Раздзел чацверты

44 0 0
                                    

1

Адразу пасля таго як Васіль прайшоў, Ганна падалася ў двор. Ёй, чужой дзяўчыне, нядобра было не тое што ісці за хлопцам, але і глядзець доўга ўслед яму, у Куранях лічылася гэта за вялікі грэх для дзяўчыны. Амаль палавіна вёскі была на вуліцы, сачыла за Васілём і, значыцца, за Ганнаю, і Ганне трэба было асабліва трымацца няпісанага, але неадменнага закону.

Яна ўжо і так парушыла гэты закон, сама падышоўшы да Васіля, парушыла на столькіх людскіх вачах, цяпер трэба было як бы павініцца перад людзьмі, паказаць, што яна не абы-хто, што яна шануе сваю славу, людзей і людскія звычаі. І яна ішла дахаты, з выгляду спакойная, паважная, ішла так, як і належала ёй ісці. Ні разу не азірнулася, нават не паглядзела, куды яго павялі. І трэба сказаць, Ганне цяпер і не хацелася ні ісці за Васілём, ні глядзець услед. Ён так абышоўся з ёю, так адказаў на яе шчырасць - зняважыў перад усёй вёскай. Ідучы дваром, яна першы час несла ў сабе толькі крыўду.

Мачыха была ў хаце, замешвала парасятам, і Ганна падумала: добра, што яна хоць на вуліцы не стаяла, не бачыла. Мачыха сцерла з паружавелых рук наліплыя бульбяныя камы, выпрасталася, кінула Ганне як загад:

- Занясі от...

Але калі Ганна ўзяла цэбар, не ўтрывала, неспадзеўкі папракнула:

- І не сорам!.. Віснуць на хлопцы, пры людзях!

«Бачыла ўсё-ткі. У акно ўгледзела!.. Кеб яна ды прапусціла што!..»

- Хто - вісне? Скажаце!..

- Бачыла!.. І ён, ён - добры! Адвярнуўся, гаварыць не стаў!.. Пан які ганарысты!..

Ганна хутчэй зачыніла дзверы за сабой - і без таго маркотна, хоць ты плач.

Накарміўшы парасят, стала ў роздуме каля хлява, не ведала, куды ісці. Вяртацца ў хату не хацелася, ведала, што там зноў чакаюць мачышыны папрокі. Зірнула ў бок гумна: бацька быў ці ў гумне, ці недзе поблізу, бо вароты былі адчынены.

Убачыла бацьку на таку - горбіўся наўколенцах у зрэбнай запатнелай сарочцы, з асцюкамі ў радкаватых, пабітых ніткамі сівізны валасах, шырока, мерна размахваючы лапаткай, веяў жыта. Мякіна і пустое калоссе зляталі на дол амаль каля яго кален, зерне ж ляцела вясёлым і пругкім залацістым струменем, з шорхатам асыпалася на даўгаватую, раскідзістую горку. Бацька быў стомлены, зірнуў на Ганну моўчкі, абыякава, ні на момант не прыпыніўся - чэрпаў і чэрпаў лапаткай, мерна кідаў ёю на горку пасярэдзіне тока.

Людзі на балоцеTempat cerita menjadi hidup. Temukan sekarang