мяне не сустрэнеце? Разумею... (Зноў ходзіць.)

З і н а. Усё роўна як нябожчыка сустрэла. Брр. (Прыкалола на дошку аб'яву.)

З ё л к і н (уваходзіць). Што гэта за аб'ява?

З і н а. Прачытай.

З ё л к і н (чытае). «...адбудзецца даклад дырэктара інстытута геалогіі А. П. Гарлахвацкага на тэму: «Новы від выкапня-жывёліны». Вось гэта вучоны! Адразу значны ўклад. Не тое што Чарнавус: дзесяць год усё нейкія гліны ды фасфарыты даследуе.

З і н а. Сланяецца вунь, як цень.

З ё л к і н. Не разумею, чаго Гарлахвацкі ліберальнічае. Даўно пара з ім развітацца.

З і н а. Шкадуе... Чулая душа ў Аляксандра Пятровіча.

З ё л к і н (раўніва). Асабліва да цябе.

З і н а. Зёлачка, ты зноў раўнуеш? Вось я скажу Аляксандру Пятровічу, дык ён цябе адвучыць.

Хто смяецца апошнiмМесто, где живут истории. Откройте их для себя