5.

46 2 0
                                    

За Ваўчыным Борам сапраўды была сцяжынка. Пайшоў па ёй Якуб праз хмызняк і балацянку туды, дзе бруілася тонкая, як дзявочая стужка, рэчка. Там дрэвы не шапталі, птушкі не спявалі, толькі конікі ўзахліп цвыркалі. На беразе стаяла хатка з адным акенцам і на адной курынай лапцы. Калi хлопец наблiзiўся, то пачуў:

– Ходзяць тут, ходзяць, сваім духам смуродзяць!

Якубка яшчэ бліжэй падышоў. Нахілілася да яго хатка бы жывая, зіркнула чырвоным ад свечкі вокам, і нечы голас ізноўку прабуркацеў:

– Ходзяць тут, ходзяць, сваім духам смуродзяць!

Рыпнулі-адчыніліся дзверцы, якія невядома дзе раней хаваліся. Якуб быў гатоў убачыць бабу страшную, раскудлачаную, з жалезнымі таўкачамі заміж ног, якой бацькі неслухмяных дзетак палохаюць. Аж з'явілася перад iм чараўніца прыгажосці дзівоснай. З вуснамі-малінамі, смаляною касой на грудзях ды позіркам, што нiбы сон-кветка дурманіць.

– Навошта, саколiку, завiтаў? – спытала. – Прэч ад лiха бяжыш ці напярэймы?

А Якуб сумеўся й нават слоўца сказаць не можа, толькі стаіць, як стаўбень ды глядзіць ва ўсе вочы. Тады засмяялася Мар'янка і рукавом махнула – развеяліся чары салодкiя.

– Прывабны ты хлопец, – пахвалiла. – Але, бачу, не просты. Таму смешкі правіць з табой не буду, бо яшчэ гнеў вялікіх на сябе наклічу. Годзе пазiраць ужо, нібы з яйка вылупiўся! Раскажы пра сваю бяду.

Распавёў усё Якубка, не ўтаіў праўды ні дробачкі. Слухала варажбітка, пахмыквала, плячыма пацёпвала. А ўпоравень з ёй хатка трэслася, саламянай галавой ківала.

Нарэшце Мар'янка прамовіла:

– Вось што, любы мой: ёсць на свеце той край зямлі. Але пакуль ты да яго даклыпаеш, барада ў цябе адрасце па самы пуп. Лепей наўпрост на неба ўзняцца. З тымі, хто туды лётае.

– З птушкамi, ці што? – не зразумеў хлопец.

– Не, птушкі толькі бачнага неба сягаюць, а ты мусіш на нябачнае трапіць. Калі б цмока якога злавіць... Але дзе ж іх цяпер знойдзеш? Крок памёр ужо, Крагавей ва ўсе крылы ўцёк. Хіба што Вяль у нашых мясцінах застаўся. Як я маладая зусім была, жыў ён тут непадалёк. Сваволіў, жывёлу ў сялян цягаў. І так ужо ўеўся людзям у косці, што нехта ўзяў ды шкуру авечую саломай і серкай набіў і Вялю падсунуў. Той праглынуў, зароў і, як тое кажуць, здох. Толькі Вяль з тых цмокаў, якія не паміраюць, а ў камяні ператвараюцца. Бачыла я той валун. Шмат гадоў ён на чатырох лапах стаяў. А потым яму тутэйшы млынар галаву на жарон адсек. Нічога добрага з таго не выйшла, бо нельга чапаць тое, пра што не ведаеш. Змалоў той жарон усё багацце млынара, ды ў дадатак і яго самога.

Маўчаў-дзівіўся Якуб, i не вытрымаў-такі:

– Дык і што мне з гэтым усім рабіць?

– А вось што, – патлумачыла Мар'янка. – Дам я табе ваду чароўную. Ты камень ёю абросіш – і Вяль зноў цмокам стане. Толькі спачатку галаву яго адшукай і на шыю пастаў. Бо навошта табе пачвара безгаловая?

– Ён жа мяне праглыне, як тую авечку! – спалохаўся Якубка.

– Не праглыне, не бойся. Ажывіш цмока – зробiшся яму гаспадаром. Будзе ён цябе слухацца, пакуль гэтак жа не аддзячыць: жыццё твае не выратуе. Я сама неяк думала Вяля ў служкі ўзяць, але якая мне з яго карысць? Галава з лубку, а розуму з бубку, адна шкода будзе. Хіба што лятаць з месца на месца, дык мне на тое пералёт-травы стае... Але ж, любы мой, за дабро ў нас дабром плацяць. За тую ваду дазволь выдраць тры валаскі з твайго чуба. I мне на спадобу, i табе не стратна. Згодзен?

Што тут Якубу рабіць? Адказаў ён:

– Згодзен!

Усміхнулася варажбітка, тузанула хлопца за срэбраны чуб, а потым саскочыла з хаткі і павяла яго пад стары дуб, дзе біла крыніца. Набрала вады ў маленькую пляшку ды ўздыхнула:

– Вось раней былi мядовыя крынiцы, і цяклі з іх мядовыя рэкі. Здрабнеў, сапсаваўся свет – няма чаго й казаць...

Сунуў Якубка ваду за пазуху, нахіліўся долу і ўжо цераз рэчку пераскочыў, калi варажбiтка наўздагон крыкнула:

– Ат, забылася! З сабой вазьмі.

– Гэта што? – здзiвiўся хлопец.

– Патэльня. Няўжо ў вочы патэльні не бачыў?

– Бачыў. Але ж не разумею...

– І не разумей, – адказала Мар'янка, – не мужчынская гэта справа. Дзяўчыне аддай. Яна будзе ведаць, што рабіць.

– Якой дзяўчыне? – зусім разгубіўся Якуб.

– А, дык ты яшчэ не сустрэў яе? Ну, нічога! Пачакай трохі.

Не стаў спрачацца Якубка, прымацаваў патэльню да торбы. Ды толькі хацеў яшчэ пра што якое Мар'янку распытаць, як тая знікла, нібы й не была. I акенца ў хатцы згасла.

Якуб - срэбраны чубWhere stories live. Discover now