Заруба зноў аб'явіўся. З новай, яшчэ вялікшай, яшчэ больш адчайнай бандай ён рабіў нечуваныя, страшэнныя па сваёй лютасці гвалты. Ён не разбіраў, хто з'яўляецца ахвярай яго злачынства. У аднолькавай мерцы цярпелі яго крывавыя здзекі і камуністы, і жыды, і сяляне. Быццам мсціўся ён за страту сваіх сябрукоў, быццам хацеў захлынуцца ў крыві.
І купрыянаўская практыка навучыла яго асцярожнасці. Як д'ябал, выкручваўся ён з-пад рук улады. Ніхто ніколі не знаў, дзе ён знаходзіцца. Сягоння паявіцца ў адным месцы, а назаўтра ўжо ў другім канцы павета грыміць яго разбойства.
Спалох ахапіў жыхарства павета.
Сярод цёмных сялян пайшлі розныя недарэчныя чуткі. Апавядалі пра розныя цудоўныя праявы, пра тое, як Заруба можа з'яўляцца адразу ў колькіх месцах, пра тое, як ён можа сярод людзей, на ўсіхніх вачах раптам знікнуць, бы праваліцца скрозь зямлю і г. д. Пачыналі лічыць яго нейкім надзвычайным стварэннем і баяліся аднаго яго імя...
Чака ўзрушылася, узнялася на ногі. Па ўсіх кутках павета былі разасланы агенты, узяты пад нагляд усе ненадзейныя асобы. Матрос з сваім атрадам безупынку лётаў па вёсках, сам Гуторскі таксама рэдка калі стыкаўся ў горадзе... Але ўсё дарэмна. Заруба рабіў сваю крывавую справу і аставаўся беспакараным. Як страшэнная здань, з'яўляўся ён нечакана, раптам у якой-небудзь вёсцы, рабаваў яе, катаваў сялян і знікаў невядома куды. Ніхто не мог нават на яго след натрапіць.
Гуторскі не чуў сябе ад клапот. Бясконцыя нарады, пасяджэнні разы два на тыдзень, а то і часцей, выезды ў павет, розная бягучая работа - усё гэта не давала яму і часінкі адхлыну.
У гэтай сумятні ён нават пазбыўся таго неспакойнага, турботнага пачуцця, якое гняло яго ў апошнія часы і якое было звязана з асобай Ніны Купрыянавай. Калі часам і ўспамінаў яе, дык яна выдавала чымсьці далёкім і малазначным. Гэта яго радавала, заспакойвала. Ён ужо пачынаў глядзець на ўсю гэтую гісторыю як на невялічкае, неглыбокае захапленне, якое так шпарка мінулася, як і пачалося.
Але неўзабаве яму прыйшлося пераканацца, што ён памыліўся.
Нешта аднаго разу трапілася яму праязджаць міма маёнтка Купрыянава. Ён яшчэ здалёк угледзеў густыя ліпавыя прысады, і сэрца яго закалацілася. Як наяве паўстала ўсё, што калісь тутака адбывалася, і ў вачах выразна, яскрава замітусіўся вобраз Ніны...
ESTÁS LEYENDO
Ворагі
Ficción General«Ворагі» - расказвае пра каханне савецкага партыйнага работніка Гуторскага да дачкі памешчыка Купрыянава. Памешчык і яго дачка падтрымлівалі кіраўніка мясцовай банды белагвардзейцаў Зарубу. Ніна Купрыянава кахала Зарубу, але здрадзіла яму - здала яг...