4.

62 2 0
                                    

Вялі Якуба знакі не па вядомай дарожцы – праз суседнія сялібы ды на кірмаш – а туды, куды людзі амаль не хадзілі, жывёла не забіралася: праз паляны і ўзлескi, багністыя купіны. Глядзеў ва ўсе вочы хлопец, каб у балота не трапіць, бо мясцiны тут бывалі гразкія і глыбокія: ў такую тхлань правалiшся, што й следу не стане.

Але ж выбраўся ён нарэшце на роўную прастору і ўбачыў там падарожніка.

– Гэй, чалавеча! – азваўся да яго Якубка. – Цi блізка адсюль якое сяльцо?

– А крылы ёсць? – той запытаў.

– Няма...

– Ну, тады толькі пад паўдня да Гусінай Волькі дадыбаеш. I запомнi, хлопча: кожнае сяльцо мае сваё нараўцо!

Здзівіўся Якуб, але падзякаваў ды пакрочыў далей, i праз нейкі час да мястэчка прыбіўся. І ўсё там, здалося, як і паўсюль: на вулачках куры грабуцца, у лужынах свінні качаюцца, на прызбах старэчы косцi грэюць ды дзятва ў лялькі бавіцца. Але вось дзiва: у кожнай хаце яшчэ адны дзверы маюцца, на даху. Быццам гаспадары не толькі з падворка заходзяць, а таксама з неба спускаюцца.

Аказалася, у Гусінай Вольцы жывуць людзі-гусі. Паглядзіш на іх – ад іншых людзей не адрозніш: рукі, ногi ёсць, галава на плячах сядзiць. А спатрэбіцца – перакінуліся тыя людзі ў гусей і паляцелі, каб часу не губляць і коней не таміць. Не спалохаўся Якубка, павітаўся з усімі, а адзін чалавек запрасіў яго дахаты, бо жонка ягоная акурат паспела крупнік зварыць.

За сталом Якуб і распавёў пра сваё падарожжа, пра тую хмару чорную, што хутка святло праглыне.

– На неба трапіць? – перапытаў гаспадар. – Не, не скажу я. Хоць мы і лётаем, але так высока не ўзнімаемся. Чуў я толькі, што небасхіл дзесьці з зямлёю мяжуе, а сама зямля нібыта на трох кітах стаіць. Але то бздура нейкая, бо дзе тым рыбінам такі цяжар утрымаць?.. Ты, хлопча, ідзі далей да Сомавых Віроў – мо, там нешта ведаюць.

І даў ён Якубу на развітанне белае пяро.

– Калі ўсё-ткі на неба залезцi адважышся, – мовіў, – то прыдасца.

Пакланіўся гаспадарам Якубка і зноў рушыў у дарогу. Шыбаваў ён уздоўж рэчкі-буркухі і неўзабаве натрапіў на вялікую гаць, дзе якiясь дамкi драўляныя наўпрост з вады тырчалі. Спачатку падумаў хлопец, што гэта хаткі бабровыя, але ўгледзеўся – не, чалавечыя! А былі то Сомавы Віры, і жылі там людзі-самы. Выглядалі яны звычайнымі людзьмі ды й толькі: мужыкі кажухі апраналі, бабы хустамі ахіналіся. Але як захочуць, то перакінуцца ў самоў ды паплывуць, нібы й па зямлі ніколі не хадзілі – толькi iх i бачылi.

Прыкмецiў Якуб, што хтосьці на двары плёскаецца, паздароўкаўся – i тут кабета паказалася, госця ў дом паклікала, на сухое месца пасадзіла. Наварыла яна, напякла ды насмажыла ўсялякай рачной смакаценi. Ласуецца Якубка і тым часам аповед вядзе, чаму родную вёску пакінуў.

– Да неба дабрацца? – здзівілася гаспадыня. – Не, не параю табе нічога. Неба ад нас далёка, а мы ў вадзе жывём, пра ваду болей ведаем. Вось чуткi ходзяць, што не толькі на зямлі, але й пад зямлёй таксама ёсць рэкі ды азёры, моры-акіяны. I калі яны на паверхню выб'юцца, то затопяць увесь свет... Ходзь ты, карасіку, да Воўчага Бору. Напэўна, там нешта скажуць.

Падзячыў хлопец шчыра гаспадыні, а яна дала наўзамен блішчастую, бы люстэрка, лускавінку:

– Калі ўсё-ткі да неба дойдзеш, то прыдасца.

І падаўся хлопец далей. Ужо й вечар запанаваў, пад шэрым змрокам наваколле схаваў. Захутала цемра палі, пушчы-лясы, хіба сцяжынка пад нагамі яшчэ сяк-так бачная.

Раптам наперадзе дрэвы пракінуліся, а між іх агеньчыкі бліснулі. У Якуба ажно мурашкі па спіне сыпанулі: вочы! Не абмiнула ж лiха...

Але ступіў на дарогу даўгалыгі калматы мужык. І супакоіў:

– Не бойся, хлопча! Ніхто цябе тут чапаць не стане. Чаго ты блукаеш у поцемках? Ідзі да нас у хату!

Апынуўся вось гэтак Якубка ў Воўчым Бары, дзе жылі людзі-ваўкі. Яны не як ваўкалакі былі: маглі ў ваўкоў перакідвацца без усялякiх абрадаў. Захацелі – скінулі шкуру, захацелі – ізноў апранулі. Зямлянкі ім спраўна хаты замянялі. Хоць і ваўчынае логава нагадвалі, але ўсярэдзіне ўсё па-людску ўладкавана.

Запрасіў мужык госця да стала, маці яго смажанага сала з вялізнай лычкай каўбасы на вячэру паставіла. Якуб і паўтарыў каторы раз сваю гiсторыю.

– На неба ўзняцца? – ссунуў бровы гаспадар. – Не, не ведаю я. Мы, калі да неба галаву задзіраем, больш на месяц глядзім. А месяц... Ён спрадвек навыперадкі з сонцам ходзіць, ды ніяк дагнаць яго не можа. Хоча, мабыць, ля нябеснага вогнішча пагрэцца... Вось што, хлопча: збоч ты пасля нашага Бору на ледзьве бачную сцежку, што бяжыць праз хмызняк і балацянку да ўзлеску. Там, на беразе лясной рачулкі, у хатцы на курынай лапцы жыве варажбiтка Мар'янка. У яе й распытай. Толькi цёмначы не хадзі, у нас заставайся. Пераначуеш, то болей пачуеш.

Пагадзіўся Якуб з радасцю і спаць пайшоў. Чуліся яму скрозь сон ваўчыныя спевы. А раніцай ён развітаўся з гаспадарамі ды падзякаваў за гасціннасць.

Падараваў яму мужык на ростань востры кіпцюр.

– Калi ўсё-ткi на неба ўзбiрацца будеш, – патлумачыў, – то прыдасца.

Схаваў Якубка падарунак, добрае слова сказаў і далей паспяшаў.

Якуб - срэбраны чубWhere stories live. Discover now