Белавалод з Ульяніцаю, як і абяцаў Ядрэйка, атабарыліся ў ягонай істопцы. Не надта каб раскошнае было жытло, не княскае і не баярскае, але яны былі разам, заўсёды разам, мелі дах над галавою, ложак. А што яшчэ трэба закаханым?
Жонка і дзеці сустрэлі Ядрэйку як прыхадня з таго свету. Жонка спачатку абамлела, меншы сынок схаваўся ў дзежку. Дзве сядміцы не было чалавека дома, звёз чалавека ў пушчу Іван Вогненная Рука, і вось зноў стаіць ён на парозе, пачэсвае круглы жываток і ўсміхаецца.
— А вось і я! — весела закрычаў Ядрэйка, азіраючы сваю хатку. — Жонка ці звонка, дзеткі ці гудуць? Ды чаго ты, жонка, снапом валішся? — Ён з бярозавага карца папырскаў вадзічкаю ёй на твар. — Мерцвякоў назад не носяць, але ж я, дзякуй Богу, яшчэ не мярцвяк. Я яшчэ такі жывы, жонка, і ўначы ты гэта зразумееш. Паглядзі, якіх я двух анёлаў прывёў. У пушчы знайшоў, а мо яны мяне знайшлі. А дзе ж мае дзеткі? Дзе мае грыбкі-баравікі, лісічкі-сястрычкі?
Неўзабаве хатка напоўнілася радасцю, шумам, смехам, слязьмі — усім тым, што злучае пасля доўгай ростані людзей, калі гэтыя людзі любяць адно аднаго. Белавалод з Ульяніцаю пазіралі на гэты вясёлы вэрхал, на белагаловых дзяцей, што дружна палезлі на Ядрэйку, як мурашкі на сагрэты сонцам пянёк, пазіралі на самога гаспадара, які нібы звар'яцеў ад доўгачаканай сустрэчы — то мяўкаў катом, то кукарэкаў пэўнем, шчасліва ціскаючы і абдымаючы дзяцей.
— Ого-го! — крычаў Ядрэйка. — Які ж яшчэ жывы! Нясі, жонка, мёд, нясі рыбу, усё, што ёсць!
Белавалод, уладкаваўшыся ў Ядрэйкавай істопцы, адразу пайшоў аглядаць горад, куды яго з Ульяніцаю прывёў лёс. Менск мясціўся ў сутоку Свіслачы і Нямігі, усцяж якіх рос густы лес. Горад ставілі на раўніне, толькі з паўночнага боку быў невялікі ўзгорак на правым беразе Свіслачы, і таму мяняне збудавалі магутны абарончы вал. Чатыры сонцавароты секлі лес, потым сасновыя бярвенні паклалі ў восем слаёў, засыпалі зямлёй, перамешанай з рачным глеем. Вал каля самага свайго падножжа быў шырынёю ў пятнаццаць сажняў. 3 унутранага боку вала ішла яшчэ адна паласа ўмацаванняў — складзеныя з драўляных зрубаў клеці, набітыя вязкай зямлёю. Пад сонцам і ветрам зямля гэтая ператварылася ў сапраўдны камень. Другая паласа ўмацаванняў была значна вышэйшая за першую, каля дзевяці сажняў. Як падумалася Белавалоду, не толькі ад нападу ворагаў клалі вакол горада столькі бярвенняў і зямлі. Ворагам тут, на балоцістай раўніне, была яшчэ й вада. Ад паводак ратаваліся мяняне, узводзячы магутны вал.
ESTÁS LEYENDO
Л. Дайнека "След ваўкалака"
Ficción históricaРаман "След ваўкалака" расказвае пра малавядомыя старонкі жыцця князя Усяслава Полацкага. © Беларуская Палічка © Дайнека Л. М., 2001