1
Хадоська была ў роспачы. Што рабіць? Думала, думала - і не магла прыдумаць нічога, не прыходзіла да чаго-небудзь добрага.
Дзіця... Радавацца, здаецца, трэба б. Мілае, дарагое стварэнне нарадзіцца павінна. Яе дзіця, не чыё-небудзь. Яна так любіць дзяцей, нават чужых, як жа любіла б яна сваё! І як хацела б яго - пабачыць, палашчыць, пагушкаць! З якім зачараваннем часам думала пра яго, якое, яна ведала - хоць і не заўсёды верылася неяк, - ужо дзіўна завязалася ў ёй. Завязалася невядомае нікому, толькі ёй ды Яўхіму...
Павінна была б радавацца! Але тое, што было ў ёй, не толькі не радавала, але і спакою не давала, жыццё ўсё захмарыла, заблытала ўсё. Тое, што жыло ў ёй, не было такое, як усе іншыя, з Божай ласкі, тое было ад грэху, могуць сказаць нават - страшна падумаць пра гэта - ад блуду! Як ні балюча, а выходзіць - грэх быў, як ні мяркуй, а цяпер, калі Яўхім адмовіўся, дык і думаць не думай другога - дзіця грэшнае!..
Адмовіўся. Нагуляла з нейкім, кажа. Як бы яна, і праўда, блудніца якая! Як бы не прасіла, не маліла яго, як бы не прыпамінала яму Бога, як бы не з ім адным, Яўхімам, Бога не паслухалася - а ён угаварыў, дабіўся, пацешыўся ды яшчэ кажа такое! А цяпер от - змовіны згуляў, зусім забыў, што абяцаў ёй, адрокся зусім. Раней хоць надзея нейкая была, што сумленне возьме яго, адумаецца, дзіця сваё пашкадуе, а цяпер - дык нічога, ніякай надзеі! Кінуў, і грэх ужо толькі яе грэх, яе бяда...
Цяпер усякі скажа: грэх, блуд - і не абаронішся, не апраўдаешся. Усякі можа, як Яўхім, сказаць: «Нагуляла з нейкім», любы можа блудніцай назваць, хоць і не блудніца ніякая, паверыла проста, спадзявалася, думала - праўда, возьме!
Крыўдна. Ой як крыўдна. Ад крыўды слёзы ўсе выплакала. А боль пякучы ў грудзях не ўціхае, не ападае. Чула часам - нельга болей такой пакуты трываць; цярплівасць, роспач змяняліся злосцю, прагай помсты: а што, калі пайсці да Ганны ды выказаць усё? Няхай ведае, што было ў яго, з чым пасватаўся, які ён!
Былі хвіліны, калі думкі прабіваліся далей: да старога Карча пайсці, расказаць. Ён слухаецца Бога, па-божаму жыць стараецца, няхай і рассудзіць па-божаму! Тады, калі думала пра гэта, пануры Корч, якога баялася раней, здаваўся ўжо добрым, чулым другам, родным бацькам, збавіцелем. Гэты збавіцель нібы паклікаў да сябе, хуценька сабралася, амаль уподбег, задыхаючыся, з радаснай палёгкай падалася па вуліцы да Карчовай хаты. Сэрца так калацілася, што гатова было вось-вось выскачыць, надзея, што раптам успыхнула, білася ў ім, гнала, гнала хутчэй да старога. Але як толькі дапала да хаты Карчоў, прыпынілася разгублена - надзея кудысьці знікла, падступіў страх! Корч зноў зрабіўся суровы, непадступны - слухаць не стане, раззлуецца, выганіць. Не асмелілася зайсці, заміраючы, прайшла міма...
VOCÊ ESTÁ LENDO
Людзі на балоце
Ficção GeralУ 1920-я гады ў глухія месцы палескіх балот прыйшла Савецкая ўлада. Аднак заможныя гаспадары вёсачкі Курані не збіраліся аддаваць свае зямлі сялянам. Банды запалохвалі людзей. Але сяляне зрабілі першы крок: ўсёй вёскай яны выйшлі пракладаць грэбля п...