Таямнічае здарэнне

5 0 0
                                    

У той жа дзень пасля абеду на Зарэчнай вуліцы стаўся пярэпалах.

Маленькія суседзі пані Яніны даведаліся пра яго, калі пайшлі ў краму па булачкі да гарбаты.

Гэта былі брат і сястра — блізняты сямі гадоў, Алесь ды Алеся. Тут ва ўсіх дзяцей з адной сям'і былі сугучныя імёны: насупраць жылі сёстры Мая, Марына і Маргарыта, а ў самым канцы вуліцы — Валік і Валерка. Напэўна, у бацькоў з Зарэчнай была не вельмі багатая фантазія.

Дык вось, Алесь з Алесяй ішлі ў краму і загадзя смакавалі, як на рэшту купяць сабе марозіва. Але на ўваходзе іх спыніў высокі дзядзечка ў форме Вартавога.

— Прашу прабачэння, — сказаў ён, — але я не магу вас прапусціць. Булачная зачынена!

— Што за справы? — абурыўся Алесь. — Зараз толькі тры гадзіны!

— Надзвычайнае і Таямнічае здарэнне, — растлумачыў дзядзечка. — Сёння тут злавілі драпежнага звера. У яго магло быць шаленства! Таму мы не адчынім краму, пакуль усё не праверым належным чынам.

— А як звер мог сюды трапіць? — здзівілася Алеся. — Лес жа ву-у-унь дзе! Ажно на лецішча трэба ехаць!

— Менавіта так, — пацвердзіў Вартавы. — Калі б лес знаходзіўся блізка, гэтае здарэнне не было б такім Надзвычайным і Таямнічым! Хто ведае, чаму ліса забралася так далёка...

— А гэта сапраўды была ліса? — падазрона спытаў Алесь. — Цi вы ўпэўнены, што не вавёрка? Яна ж таксама рудая і з хвастом!

— Яшчэ чаго! — дзядзечка ў форме нават пакрыўдзіўся. — Вы думаеце, малады чалавек, што я не ведаю, як выглядаюць вавёркі? Не, у краме была ліса — самая вялікая, якую мне калі-небудзь даводзілася бачыць. Амаль з мяне ростам!

— Тады трэба шукаць булачкі дзесьці яшчэ... — уздыхнула Алеся.

— Я б не раіў такім маленькім дзецям гуляць зараз па вуліцы, — папярэдзіў Вартавы. — У нашым раёне былі яшчэ выпадкі з дзікімі звярамі. Проста нашэсце! Ліса ў булачнай, бабёр у газетным кіёску, норка ў ювелірнай краме... Дзіўна, што не ў каўбаснай лаўцы, але факт ёсць факт! А яшчэ на Зарэчнай бачылі незразумелую пачвару: вялікую, чорную і калматую. Ці то мядзведзь, ці то велізарны дзiк. Яго яшчэ не злавілі. Таму ідзіце вы дахаты і не высоўвайце носа!

Брат з сястрой па-змоўніцку пераглянуліся, развіталіся з Вартавым і патупалі прэч.

Чароўныя ніткі пані ЯніныOpowieści tętniące życiem. Odkryj je teraz