Белая Ружа і чорны рыцар

4 0 0
                                    


Жыў-быў на свеце чалавек. Звычайны селянін, не бедны і не багаты, не дурны, але і не надта разумны. Жыццё яго таксама было самым звычайным: днём ён працаваў у полі і даглядаў скацiну, а ўначы глыбока спаў. Але аднойчы з ім здарылася нешта незвычайнае.

Позна ўвечары селянін выйшаў з хаты і ўбачыў у сваім гародзе белы зіхатлівы шар, быццам поўня раптам звалілася з нябёсаў на зямлю. Мужычок перапалохаўся, кінуўся ў хату і замкнуў дзверы на ўсе засаўкi. Ён падумаў, што гэта нейкі прывід з Густога лесу. Усю ноч селянін дрыжаў пад коўдрай ад страху і выйшаў з хаты толькі позняй раніцай. І ўбачыў, што паміж капустай і морквай расце белая ружа неверагоднай прыгажосці – вышынёй з чалавека, з такiм вялікiм бутонам, што яго нельга было абхапіць і дзвюма рукамі.

Хоць селянін быў i не самым разумным чалавекам, але кемлівасці яму хапала. Ён адразу зразумеў, што гэтая цудоўная кветка – яго шанец. Сёння якраз свята ў каралеўскай сям'і. Зрэзаўшы ружу, ён накіраваўся наўпрост да палаца і папрасіў перадаць гэты падарунак каралю і каралеве. На кветку сабраўся паглядзець увесь двор, нават заморскія госці прызналі, што ніколі не бачылі такога цуду. Кароль быў вельмі задаволены і ўзнагародзіў селяніна так, што той цяпер мог жыць прыпяваючы.

А калі шчаслівы мужычок прыйшоў дадому, яго чакала яшчэ адна радасная навіна. Яго жонка, якая была на часах, нарадзіла дачку. Дзяўчынку вырашылі назваць Белая Ружа – у гонар кветкі, якая прынесла ім багацце.

Прайшло шаснаццаць гадоў. Селянін да таго часу стаў багатым памешчыкам, а яго дачка – першай прыгажуняй. Яна мела бялюткiя валасы, ад якіх выпраменьвала ледзь прыкметнае ззянне. Бацькам часцяком прыходзіла ў галаву думка, што памiж iх дачкой i цудоўнай кветкай, знойдзенай у гародзе, была нейкая таемная сувязь.

Ціха-мірна яны жылі, дапамагалі бедным людзям і спадзяваліся,што нягоды абыдуць іх бокам. Але праз столькі гадоў мiнулае адгукнулася рэхам. Неяк сярод ночы ў дзверы маёнтка пагрукалі. Гаспадар, былы селянін, сам адчыніў дзверы і ўбачыў на парозе высокага рыцара ў чорных даспехах. Ён трымаў за аброць варанога каня, які быў ледзь заўважны ў цемры. Незнаёмец выклікаў такі страх, што памешчыку і ў галаву не прыйшло спытаць, як той адамкнуў браму і што ён наогул тут робіць у такі час.

– Ты той чалавек, які шмат гадоў таму падарыў чароўную ружу каралю? – глуха спытаў чорны рыцар.

Сем ружаўHikayelerin yaşadığı yer. Şimdi keşfedin