Ужо некалькі начэй запар вялікі князь кіеўскі Ізяслаў Яраславіч у суправаджэнні свайго рынды-целаахоўніка Цімафея і баярына Чудзіна патаемна знікаў з апачывальні. Усе трое апраналі грубыя чорныя плашчы з капюшонамі і бясшумна, нібы кажаны, раставалі ў начным змроку. Велізарны палац спаў. Воі, што ахоўвалі пераходы і галерэі, віталіся з вялікім князем, ціха стукаючы дрэўкамі коп'яў аб каменную падлогу. Ізяслаў строга пазіраў на іх, ківаў галавою.
У Кіеве стаялі цёмныя сухія дымныя ночы. Нават такая магутная рака, як Дняпро, не давала свежасці, прахалоды. Палавецкая арда хана Шарукана запаліла на поўдзень ад горада стэпы. Птушкі, звяры і гадзюкі ратаваліся хто як мог. Але агонь і дым даганялі іх, знаходзілі ў ярах, у азёрах і норах, і ўсюды востра пахла паленай поўсцю, гарэлым птушыным пяром. За вялікім дымам, як заўсёды, павінна была прыйсці на Русь вялікая бяда — крывавы набег полаўцаў. У тысячах кібітак ужо лютаваў голад, і смуглатварыя вастравокія коннікі набівалі стрэламі калчаны, вастрылі каля кастроў крывыя шаблі. Хутка загудзе стэп ад конскіх капытоў.
Ізяслаў ведаў пра ўсё гэта, і таму, амаль ужо месяц, пёк яму цемя галаўны боль. Нішто не ратавала ад болю — ні шаптуны кіеўскія, ні зялейнікі царгародскія, ні попел чорных гадзюк, які сыпаў вялікі князь у свой мядовы залаты кубак. «Хоць ты вазьмі ды адсячы гэту галаву», — думаў Ізяслаў, сціскаючы зубы.
Але што ж гнала вялікага князя кожную ноч з палаца? Не галаўны боль і не палавецкі дым. Пачуў ён неяк ад вояў-дазорцаў, якія пільнавалі поруб з Усяславам, што полацкі князь у самы глухі змрок вылётвае з поруба.
— Як вылётвае? Што ён, птушка? — здзівіўся і адначасна спалохаўся Ізяслаў.
— Чуецца свіст, быццам вецер у чаратах грае, — растлумачыў дазорца, — а потым адчыняецца акенца поруба і адтуль, знізу, вылётвае нешта светлае, нешта сіняе, як воблака. Трошкі пакружыцца над порубам, нібы вынюхвае ці выглядвае што, і ляціць у бок Дняпра, на Падол.
— Ты сам бачыў?
— Бачыў. Як цябе, вялікі князь, бачу.
— Дык ты ж кажаш, што там з'яўляецца воблака. Не Усяслаў жа, а воблака.
ESTÁS LEYENDO
Л. Дайнека "След ваўкалака"
Ficción históricaРаман "След ваўкалака" расказвае пра малавядомыя старонкі жыцця князя Усяслава Полацкага. © Беларуская Палічка © Дайнека Л. М., 2001