Жыццё-быццё з таго часу ў Мiкошавай хатцы паволi пайшло на лад. Гора, мо, i не адчапілася, падгрызала сям-там, але iкламi вострымі ўжо не ўпiвалася. Не хварэў больш Якубка. Рос, бы гарбуз на добрай зямлi – бацькам на пацеху. А суседзі ўсё цiкавалі, на чуб яго пазіраючы. Бо здаўна ж ведама: хто з маленства мецiну мае, таму на раду напiсана быць не такiм, як усе людзi.
– Ну, і што там за хлапчук у Мiкоша? – балакалi памiж сабой сяляне. – Каб нарадзiўся з двума зубамi, то зразумела: чараўнiком зрабiўся б. А гэты да чаго прыдасца?
Мiкош i сам хацеў бы ведаць, да чаго ў яго сына сэрца прыхіліцца. Як стаў Якуб цацкамi бавiцца, расклалі бацькi перад iм розныя рэчы i назiраць сталi: за што малы схопiцца. За молат – можа, кавалём стане, за пешню – бортнiкам, за стралу – паляўнiчым, а за сяўню – будзе зямлю араць ды збожжа сеяць. Ды ніводная з тых рэчаў Якубку не прынадзіла. Папоўз малеча бачком да старога кія ў куце. З кіём тым яшчэ дзед яго калісьці падарожнічаў. Перамаргнулiся моўчкi Мiкош з Аўдоляй, словы Цыпрыянавы прыгадалі.
А калi размаўляць хлапчанё навучылася, дык i ўвогуле дзiву бацькі даваліся. Нешта слухае сабе, варушыць вуснамi, усмiхаецца вачыма валошкавымі, а потым як скажа:
– Я ведаю!
– Што ты, такая драбяза, ведаеш? – смяецца бацька. – Толькi з носа кап ды ў рот хап.
– Ведаю, пра што галiнкi за акном шумяць i птушкi гамоняць.
Тут ужо змаўкаў, задумляўся Мiкош: згадваў, што й дзяды некалi пра цуды гэткія апавядалі. Маўляў, дрэвы усе, кусты i нават кветкi размаўляюць па-свойму, але ж рэдкiя людзi iх разумеюць.
Падрастаў Якуб шпарка. Ледзь азірнуліся – у падлеткі бярэцца. І ўсё далей цягнула яго ад дому. Іншыя дзеці ля ганка сядзяць, пясочак перасыпаюць, ладкі з яго лепяць, а ён прабіраецца дварамі-гародамi да імшыстых узгоркаў: паглядзець ахвота, ці журавіны паспелі, альбо паслухаць, пра што дуб з яварам шапочуць. Пасля й глыбей у гушчар хадзiць насмеліўся – да самага таго куп'я, дзе русалкi зiмуюць. Дзiва дзіўнае, але звяры яго не краталі. Выбежыць на сцяжынку воўк – хлопчык з iм павiтаецца, i той выпадкоўца абмінае. А як мядзведзiца сустрэнецца, Якубка да яе з паклонам: "Здарова будзь, цётка Маруха!" – i буркне нешта крывалапая, страсяне галавою ды ў лес паволі падасца.
Але ж пакуль не пакідаў Якуб Вераснiцу. Трымаўся на роднай зямлі, як на камлі. Бацьку з маткаю дапамагаў, суседзяў не забываў, жабраку кожнаму хоць скарынку хлеба знаходзіў.
Ды перамянілася звыклае жыццё нечакана ў яго сямнаццаты год. Лета стаяла тады надзвычай лагоднае: прамяні кожную травінку лашчылi, і паветра ад водараў такім салодкім здавалася, што лізні – нібыта мёд. А жыта ўрадзілася як нiколi: з галавой магла схавацца хоць сабе вёска цэлая. Шчаслівіць бы людзям, ды ледзь не штодня змрачнелі яны. Бо здавён яшчэ ведалі: калі лепш няма куды, то чакай якой бяды.
І насамрэч пагрукалася аднойчы злыбяда ў дзверы. І не ў сялянскую халупу яе занесла, а ў палац княжы.
А сталася ўсё вось як. Меў князь дачку маленькую, любіў яе самазабыўна. Ды не ўпільнавала дзяўчынку нянька-дурніца: паклала спаць якраз той парою, калі сонца дабралася да небакраю, але не сышло яшчэ нанач. Вось сонейка й забрала князёўну з сабою. Так бедаваў валадар, што скаваў ланцугом сваё сэрца, каб не разарвалася. Знiкла пад жалезнымi цiскамi дабрыня яго былая, крыўда чорная падступiлася, думкi страшныя ў галаве закаламуцiлiся. Сабраў князь урэшце войска, бы цёмная хмара: у бойку лютую рушыць надумаў. Так нібы цень накрыў ясны дзень: вайна вось-вось край ахопіць.
Дайшлi чуткі пра насланнё тое да вёсак-мястэчак. А сяляне ўжо самі пра ўсё здагадаліся: мо граматы яны й не ведалі, але па зорках чытаць змалку звучаныя. Надта ж прыкметнай на небе мятла зрабілася – свяціла з доўгім хвастом. А яна якраз-такі вайну й прадказвала. Сечу, што безліч людзей можа змесці: чужых і сваіх, малых і сталых. Пра тое ж крумкачы над хатамі і дрэвамі крычалі, у чароды збіваліся.
– Няўжо нельга хоць штосьцi зрабіць? – перашэпты ад хаты да хаты пайшлі. – Ланцуг той разбіць, сэрца князява аслабаніць...
– Хто яго разаб'е? Толькі князёўна, ды яна на небе недзе. А лесвіц туды не прыставіш.
– Цi можа чалавек на неба залезці?
– Магчы то ён можа, толькі яго за мірг адзін назад скінуць. На блінец расплюхаецца. І карысць якая?
Дапаўзла гутарка тая й да Вераснiцы. А тут іначай ужо загаварылi.
– Простаму чалавеку на нябёсах, вядома ж, не ўтрываць. Але ў нас ёсць і няпросты – сын Мікошаў!
– Так, Якуб наш, срэбраны чуб.
– Ён з ветрам некалі парадніўся, а вецер таксама высока жыве, з сонцам побач.
– Мо й дапаможа дзяўчо вярнуць, князя суцешыць...
Чулі гэта Мiкош з Аўдоляй, але маўчалi. Спадзяваліся, што калі й пойдзе Якубка вандраваць, то за палі ды за лясы, у буйныя гарады – не на неба ж самае!
Адно хлопец і сам пра ўсё даведаўся. Чаго людзі не сказалі, тое птушкі наспявалі.
YOU ARE READING
Якуб - срэбраны чуб
FantasyАўтарская фэнтэзі-казка, якая грунтуецца на традыцыях і персанажах беларускай міфалогіі.