Першым яго адчуваннем са свету рэальнага была цеплыня.
Нават не цеплыня, а спёка, духата, парнасць. У дрымотнай свядомасці мроілася, быццам ён ляжыць на насілках у санбаце ля бочкі-печы, якую так неміласэрна расшураваў Ахметшын. Пякло, праўда, не толькі ногі, а болей галаву і плечы. Хлопец адчуваў на сабе ліпкую макрэдзь поту, вельмі хацелася павярнуцца, чымся засланіцца ад гэтай знясільваючай спёкі, і ўсё ж санлявая знямога агортвала так моцна, што не было магчымасці нават расплюшчыць вочы.
Так ён пакутаваў у дрымоце доўга, і сон тым часам пачаў адступаць, а розум патроху абуджацца і завалодваць стомленым целам. Іван паварушыўся, пацягнуўся, адкінуў руку і нечакана адчуў далонню росную прахалоду травы. Гэта здзівіла яго. Хлопец з намаганнем расплюшчыў вочы, і першае, што ўбачыў, была ярка-чырвоная кветка ля твару. Нахіленая ў бок святла, яна ўлюбёна падстаўляла сонцу свае чатыры шырокія глянцавітыя пялёсткі, на краі аднаго з якіх ірдзела-іскрылася, гатовая вось-вось упасці, чысцюткая, як сляза, кропля. Лёгкі, мусіць, ранішні ветрык ціхенька варушыў доўгую тоненькую сцябліну гэтае кветкі. Недзе далей у стракатай гушчэчы травы доўга гудзеў і раптам прапаў чмель; нізкі басавіты гук яго адразу абарваўся, і тады Іван зразумеў, што стаяла поўная, на ўвесь свет, цішыня. Ад цішыні ён адвык, яна палохала. Не разумеючы, дзе ён, хлопец ірвануўся, сеў, шырока расплюшчваючы са сну балючыя вочы, азірнуўся і прыемна здзівіўся ад нябачанай, амаль казачнай прыгажосці вакол.
Увесь вялізны прасторны сонечны схіл ззяў шырокім, як возера, ярка-пунсовым разлівам альпійскага маку.
Буйныя, лапушыстыя, пэўна, не таптаныя нагой чалавека, узгадаваныя вялікаю шчодрасцю прыроды мільёны кветак пераліваліся ўрачыстаю чырванню, ціха варушыліся на слабым ветрыку і імкнулі далёка ўніз, на ўвесь прасцяг гэтага затуленага гарамі лугу - аж пад самы цёмна-зялёны хваёвы масіў. Іван, аднак, зірнуў далей, наперад, куды трэба было ісці, і ўраз спахмурнеў. Далёка за далінай снегавымі разводамі сінеў усё той жа высачэзны Мядзведжы хрыбет. Мусіць, ён быў куды вышэй за пяройдзены, што дзвюма спарышамі-вышынямі тырчаў ззаду, бо, не зважаючы на высокае ўжо сонца, цень ад яго празрыстаю сінявай смугою накрываў палову нешырокай даліны. Не заслонены цяпер нічым, ён, бадай, як і ўчора, заставаўся далёкім, аграмадназіхоткім і недаступным.
I тут Іван трывожна схамянуўся - толькі цяпер да ягонай свядомасці дайшоў трывожны сэнс цішыні, у голаў ударыў спалох: дзе Джулія? Ён зноў крутнуўся ў доле, зірнуў сюды-туды - наўкола нікога не было. Побач, у вытаптаным сярод маку лаўжы, адзінока ляжала разасланая скуранка. Іван ляпнуў сябе па запазусе - там было пуста, полы курткі няроўна выбіліся са штаноў. Але першая трывога яго тут жа апала - пісталет і абкрышаная трэць буханачкі, пэўна, захінутыя ад сонца рукавом скуранкі, ляжалі ў траве. Тады ён ускочыў на ногі, ліхаманкавым позіркам пачаў аглядаць схіл унізе, тужлівая самота шыбанула ў яго адчуванне - дзе яна? У душы зацьмела вельмі нядобрая здагадка, але ён не мог паверыць у тое. Чаму не мог, ён пэўна не ведаў, ён толькі не хацеў таго - ён хацеў бачыць, чуць, адчуваць яе побач. Адзінота нечакана засмуціла яго горш за якую няўдачу.
Ён схапіў пісталет, хлеб, згроб пад паху скуранку і сігануў у траву. Росныя высокія кветкі казытнулі яго распухлыя, падзёртыя і пазбіваныя ступні; ён зірнуў у дол, успомніўшы пра калодкі, але іх не было. Тады зноў трывога ахапіла яго - няўжо?.. Босы, ён хутка пакрочыў па лузе ўніз, ляскаючы нагамі ў суцэльных суквеццях маку, адышоўся па схіле далёка, затым раптам спыніўся, азірнуўся - ззаду ў густых зараслях кветак адзначыўся яго след. Наўкола ляжала не кранутае жывою істотай чырвонае мора.
Гэта надало пэўную думку. Іван перахапіў пад пахай адзежыну і хуткім крокам вярнуўся да лаўжа.
Сапраўды, у роснай траве прыкметны быў шнурок другога следу - ён бег некуды ўбок, туды, дзе - відаць было адгэтуль - зачынаўся распадак, і Іван таропка рушыў па гэтай слабай адзнацы яе ног. Ступні і штаніны яго хутка замакрэлі ад расы, наўкола скрозь быў чароўны ў сваім сонечным харастве мак. Ад моцнага духмянага паху п'янела галава, як заўжды, вельмі хацелася есці, ад стомы і слабасці крыху мутнела ўваччу. Але гэта былі прывычныя адчуванні. Дужае ад прыроды, загартаванае ў нягодах Іванава цела як-колечы супрацьстаяла ім, ён адчуваў, што сілы ў яго яшчэ былі.
З трывогай у душы, хлопец абабег калючы рададэндравы зараснік, абсыпаны вялікімі, па кулаку, чырвонымі кветкамі, і з невялікага распадка-раўка наперадзе да яго данёсся шум вадаспада. Хутка ён узбег на травяністую выспу, шум гэты стаў зусім блізкі; з чорнага, блішчастага ад макраты каменнага жолаба, разбіваючыся аб скалу, ліўся зіхоткі струмень вады. Навокал у туманным мроіве мітусіліся драбнюткія пырскі, і, пэўна, ад іх убаку на змрочным каменным фоне вісеў у паветры каляровы кавалачак самай сапраўднай вясёлкі. Безуважны, аднак, да гэтай нечаканай шчодрасці гор, Іван падняўся на пагорак вышэй і тады раптам унутрана ахнуў, спыніўся, прыгнуўся долу і замёр. За паўсотню крокаў адгэтуль пад дажджыстым вадзяным россыпам, захінуўшыся аднымі толькі рукамі, спіной да яго стаяла на камяні і мылася Джулія.
Ён адразу пазнаў яе, хоць на дзяўчыне не было ніводнае адзежыны. Распранутая, яна адразу страціла праклятыя адзнакі гефтлінга і адзін на адзін з прыродаю зрабілася зусім інакшаю ў сваёй палахлівай дзявочай сціпласці, поўнай таямніцы і хараства. Дзяўчына, вядома, не бачыла яго і, насцярожана сцяўшыся, цярпліва падстаўляла сваё худзенькае, лёгенькае цела пад густую пырсканіну струменяў, здавалася, гатовая пры першым жа гуку трапянуцца і знікнуць. Па яе зіхоткіх ад пырскаў востранькіх плечуках блукаў каляровы водбліск вясёлкі.
![](https://img.wattpad.com/cover/53322331-288-kdc0a27.jpg)