Што азначае "Рырурыр"

3 0 0
                                    

Калі сябры прыйшлі ў стары яблыневы сад на Зарэчнай вуліцы, у іх была вялікая драўляная «клетка», ад якой патыхала сырой бульбай. А яшчэ — пакет сасісак, кавалак сыру, слоік з кампотам, салёныя агуркі, пара яблыкаў, кабачок і нават звязак бананаў. Проста дзеці дакладна не ведалі, што ядуць пачвары.

Пастку вырашылі майстраваць так, як паказвалі ў фільмах. Ежу выклалі горкай на зямлі, зверху прыстасавалі перакуленую скрыню, падперлі яе палкай, а да палкі прывязалі доўгую вяроўку.

— Звер убачыць ежу, залезе ў пастку і пачне есці, — разважыў Алесь. — А мы тузанём за вяроўку, і скрыня ўпадзе!

— І ён апынецца паміж дошак, як за кратамі, — пагадзілася з братам Алеся.

— А калі скрыня не вытрымае? — засумняваліся Валік з Валеркам. — Вунь яна якая лёгкая: вы ўдваіх яе здолелі прыцягнуць.

— Вытрымае, — упэўнена сказаў Алесь. — У фільмах заўсёды вытрымлівае.А нават калі і не, то нашы ма-ляўкі — то бок Ма-я, Ма-рына і Ма-ргарыта — уздымуць такі віскат, што ў пачвары закладзе вушы і яна страціць прытомнасць.

Гэтак і вырашылі. Сябры схапілі канец вяроўкі і схаваліся ў кустах. Там яны праседзелі хіба з паўгадзіны, але ў яблыневым садзе ніхто не з'явіўся.

— Ну мы і ёлупні! — раптоўна пляснуў сябе па лобе Валік. — Як жа ж звер зразумее, што тут ежа?

— Ён прыйдзе на пах, — выказала здагадку Мая. — Сасіскі так пахнуць! Нават у мяне ў жываце бурчыць.

— А калі пачвара не есць сасісак, а любіць, напрыклад, кабачок? У кабачкоў няма такога паху! Трэба зрабіць надпіс на скрыні, каб было дакладна.

— З глузду з'ехаў! — чмыхнуў Алесь. — Жывёлы не ўмеюць чытаць.

— Гэта яны па-чалавечы не ўмеюць чытаць. А па-звярынаму могуць!

Валік дастаў з кішэні крэйду, падышоў да скрыні і буйнымі літарамі напісаў: РЫРУРЫР.

— А што гэта? Што гэта значыць? — з цікаўнасцю зашапталі Мая, Марына і Маргарыта.

— На звярынай мове гэта азначае «ежа», — растлумачыў хлопчык.

— Адкуль ты ведаеш?

— Інтуіцыя, — з разумным выглядам адказаў замест брата Валерка. — А наогул так заўсёды гаворыць наш сабака, калі бачыць костку.

— Тады добра, — пагадзіліся ўсе.

Дзеці зноў схаваліся ў кустах і сталі чакаць.

Чароўныя ніткі пані ЯніныWhere stories live. Discover now