Раздзел трэці

4 0 0
                                    

1

Васілю гэтыя дні далі таксама багата трывогі. Было яе многа да сходу, жыла яна, білася ў ім на сходзе, з ёю ж падаўся ён і дадому, несучы ў сабе цэлую буру сумненняў, неспакою, недавер'я.

Трывога, спачатку няпэўная, няясная, перамешаная з радасцю, з добрымі марамі, з'явілася ў ім, калі ён пабачыў, што камісія пайшла па хатах. Цешачыся тым, што жаданы перадзел усё ж збудзецца, гадаючы, колькі пяройдзе яму зямлі, ён разам з тым непакоіўся, каб як-небудзь не абышлі яго, не схітравалі і не абдзялілі. І на людзей, абраных у камісію, ён глядзеў з надзеяй і асцярогай, як бы гадаў, што яны прысудзяць яму. Сярод гэтых людзей найбольш турботных думак даваў яму Ганнін бацька, які, здавалася Васілю, цяпер не можа быць, каб не стаў заступацца за Карчоў, сваякоў сваіх, падрываць Васілёвы шанцы на ўдачу...

Камісія не абмінула Васілёвай хаты, перамерала і яго поле. Васіль сам гаварыў, калі яны запісвалі, колькі ў яго зямлі і якая сям'я, хадзіў побач, калі перамервалі паласу. У тыя дні, як ніколі, была ў яго ахвота пасябраваць з Міканорам, і не праходзіла дня, каб Васіль раз, а то і два не зазірнуў да свайго суседа. Але Міканор дома сядзеў цяпер рэдка, не раз даводзілася гаманіць адно са старым Дамецікам, ад якога не было ніякай карысці. Праўда, і ад сустрэч з Міканорам добрага было не многа больш: Міканор неяк заважнеў, нешта таіў у сабе, не выказваў вельмі зычлівасці. Толькі і дазнаўся Васіль, што ў каго-нікаго знайшлі лішкі, што яму павінны прырэзаць з паўдзесяціны, але якія будуць гэтыя паўдзесяціны - зямля ці пустэча, - так і не ўведаў. У Міканора на ўсе выпыты быў адзін адказ: сход збярэцца, камісія памяркуе, і Васілю было відаць, што на якую-небудзь асаблівую прыхільнасць спадзявацца не трэба. Гадаючы, якім бокам павернецца да яго доля, прызвычаены чакаць горшага, ён у думках не раз, не два нядобрым словам памінаў Міканора.

Са злой радасцю цешыўся Васіль гаворкам, што асабліва багата павінны абрэзаць зямлі ў Глушакоў. Некаторыя гаварылі, што павінны пакараціць глушакоўскія палі не менш як напалавіну, другія - што нават больш. Былі і такія гаворкі, што калі ўжо абразаць, то лепш было б, каб абрэзалі не абы-якую зямлю, а тую, каля цагельні. Праўда, потым за гэтымі гаворкамі папаўзлі чуткі, што зноў аб'явіўся Маслак, гразіўся карміць зямлёй усіх тых, хто яе вельмі прагне, і гаворкі пра перадзел прыціхлі.

Канешне, і малому кожнаму было вядома, што калі людзі цяпер і менш гаварылі пра перадзел, то думалі, мусіць, яшчэ больш. Думаў і Васіль. Чуткі пра Маслака, якія нагадвалі яму не такую далёкую страшную ноч, гразіліся хлопцу, напэўна, вастрэй, як каму другому. Яму і цяпер, здавалася, чуўся на спіне дотык бандыцкага абрэза, і цяпер, пры адным напамінку, халадзела сэрца ад страху. І ўсё ж надзея на зямлю, што стала была такой блізкаю, не хацела гінуць, тачыла і тачыла яго. Страх і надзея мяшаліся ў душы, змагаліся адно з адным, то прымушалі маўчаць, таіцца, то поўнілі хлопца адчайнай смеласцю, адвагай, гатовай на ўсё.

Людзі на балоцеDonde viven las historias. Descúbrelo ahora