Ці ведаеце вы пані Янiну? Яна жыве на Зарэчнай вуліцы. Вось толькi назва горада знікла ў мяне з памяці, так што гэта можа быць і ваш горад.
Калі вы раптам убачыце старую вабную жанчыну з маленькімі акулярамі на носе і яркімі стужкамі ў валасах — гэта дакладна будзе яна!
Пані Янiна любіць вязаць на ганку сваёй хаты. «Звычайная справа!» — паціснеце вы плячыма і надумаеце прайсці міма. Але не спяшайцеся. З-пад вязальных спіц пані Янiны выходзяць не шкарпэткі, не рукавіцы, не шалікі і нават не шапкі. Гэту дзіўную бабульку наогул не цікавяць рэчы для людзей.
З тонкiх, як павуцінка, і лёгкіх, як аблачынка, нітак яна робіць адзенне для жывёл.
Не трэба смяяцца! Пані Янiна цалкам у сваім розуме. Проста яна ведае тое, што іншым неўздагад: жывёлам не заўсёды хапае ўласнага футра.
Вось кацяня, у якога з-за хваробы вылезла поўсць. Гаспадары не захацелі з ім важдацца і выкінулі на вуліцу. Небарака мёрз узімку, таму пані Янiна звязала яму цёплы швэдар з чатырма рукавамі для лап і пятым для хваста.
А вось бадзяжны сабака, у якога вялікая лысіна на баку, — пэўна ён з кімсьці пабіўся. Нічога, добрая пані зробіць для яго ваўняную латку — ды такую, што і не адрозніш ад роднай шкуры.
Суседзі лічаць пані Янiну чараўніцай, бо з яе нітак шэрсць атрымліваецца як сапраўдная. А яшчэ яна ўмее вязаць крылы для пакалечаных птушак — і тыя зноў уздымаюцца ў неба!
Жыццё пані Янiны спакойнае і ўтульнае, нібы яе прадзіва. Але час ад часу з ёй здараюцца прыгоды. І пра адну з іх вы зараз даведаецеся.
YOU ARE READING
Чароўныя ніткі пані Яніны
RandomАднойчы на Зарэчнай вуліцы адбылося Надзвычайнае і Таямнічае здарэнне. У самых нечаканых месцах з'явіліся дзікія звяры: ліса ў булачнай, бабёр у газетным кіёску, норка ў ювелірнай краме... А яшчэ недзе разгульвае чорная і калматая пачвара! Дзеці з З...