Вы, панове, ведаеце акружанае цёмным лесам возера Язна, дзе мяжуюць тры паветы: Полацкі, Себежскі і Невельскі. Недалёка ад гэтага возера быў вялікі маёнтак, жыў у ім пан, якога і цяпер, успамінаючы, называюць Скамарохам, і ён меў падданых у тых трох паветах.
Дык вось той пан Скамароха быў надзвычай неспакойнага нораву, фанабэрлівы і хцівы, да суседзяў ездзіў толькі з прэтэнзіямі, меў грошы і заўсёды судзіўся, крыўдзіў бедных, удоў і сірот. Яго падданыя мелі пекла на гэтым свеце.
Рэдка хто наведваў яго дом. Пры ім неадступна быў вялізны чорны сабака. Лёкаі заходзілі ў пакой толькі тады, калі ён свістам даваў знаць, што нехта з іх патрэбен.
Скамароха быў адзін у пакоі. Ён як зазвычай пазіраў у люстэрка, падкручваў вус і ўважліва прыглядаўся да свайго круглага твару, што, як расказваюць, быў накшталт поўні. Пасля сеў у крэсла, закурыў люльку і задумаўся, а побач на падлозе заснуў чорны сабака.
Між тым, калі ён перабіраў у думках розныя спосабы, як павялічыць свае ўладанні, на зямлю апусціўся вечар і шэры змрок. Нечакана над яго жытлом павіслі хмары, зашумеў за сцяною вецер і лінуў дождж. У пакоі цёмна, толькі цьмяна свяціліся шыбы.
Ледзь Скамароха ачнуўся ад думак, як бліскавіца асвяціла пакой і ён убачыў, што нейкая дзіўная і страшная постаць стаіць у кутку ля дзвярэй. Пан спалохана закрычаў, стаў клікаць да сябе лёкаяў, але грымоты і шум ветру глушылі крык, ніхто не пачуў яго і не прыбег.
Высокая худая постаць падышла да пана.
— Не крычы, — сказала яна. — Ніхто не пачуе твой голас, і твой чорны сабака моцна спіць.
— Хто ты і як сюды трапіў?
— Пачакай крыху і пра ўсё даведаешся, — кажучы гэта, прывід выкрасаў агонь і запаліў свечку, якая стаяла на стале перад люстэркам.
Пры святле Скамароха ўбачыў дзіўнае стварэнне: чалавек на танюсенькіх нагах, худы, вочы круглыя, дробным і вострым тварам падобны да птушкі.
Закрычаў пан дрыготкім голасам:
— Які жахлівы твар! Відаць, перада мною злы дух.
— Не крычы, я падобны да цябе і магу табе шмат добрага зрабіць.
— Чаго ты сюды прыйшоў, ды так ціха, што і сабака не ўчуў?