Князю Усяславу прыснілася Сафія, саборны полацкі храм. Не жонка прыснілася, не сыны, не бацька з маці, а царква. На ўзлобку над шырокай Дзвіной адкрылася яна воку, сяміверхая, прыгожая. Чырвоная цэгла-плінфа і шэра-сіняватыя камяні-булыгі, з якіх дойліды клалі сцены, надавалі ёй пярэстасць і таямнічую суровасць. Уверх узмывала яна, да самых воблакаў, да лапікаў сіняга неба і ўся была, як парыў свежага ветру.
Сафія па-рамейску азначае мудрасць. Мудрасць хацелі мець на сваёй зямлі тыя людзі, што пачыналі будаваць храм. Колькі працы дала яна і палачанам, і камнясечцам-рамеям, і яму, Усяславу! Гліну, камень, дрэва, галаснікі, панікадзілы, званы, срэбра, воск патрабавала цяжкая шматгадовая будоўля, і ўсё княства напружвала сілы, аблівалася потам і будавала, будавала... Мудрасці, святога слова хацелі ўсе, а ён, князь Усяслаў, хацеў, каб у Полацку царква была не горшая, чым у Кіеве ці Ноўгарадзе. I нездарма, калі захапіў Ноўгарад, спаліўшы яго да Нераўскага канца, адразу загадаў зняць усе царкоўныя званы і везці іх у Полацк. «Няхай мая Сафія званчэйшаю будзе», — сказаў тады воям.
I вось яна прыснілася тут, у порубе, і неяк дзіўна прыснілася, трывожна. Бачылася яму, што плыве ён па Дзвіне, плыве адзін, у простым лёгкім чоўніку, падобным на арэхавую шкарлупіну. Полацк быццам вымер, не відно нідзе людзей, толькі свішча рачны вецер. Ён заўсёды любіў свіст ветру. I раптам раскочваецца над ракою, над берагамі грамавы голас:
— Да мяне плыві!
Зверху ідзе голас. Ён уздымае галаву і бачыць, што гэта Сафія гаворыць, звяртаючыся да яго, і быццам яна ўжо не царква, а вельмі прыгожая, велізарнага росту жанчына з агнянымі рыжымі валасамі. Ён прыстае да берага, уздымаецца, правальваючыся нагамі ў мяккі пясок, па строме і нарэшце спыняецца каля Сафіі і галавою дастае ёй толькі да калена.
— Ты мяне будаваў? — пытаецца Сафія.
— Я і Полацк, — адказвае Усяслаў.
— Навошта вы мяне будавалі?
— Так вучыць Хрыстос. Па ўсёй зямлі будуюць святыя храмы. Полацкая зямля не горшая...
YOU ARE READING
Л. Дайнека "След ваўкалака"
Historical FictionРаман "След ваўкалака" расказвае пра малавядомыя старонкі жыцця князя Усяслава Полацкага. © Беларуская Палічка © Дайнека Л. М., 2001