10.

48 0 0
                                    

Iмчаўся Якубка, ветрам гнаны, пакуль за штось не зачапiўся ды не павалiўся. Толькi на ногi ўстаў, глядзiць: вiхраслуп насустрач яму нясецца, такi вялiзны, што й канца не бачна. I снег ад яго ва ўсе бакi, як iскры ад кавадлы, сыплецца. Загойсаў хлопец, не ведае, куды бегчы, каб не расцiснула моцай такой, бы порхаўку. Але слуп раптам спынiўся i ў волата ператварыўся. Яшчэ большага за iншых, з сiвой барадою гушчэзнай, дзе хмары заблыталiся, вачыма сiнечы пранiзлiвай ды вуснамi ледзянымi.

Якуб перад iм, як пень у белы дзень, застыг, пакланiцца нават забыўся. А Сiвер зiрнуў на яго зверху i раптам позіркам пацяплеў.

– Не першы раз бачымся, чалавеча! Ты памерам з мой палец быў, калi я тваю люльку калыхаў, хваробы з цябе выдзiмаў. От як бывае: дрэваў стогадовых, палацаў каралеўскiх не шкадую, а малечу ўзяў i пашкадаваў! I нездарма, раз ты вырас такім смелым ды спрытным, каб да мяне трапіць. Ну, гавары, срэбраны чуб, якое ліха цябе прывяло, бо ад дабра на самае неба не залазяць.

Ачуўся Якубка, адбiў паклон свайму дабрадзею ды ўсё ад пачатку й выклаў. Моўчкi слухаў яго Сiвер, толькi вачыма блiскаў.

– Нiколi паўночны вецер з гарачым сонцам складна-ладна не жыў, – нарэшце сказаў ён. – Што сонца выпесціць – вецер развее. Што вецер выстудзіць – сонца сагрэе. Хоць мы з табой і парадніліся, чалавеча, не стаў бы я дзеля цябе ў свайго непрыязніка ласкі прасіць. Але вайна – рэч iншая. Вайна страшней за ўсіх пачвар: кроў вып'е, плоць праглыне, попел выплюне – i зноўку галодная. Праляціць яна ценем змрочным, людзей пасля сябе не пакіне. Не будзе каму араць, сеяць, жаць ды малаціць, хлеб пячы і нас з сонцам карміць. Таму зраблю, як ты хочаш, угавару князёўну малую вярнуць.

Узрадаваўся Якуб. Не ведае, як і дзякаваць. А Сівер глядзіць на яго ўнікліва, быццам чакае нечага:

– Ты няпросты шлях адолеў, жыццём рызыкаваў, харобрасць i кемнасць паказаў. Больш нічога папрасіць не хочаш?

– Калi вы, дзядзечку вецер, дазволiце, – адказаў хлопец i пра Цыпрыяна распавёў.

– Стары вядун таму дарогу да продкаў знайсці не можа, — Сiвер прагуў, – што зашмат людзей за жыццё сваё пераслухаў. Не прыходзілі да яго ў весялосці. Усё болей з горам i бядою, зайздрасцю ды задумай злоснай. І гэта цяпер яму позірк затуманьвае, быццам засьва перад вачыма. Няхай знойдзе ў лесе яваравы пень, дзірку ў ім зробіць ды вышапча ў яе ўвесь цяжар з душы. Вось тады дарога й расхінецца.

Усцешыўся Якубка, што зможа Цыпрыяну дапамагчы. А вецер iзноў пачакаў чагосьці, дый не дачакаўся; усмешка лёд на яго вуснах растапіла:

– Эх, ты! Чуб срэбраны, лоб залаты! Пра ўсіх падумаў, а пра сябе забыўся. З неба як спускацца збіраешся? Трымай вось: праглынеш, скокнеш уніз – і ўдома адразу апынешся.

Даў Сівер хлопцу перлiнку нябесную, што як зорачка мігцела і месяцовым срэбрам пералівалася, ды загадаў:

– Не хадзі нікуды, тут стой. А я да сонца ў госці завітаю.

Застаўся Якуб адзін-адзінюткі. І такая цішыня запанавала, нібы на нябёсах паўсюль ніводнай жывой душы не засталося. Срэбра вакол холадам дыхае, ледзянымі ланцугамі з галавы да пят абвівае. Змерз Якубка, задрыжэў, так і глядзі – ссінее, як пуп курыны. З нагі на нагу пераступае, але крок зрабіць не смее. Вось і вочы яго паволi заплюшчыліся, вейкі зліпліся, шэранню абраслі...

Але раптам у паветры цяплынь разлілася, густая ды салодкая, нібыта бочку мёду хтосьці перакуліў. А праз імгненне й зусім горача зрабілася. Святло залаціста-вогненнае скрозь павекі прабілася – нават краем вока пазiраць балюча. Апрытомеў хлопец, адагрэўся, скарынка ледзяная з яго ручаямі пацякла. Пачуў ён голас пяшчотны, бы матчын:

– У час мяжовы, надвечаровы, калі сон з яваю зліваецца, мае промнi ў сцежкi ператвараюцца. Хай людзі памятаюць гэта ды дзетак сваіх берагуць, каб тыя дарожкамі святлістымі да мяне не ўзбеглі і самі праменьчыкамі не сталі. А яно хоць і добра на небе свяціць, ды на зямлі жыць – лепей! Ну, не плач, мая любая, бо свае ясныя вочкi выплачаш. Як ночка мiне ды смуга развеецца, так i усё растане-забудзецца...

Рэхам апошняе слова разнеслася – і згасла святлыня тая, нiбы хмара праглынула. Знікла сонца, вярнулася на неба залатое. І ветру паўночнага таксама ні слыху ні прослыху. Якубка ж адчуў, што на руках кагось трымае, расплюшчыў вочы – а там дзяўчынка, князёўна малая.

Якуб - срэбраны чубWhere stories live. Discover now