Даўным-даўно, стагоддзі таму, існавала адно запаветнае месца – Густы лес. Ён быў такім велізарным, што ахопліваў межы сямi краiн. У гэтым лесе жылi чароўныя істоты, якія рэдка траплялiся на вочы чалавеку: чарадзеі, эльфы, тролі, лясныя феі, грыбныя гномы, лесавікі. Часам яны жылi мiрна, часам сварылiся. А раз у сто гадоў жыхары Густога лесу збіраліся ўсе разам на таямнічае свята і рабілі падарункі не адно аднаму... а людзям. Менавiта людзям, таму што ў іх жыцці так мала чараўніцтва. Праўда, людзі часцей за ўсё не ведалi пра тыя падарункi. Яны лічылі, што ім проста пашанцавала.
І вось у адно такое свята насельнікі гушчару распалілі вогнішча да неба, селі вакол яго і спыталі старую, як сам лес, чарадзейку:
– Што мы падорым людзям гэтым разам?
Старая чарадзейка задуменна паглядзела на агонь. Толькі яна магла разгледзець у ім схаваныя знакі.
– Я бачу ружу, – нарэшце сказала яна. – І не адну, а цэлых сем. Сем цудоўных ружаў! Мы падорым іх маленькім дзяўчатам. Хтосьці з іх атрымае кветку адразу, хтосьці знойдзе яе, толькі калі вырасце. Але жыццё кожнай зменіцца ад гэтай знаходкi.
Пунсовую ружу знойдзе самая цікаўная. З-за гэтай цікаўнасці ёй давядзецца шмат чаго вынесці, але шчасце не абміне яе.
Жоўтую ружу знойдзе самая кемлівая. Нават там, дзе ніколі не свеціць сонца, яна зможа адшукаць і выратаваць дарагога чалавека.
Белую ружу знойдзе самая адданая. Дзеля сваёй сям'і яна выправіцца ў небяспечнае падарожжа. Але злыя чары адступяць перад ёй.
Кармінавую ружу знойдзе самая добрая. І дабрыня вернецца ёй стакроць. Яна здабудзе дом і сяброў там, дзе менш за ўсё чакала.
Блакiтную ружу знойдзе самая сціплая. За цiхi нораў яна атрымае скарбы, пра якія толькі магла марыць.
Залатую ружу знойдзе самая моцная духам. Яна захоча вызвалiць аднаго чалавека, а вызвалiць цэлае каралеўства.
Чорную ружу знойдзе самая адважная. Яна не спалохаецца ворага і нават самой смерцi.
Жыхары Густога лесу схілілі галовы перад старой мудрай чарадзейкай. І той жа ноччу цудоўныя кветкі пусцілі карані ў розных краінах з усiх бакоў свету. Ружы чакалі сустрэчы з тымі, для каго былі прызначаныя.
Але пра лясное свята і пра тое, адкуль узяліся сем чароўных ружаў, ведаем толькі мы з вамі. Астатнія чулі адно старыя казкі пра прыгоды дзяўчат з кветкавымі імёнамі. І калі вы яшчэ не чыталі гэтыя казкі, самы час пачаць.
ESTÁS LEYENDO
Сем ружаў
Ficción GeneralСем ружаў. Сем дзяўчынак. Сем чароўных гісторый, якія распавядаюць пра каханне і сяброўства, адвагу і падступства, незвычайныя прыгоды і сапраўдныя цуды. Маляўнічы зборнiк для дзяцей малодшага школьнага ўзросту завабіць юных чытачоў у свет класічнай...