7.

40 2 0
                                    

Прабiраўся Якуб праз узлесак – дзiкае птаства слухаў. А як глыбей зайшоў, дзе за дубамi-волатамi й сонца не вiдаць, то iншыя гукi пачуў, якiя не кожнае чалавечае вуха зловiць. Там галiны трашчаць – русалкi на iх гойдаюцца, тут лесавiкi лазовыя кусты гнуць, а пад самымi кронамi лешаняты ў люльках гушкаюцца, лапочуць нешта сабе пад нос, жалуды з яловымі шышкамі ўніз кідаюць. Ды сям-там дзівосныя агеньчыкі мігцяць-пераліваюцца: пэўна, заклятыя грошы цвітуць якому бедаку на згубу. Сочыць па баках хлопец дый пад ногi глядзiць: як бы незнарок у ведзьмiны пляхi не ўступiць, бо галава замутніцца – не згадаеш, куды і нашто хадзiў.

Побач Вяль церушыў, не адставаў. Якубка нават забыўся пра аблічча цмачынае: зірнеш – ну, Вялька і Вялька, хіба што хвастом не віхляе. Мабыць, згладзілі за стагоддзі вятры і дажджы яго нораў, дый жарон дужа зубы змалоў.

Ішлі яны, iшлі, ногі трапалі, ані дабра, ані ліха на сваім шляху не сустракалі. Неўзабаве Якуб новы гук заўважыў – як жывот ягоны з голаду бурчыць – ды падумаў, што час і абедаць. Выбраў палянку, развёў вогнішча, дастаў з торбы хлеб з агуркамі, пачаў сала на ражончыку пекчы. А Вяль побач круціцца, ажно слінаю заліваецца: таксама есці хоча. Якубка даў яму сала, хлеба, нават агуркоў з соллю – але той пакаштаваў, дый выплюнуў.

– Не ведаю я, чым цмокаў кармiць, – развёў рукамі хлопец. – Няма ў мяне анi вужынай яешнi, анi верашчакi з кацiных хвастоў. Раз такі пераборлівы, скокні ў лес чаго лепшага налаві!

Толькі пад'еў Якуб і затаптаў у зямлю вуголле, як чуе: кусты шаргацяць, сухое галлё храбушчыць ды ломіцца. Хтосьцi напярэймы бегма бяжыць. Вось ужо між ствалоў паказалася здань у жаночым абліччы: спадніца так i развяваецца, валасы раскудланыя твар засланяюць. Выхапіў Якубка з-за пазухі пучок палыну, выставіў перад сабой і зашаптаў: "Згінь! Згінь, мара, прападзі!". Але тая мара ўсё неслася, дарогі не разбіраючы, дый наляцела на хлопца так, што абое паваліліся.

– Ты не русалка! – выгукнуў Якуб, калі ўскочыў на ногі і як след агледзеўся.

– А ты не вораг! – адклікнулася дзяўчына.

– Проста косы ў цябе расплецены, от і здалося мне...

– Во як! Напужаўся, бачу, зубы нiбы ў цюцькi ляскочуць... Не, звычайная я, проста ў ветраломе хустку сарвала ды валасы растрапала. А то ведаю, як кажуць: дзеўка без касы не дзеўка, бы кабыла без хваста!

Дзівіцца Якубка: крамень-дзяўчына, ні з якога боку яе не ўкусіш. Пасмы медныя з пазалотай, твар прывабны, носік востры ды ўпарты, угару паглядае.. І сказаў ён шчыра:

– Сонца таксама косы да зямлі распускае, кветкі імі лашчыць. А не смяюцца з таго людзі, толькі цешацца.

Усмiхнулася дзяўчына, спадабалiся ёй такiя словы. І мовіла яна ўжо без здзекаў:

– Мяне Арысяй завуць.

– А мяне Якубам. Ад каго ты так збягала – няўжо мядзведзя ўбачыла?

– Горш за мядзведзя. Калі хочаш ведаць, праводзь мяне да вёскі. Бо не маю часу тут сарокай стракатаць. Мне сваіх папярэдзіць трэба.

Разгубіўся трохі Якубка: i з Арысяй расстацца – страта, і з дарогі збочваць не варта. Але птушкі маўчаць, за сабой не завуць – што гэта, як не знак яму новы? Дый варажбітка ў хатцы на курынай лапцы таксама нешта пра дзяўчыну казала... Надумаўся хлопец і паклікаў:

– Вялька, хадзем!

І заспяшалі яны да вёскі ўтрох. Арыся ўсё на Якуба цікаўна пазірала і нарэшце рукі ў бокі ўперла:

– Прызнайся ўжо: што ты, нетутэйшы, у нашых лясах забыў? Калі грыбы-ягады збіраеш, то дзе твой кошык? Калі палюеш, дзе лук са стрэламі?

Якуб і распавёў у якi раз пра сваё падарожжа. Дзяўчына недаверліва галавой матлянула:

– На неба, бач ты! Цябе паслухаць – і сабака паляцець можа.

Тут Вяль заскуголіў жаласліва, ажно слёзы з ягоных вачэй закапалі. Давялося Якубку й пра тое сказаць, што насамрэч цмок гэта бяскрылы. Думаў, спужаецца Арыся, але яна не з палахлiвых была: хіба што на крок адступіла.

– Калі ты напраўду да ветру ў госці сабраўся, – сказала яна, – то табе спяшацца трэба. Бо войска варожае ўжо тут, па лясных сцежках употай шыецца. Дачуліся, мабыць, што князь сваіх вояў збірае, ды вырашылі першымі напасцi. Вось чаму я так бегла: людзей у жалезнай вопратцы бачыла! Упільнаваць хацела, якое ліха ў маіх запаветных мясцінах грыбы топча. І дазналася – бачыш.

Ажно дух Якубу заняло: час мiнае, а як на неба ўзняцца – дагэтуль невядома. Арыся ж прыпынілася на ўзлеску, угару галавой паказвае:

– Глянь, якая хмара насоўваецца! Зараз дождж лупане, а мы да маёй хаты амаль прыйшлі. Усё адно пад дрэвам хавацца будзеш. Дык лепей пад дахам, ля печы!

Сказала – i ўся чырванню залiлася, валасы назад адкінула, наперадзе пакрочыла. Патаптаўся Якубка ў роздуме дый патупаў следам.

Якуб - срэбраны чубWhere stories live. Discover now