Нядоўга думаў Якубка. Вырашыў ён на неба выпраўляцца, у ветру ласкі прасіць. Толькі як туды трапіць? Ад сiвых баечнiкаў кожны чуў, што за морам паўднёвым цi за морам заходнiм, дзе крыштальныя горы стаяць ды агністыя рэкі цякуць, край зямлi ёсць: зямля там з нябёсамі сходзяцца. Але ніхто, быццам, туды пакуль не дапяў. Ды й не блізкая тая дарога. Пакуль дойдзеш, пакуль вернешся... А вайна тым часам гнёзды родныя паразбурае, людства выкасіць, ні старых ні малых не шкадуючы.
Пачухаў Якуб свой срэбраны чуб і патупаў у бок лесу, дзе Цыпрыянава хатка стаяла.
Цыпрыян, між тым, зусім састарэў, увесь згорбіўся, зморшчыўся бы порхаўка. У Вераснiцы амаль не паказваўся, людзі ўжо думаць пачалі, што ён у ваўкалака перакінуўся ды ў лясны гушчар сышоў. Сапраўды, хадзіў стары кудысьці, а вярнуўшыся, днямі ля халоднай печы сядзеў. Прыносіць яму хто ежу на парог, пытае нешта, а Цыпрыян і не варухнецца нават – маўчыць, як пень.
Ведаў Якубка, што вядун дзіклівым стаў, але ж наважыўся рады папытаць. Наблізіўся ён да хаціны, што вокнамі ўжо ў зямлю ўрасла, галёкнуў:
– Добрага здароўечка вам, дзядзьку Цыпрыяне!
Ані гуку ў адказ не данеслася. Тады хлопец дадаў:
– Якуб гэта, што ў буслянцы вашай люляўся некалі!
І тады пачуўся глухі голас:
– Калі так, то заходзь.
Увайшоў Якубка і бачыць: сядзіць стары на печы, увесь барадой захутаўся, вочы пад калматымі бровамі схаваліся, ногі тонкія, як сцябліны хвашчу, вісяць. Пацягнуў глыбока носам Цыпрыян i прамовiў:
– Ну, кажы: навошта завiтаў.
– Дзядечку, – прызнаўся Якуб, – хачу я на неба патрапіць, князёўну ў сонца забраць і роднаму бацьку вярнуць. Каб вайна адступілася, зямля попелам не завеялася, крывёй не ўмылася.
– На якое неба? – вядун спытаў. – Яно не адно ў нас. За бачным яшчэ нябачныя ёсць. Шкляное, мядзянае, жалезнае...
– Не ведаю, – разгубіўся хлопец. – Пэўна, спачатку на тое неба, дзе вецер жыве. Хачу ў яго дапамогі папрасіць.
– Якi вецер? Ён не адзiн у нас. То Вiхор падзьме, то Сiвер наляціць, то Падвей закруціць...
– А хто мяне малога вылекаваў?
– Каб я памятаў! Даўно тое было. У галаве мышы норы праелі ды гнёзды звілі. Але... Сяк-так я нешта магу яшчэ.
Сцёгся з печы Цыпрыян, пакульгаў па хаце. Зазірнуў у адзін кут, у другi, вывалак рэшткi старой буслянкi і адламаў раздвоены пруток. Пашаптаў над ім нешта, выйшаў на парог, падкінуў угору... Закруціўся пруток у паветры ды й зваліўся, уторкнуўся ў зямлю. Тырчыць сабе, гнецца, драўляным пальцам дарогу паказвае. Тут жа птушкі падхапіліся, цішком-радком на сцяжынцы паселі. "Цiў-цi-ды, – залiваюцца, – ходзь-ту-ды!".
Паглядзеў за ўзгоркі Якуб. Зразумеў, адкуль шлях пачынаць.
– Больш нічым не магу я табе дапамагчы, – мовіў Цыпрыян. – А вось ты мне, срэбраны чуб, – можаш.
– Толькі скажыце, дзядзечку!..
– Я таксама сваю дарогу шукаю. Ды ніяк на яе не натраплю. Да продкаў ісці мой час даўно настаў. Як з ветрам сустрэнешся – калі лёсам прызначана, гэтак і здарыцца – не забудзься на старога, спытай пра мяне.
Падзякаваў Якубка і патрапаў паволі дахаты. На твары – ні хмурынкі. А мароз на скуры стаіць, аж кашуля спалатнела: думаць сабе нешта – адна справа, а ступакамі невядомую далеч таптаць – іншая зусім. Не ведаў ён, як бацькам пра сваё рашэнне сказаць. Ды калi убачыў маці, то ўцямiў, што й гаварыць не трэба: чакае яна ля брамкі, а слёзы ў яе кропаюць бы з бярэзіны сок.
– Сыходзіш ты ад нас, сынку?
– Як вы, матухна, здагадаліся? – здзівіўся Якуб.
– Хлеб я пякла, – растлумачыла Аўдоля, – а ён у мяне раздзяліўся. Значыць, хтосьці ад сям'і адлучыцца. Дый сама я не сляпая, не глухая: вочы бачаць, вушы чуюць. А сэрца матчына галосіць – нічым яго не затыкнеш.
Мiкош таксама ані слова ўпоперак не сказаў. Ведаў: час настаў аддаць Якубку. На ласку цi няласку долi аддаць. Ды й не з дурной жа галавы выбірае сын шлях – сэрца слухае.
Досвіткам, калі яшчэ зараніца свяціла, стаў Якуб у дарогу збірацца. Хлеба акраец, сала кусок, солі драбок, гуркоў кiслых прыхапіў. Кій дзедаў з кута забраў – вось і прыдаўся той у лёсе. Сыпануў бацька сыну ў анучку жменьку роднай зямлі, схавала мацi палын за пазуху – каб русалкі баяліся. Абняліся яны, паплакалі трошку, і адправіўся Якубка ў далечы, куды лісце ды птушкі звалі: "Цiў-цi-ды! Ходзь-ту-ды!".
Неўзабаве і сонца ўстала, распусціла над узгоркамі залачоныя косы. "Чакай, яснае, убачымся мы з табой", – падумаў Якуб ды песню заспяваў.
YOU ARE READING
Якуб - срэбраны чуб
FantasyАўтарская фэнтэзі-казка, якая грунтуецца на традыцыях і персанажах беларускай міфалогіі.