Але дачакацца іх у хлопца не хапіла цярпення.
Джулія, адвярнуўшыся ад яго, крыўдліва сядзела воддаль ды раздумна калупалася ў доле, ён, разважыўшы, узяў скуранку і паціху пайшоў да яе. Яна пачула ягоныя крокі, скаланулася, кінула на яго гняўлівы позірк, затым хуценька падхапілася і пабегла далей. Ён нетаропка ўзышоў на выспу і спыніўся. Трэба было чакаць, а можа, і ісці - ён проста не ведаў, што рабіць. Яна адбеглася на лузе і, не азіраючыся, схавалася за вялізным каменем, што грувастка тырчаў з травы.
Тады ён кінуў у дол скуранку і ніцма лёг на яе, адчуўшы ў сабе рашучасць чакаць, пабачыць, што будзе далей.
Стала горача. Ад нагрэтай сонцам цвёрдай вапняковай выспы, парослай жорсткай, як свінуха, травой, патыхала сухім пыльным жарам - зусім як ад напаленай печы. Потнай гарачынёй заходзіліся голыя Іванавы плечы, спіна; наўкола ў лугавой траве мільгала і пырхала рознакаляровая лятучая драбнота. Іван пазіраў на камень, за якім схавалася Джулія, тая, аднак, не паказвалася. Ад стомы, гарачыні ды няпэўнасці чакання хлопцу пачала дакучаць дрымота. Мусіць, ад ягад або ад спёкі адчуванне голаду зменшылася, затое захацелася піць. «От жа яшчэ не было клопату...» - думаў Іван. Трэба б ісці, як найхутчэй дабірацца да вельмі і вельмі, як ён адчуваў, нялёгкага снежнага хрыбта, знайсці там які пераход, прыдбаць харчу, а тут вось ляжы і чакай. Сапраўды, куды як недарэчна павярнулася ўсё ў гэтым яго даволі ўдалым спачатку ўцёку. Каб не даць дрымоце адолець сябе, ён пачаў дзёўбаць каменным чарапком дол. Аднекуль з травы перад яго тварам з'явіўся вялікі, чорны, з аграмаднымі клюшнямі жук. Пэўна здзіўлены нечаканай сустрэчай, спыніўся, выставіў свае рачыныя вочы і чакаў, грозна варушачы доўгімі гнуткімі вусамі. Іван толькі дакрануўся да яго пальцам, як жук адразу выпрастаў усе свае шэсць ног і апруцянеў. Іван занёс руку, каб пстрыкнуць прэч не дужа прыемнае гэтае стварэнне, як раптам учуў ззаду крокі. Ён крутнуўся ў доле так пругка, што чалавек, пэўна, ад нечаканасці, голасна ікнуў і адначасова з незвычайным спрытам скочыў убок. Падышоў ён ужо зусім блізка і цяпер насцярожана стаяў у траве, уставіўшыся ў Івана нялюдскімі вачыма. Гэта быў усё той жа немец-вар'ят.
- Прывет! - іранічна ўсміхнуўшыся, сказаў Іван. - Жывём, значыць?
Іван нават здзівіўся, ніяк не чакаючы ўбачыць яго тут, такога ж здзічэлага, загнанага, счарнелага ад поту і бруду, з амаль нялюдскім выразам на ссохлым твары, у незашпіленай куртцы і парваных у шматкі штанах. Да таго ж немец кульгаў, ледзьве ступаючы на адну нагу. Але глядзі ты - прывалокся, пры такім яго стане проста зайздроснай была яго ўпартасць, - як здань, ён неадступна цягнуўся за імі, невядома на што разлічваючы.
- Брот! - ціха, але з прыкметнай пакорлівай роспаччу ў голасе сказаў немец.
- Зноў брот? - злосна здзівіўся Іван. - Ты што - на ўтрыманні ў нас?
Вар'ят зрабіў некалькі нерашучых крокаў да Івана:
- Брот!
- Ты ж збіраўся ў гестапа. Да свайго Гітлера.
- Нікс Птлера. Гітлер капут.
- Капут? Даўно б так.
Наўрад ці разумеючы яго, вар'ят, растапырыўшы кастлявыя рукі, цярпліва і насцярожана чакаў.
Іван запусціў руку ў скуранку і, не вымаючы адтуль буханкі, адламаў маленькі кавалак скарынкі. Убачыўшы яе ў Іванавых руках, немец ажывіўся, вочы яго заблішчалі, дрыготкія кісці рук у кароткіх абадраных рукавах пацягнуліся наперад.
- Брот! Брот!
- Трымай. I правальвай адсюль.
Іван шпурнуў хлеб немцу, але той не злавіў яго, кінуўся на зямлю, аберуч згроб скарынку разам з травой і пяском і ўскочыў. Затым, боязна азіраючыся, бокам падаўся ўніз па схіле, відаць, чакаючы і баючыся пагоні.
«Можа, адчэпіцца цяпер», - падумаў Іван. Тое, што гэты гефтлінг апярэдзіў іх, было бяспечней, чым калі б ён увесь час ішоў ззаду. Іван задуменным позіркам праводзіў яго, пакуль той не схаваўся ў лагчыне, і зноў лёг на скуранку.
Учарашняя яго злосць да гэтага чалавека знікла, хоць ён не адчуваў да яго і спагады, - вельмі яшчэ свежыя былі ў ягонай душы боль страт і памяць аб людзях, якіх загубілі суайчыннікі гэтага немца. Праўда, той мог быць і антыфашыстам па перакананні, толькі, вядома, чаго варта перакананне, якое так дарэшты спляжылася. Але болей падобна на тое, што гэта які-небудзь выбраковак з іх звярынага ладу, якому проста не пашэнціла ў іх нялюдскай службе. У канцлагеры былі і такія. Вось хоць бы і за ягоныя ўцёкі і за выбух бомбы іх камандафюрэра (калі толькі той ачуняе), пэўна, па галаве не пагладзяць - могуць таксама кінуць за дрот на месца тых, каго не асіліў упільнаваць сам. Хоць яго, напэўна, паставяць капо і таксама надзеляць уладай знішчаць. (Вось табе і гефтлінг!) I як быў ён сабакам у адносінах да людзей, так ім і застанецца, хіба што ягоная нянавісць да зняволеных з прычыны асабістай няўдачы яшчэ пабольшае. Яшчэ ён наробіць людзям бяды.
Фашысты многага дасягнулі ў сваім энтмэншунгу - самай подлай з усіх чорных спраў на зямлі. I калі іх жывёльную жорсткасць да ворагаў яшчэ можна было зразумець, дык іх бязлітаснасць да сваіх, якія не дагадзілі ў чым-небудзь начальству, проста здзіўляла. Страх пакарання стаў іхнім галоўным вызначальнікам ва ўсім: усе жылі пад пагрозай спагнання, пакарання, разжалавання, адпраўкі на фронт, рэпрэсій да родзічаў. I таму, мабыць, так лютавалі, помсцілі за гэты свой страх слабейшым - каму гэта было дазволена - палонным, зняволеным у канцлагерах, яўрэям. Дзіўна было, як пры ўсім тым на фронце немцы ўсё ж ваявалі ўпарта. Можа, таму, што страх пакарання там набываў двайны сэнс і выбар быў невялікі: або ваенна-палявы суд, або савецкая куля - таму і даводзілася трымацца. Хаця прырода гераічнага вельмі складаная, Іван не любіў разважаць аб ёй, тым больш што не лічыў сябе ні героем, ні нават смелым. Каб быў герой, не даў бы сябе ўзяць у палон, што-небудзь зрабіў бы ў той самы рашучы момант, які вызначыў, пэўна, навек і будучае яго і мінулае. Пэўна, трэба было прыкончыць сябе, і ўсё... На момант у ягонай памяці мільгануў той дзень і той нажавы, падкопчаны стрэламі штык, які ён убачыў над сабой, крутнуўшыся з-пад танка. Штык і бот з брызентавым вушкам у шырокай халяве ды доўгім тронкам гранаты.
Зашчацінены, страшны ад пылу немец нешта крычаў, але ён не чуў, бо побач грымеў танк, ды і наогул ён, мусіць, аглух ад грымотаў бою і на кароценькую секунду страціў адчуванне. I тая секунда затым дорага каштавала яму, сляды ад яе ў душы і на целе застануцца, пэўна, навек.
Ён не быў у палку ні героем, ні нават прыкметна смелым - быў як і ўсе: па-пехацінску цягавіты і ў меру засяроджаны. За ранейшыя баі атрымаў тры падзякі Вярхоўнага ды два медалі «За адвагу» і думаў, што на большае і не здатны. I толькі вось тут, у палоне, дзе некаму было ні натхняць на салдацкія подзвігі, ні ўзнагароджваць, ні нават браць пад увагу геройскае, дзе за кожную маленькую правіннасць можна было заплаціць жыццём, - тут у ім хтось абудзіўся, непакорны, дзёрзкі і ўпарты. Тут ён убачыў падыспад фашызму і, мабыць, упершыню зразумеў, што пагібель - не самае горшае з усяго, што можа здарыцца на вайне.
- Отдаль хляб? - раптам раздаўся над ім голас Джуліі.
Ён унутрана здрыгануўся ад неспадзеўкі, але тое, што яна падышла, пранізала яго радасцю, і хлопец хуценька павярнуўся на доле.
- Отдаль хляб? - з зацятай устрывожанасцю на твары пыталася Джулія. - Мі нон Тріесто? Аллес фініта? Да?
- Ну, што ты! - сказаў ён і ўсміхнуўся. - Толькі скарынку аддаў.
Яна нахмурыла лоб і пільна глядзела на яго. Тады ён дастаў з кішэні апошні кавалак.
- Во, толькі скарынку, разумееш?
Пераадольваючы штосьці ў сабе, Джулія прамаўчала. Лоб яе, аднак, паступова разгладжваўся.
- Мі ідет Тріесто? Правда? Но?
- Пойдзем, канечне. Адкуль ты ўзяла, што не пойдзем?
На яе твары ўсё яшчэ адбівалася нешта труднае. Дзяўчына, цярэбячы на грудзях куртку, відаць, нешта вырашала і раптам кінулася да яго на дол. Паставіўшы калені, яна абляглася на іх рукамі і схавала ў рукавы твар.
- Руссо! Ты карошы руссо, - загаманіла яна і адной сваёй рукой паціснула яго руку. - Нон Влясов. Буно руссо. Джулія плохо.
- Ну, нашто так? - з раптоўнай няёмкасцю ад тых слоў запярэчыў Іван. - Нашто? Не трэба...
- Очен, очен, - не слухаючы яго, казала яна. Відаць, штосьці ў яе, раптам выбухнуўшы, памалу адбалела за пакутную гадзіну іх ростані, нешта яна зразумела і цяпер папрасіла: - Іван нон бёзе Джулія... Нон бёзе?
- Нічога, усё добра.
Седзячы ў доле, ён ашчадна ўзяў у свае рукі яе маленькую мяккую далоньку. Дзяўчына не адабрала яе.
- Нон бёзе Іван, - сказала яна і зірнула ў ягоныя вочы. - Нон бёзе Джулія. Іван знат правда. Джулія нон знат правда.
- Ладна, ладна... Ты гэта во што...
- Джулія очен, очен уважат Іван, любіт Іван, - сказала яна.
Ягоныя рукі з яе далонькай у іх ледзьве прыкметна ўздрыгнулі.
- Ты... піць не хочаш? Вады, га?
- Вода? Аква?
- Ага, вады, - узрадаваўся ён. - Вунь там, здаецца, ручай. Айда?
Ён хуценька ўскочыў, яна таксама ўзнялася, абхапіла яго руку вышэй локця і шчакой прыціснулася да яе. Ён другою пакратаў яе валасы, пагладзіў, яна неяк унутрана насцярожылася, і ён таропка апусціў руку. Так абое яны, зноў згодныя і прыхільныя, памалу пайшлі краем лугу.