1.
...грукае юшкай раззлаваны пячурнiк.
Пячурнiк – адзiн з хатніх духаў; жыве за печкай цi пад печчу i падобны на ката, якi ходзiць на заднiх лапах. З'яўляецца апекуном хаты, ласуецца рэшткамi вячэры цi малаком. З крыўды ці суму можа выць у комiне i ляскаць пячной уюшкай.
... крыксы немаўлятку даймалі.
Крыксы – немач, што адбірае ў немаўлятак сон. Шмат хто верыў, што крыксы прыносяць начніцы – духі ў жаночым абліччы. Існавала такая замова: "Крыксы-варыксы, ідзіце за парог, дайце дзіцяці спакой. Начнічкі-сястрычкі, ідзіце з агнём і з дымам, а дайце дзіцяці спакой".
... бо моцна ўдзеяна.
"Удзеяна" – маецца на ўвазе, што хтосьці наслаў сурокі ці праклён. "О, я казаў, што тут удзеяна. Эге ж, удзеяна, ды яшчэ як".
Прынёс вядун пустую буслянку...
Буслянка – гняздо, дзе бусел з бусліхаю гадуюць сваіх буслянят.
2.
...за што малы схопiцца? За молат – можа, кавалём стане, за пешню – бортнiкам, за стралу – паляўнiчым, а за сяўню – будзе зямлю араць ды збожжа сеяць.
Пешня – прылада бортнiка, выкарыстоўваецца для выдзёўбвання борцi (дупла) у калодзе. Выглядае як жалезнае долата з доўгай драўлянай ручкай. Часам жартавалi, што бортнiк з пешняй падобен да дзятла: быццам птушка дзюбай, робiць пчолам жытло.
Сеўня (таксама сявалка, лукошка, сявенька, сельнік...) – кош для сяўбы збожжа. Сяўню плялі з саломы, кары, лазы i прымацоўвалі да яе вяроўчыну ці дзягу, каб надзець на плячо.
..."Здарова будзь, цётка Маруха!"
Раней беларусы клiкалi (а дзесьцi, мо, i дагэтуль клiчуць) мядзведзя чалавечымi iмёнамi: Мiхаiл, пан Мiка, Марцiн, а мядзведзiцу – Маруха.
Трымаўся на роднай зямлі, як на камлі.
Камель – ніжняя частка ствала дрэва, больш моцная, цвёрдая, параўнальна з верхавiнай. "Моцны як камель" – казалi пра дужага хлопца. А прымаўка "на роднай зямлі як на камлі" гаворыць пра пачуццё ўпэўненасці, спакою на радзіме.
Вось сонейка й забрала князёўну з сабою.
Існавалі (дый зараз існуюць) розныя прымхi i забабоны датычна таго моманту, калі сонца набліжаецца да небакраю. Гэтым часам, калі мяжа між светаў расхiстваецца і вытанчаецца, нельга класціся спаць, каб не балела потым галава. Датычна ж дзяцей небяспека павялічвалася: сонца магло забраць іх да сябе на неба.
ESTÁS LEYENDO
Якуб - срэбраны чуб
FantasíaАўтарская фэнтэзі-казка, якая грунтуецца на традыцыях і персанажах беларускай міфалогіі.