Я не вiнаваты!

2 0 0
                                    

Алесь і Алеся, Валік і Валерка, Мая, Марына і Маргарыта сядзелі ў засадзе так доўга, што пачалі пазяхаць на ўвесь рот. Яны ўжо падумвалі кінуць усё і ісці дахаты, пакуль іх не хапіліся бацькі: раз пачвара ўсё роўна трапіць у пастку, на яе можна будзе паглядзець і заўтра.

Яны ўжо гатовы былі прызнаць гэта ўслых, але тут пачуўся трэск яблыневых галінак.

З‑за дрэваў з'явіўся вялікі кудлаты звер з чорнай поўсцю, завітай кудзеркамі. Ён нязграбна ішоў на задніх лапах — зусім як чалавек — і цяжка дыхаў.

Алеся і Алесь прыкрылі адно аднаму раты далонькамі, каб незнарок не закрычаць. Гэтак жа паступілі Валік з Валеркам і Мая з Марынай. На малютку Маргарыту не хапіла рук, таму яна заціснула сабе рот сама.

Звер убачыў ежу і кінуўся да яе. Напэўна, ён быў вельмі галодным. На імгненне ён прыпыніўся перад скрыняй і здзіўлена паглядзеў на надпіс. Але ўсё-ткі залез у пастку і заглынуў усе сасіскі, з'еў сыр і агуркі, надкусіў кабачок і паспрабаваў адкрыць слоік з кампотам.

— Пара! — шапнуў Алесь.

Ён штосілы тузануў за вяроўку. Палка адскочыла, і скрыня ўдарыла па галаве звера.

Той паваліўся на зямлю і не падняўся: з-пад драўлянай пасткі засталіся тырчэць толькі лапы.

— Вой! — віскнулі Мая, Марына і Маргарыта. — Мы што, яго забілі?

— Такую пачвару скрыняй не заб'еш, — пакруцілі галовамі Валік з Валеркам.

— Значыць, ён страціў прытомнасць?

— Давайце глянем, — дрыготкім голасам прапанавала Алеся.

Дзецям было вельмі страшна, але цікаўнасць перамагла. Яны вылезлі з кустоў і дробнымі крокамі падышлі да пасткі.

Адтуль раздаваўся гучны, з прысвістам, храп.

— Ды ён спіць! — здзівіўся Алесь.

— Напэўна, пачвары таксама стамляюцца, — услых падумала яго сястра. — Ён так хрыпеў і хістаўся, наогул выглядаў нейкім хворым...

— Нам гэта толькі на руку, — заявіў Валік. — Цяпер дакладна не ўцячэ!

— І што рабіць далей? — спытаў Валерка.

— Як што? Мы сваю частку справы выканалі, трэба паклікаць дарослых!

Дзеці выбеглі з яблыневага саду і панесліся па вуліцы. Неўзабаве натыкнуліся на дзядзечку ў форме.

— Там звер! — хорам закрычалі яны. — Вялікі, чорны і калматы!

— О, гэта той, якога мы шукаем! — узрадаваўся Вартавы. — Пачакайце, я зараз прыганю фургон з астатнімі жывёламі. А вы хуценька ідзіце дахаты!

З гэтымi словамi ён сышоў, а праз пяць хвілін вярнуўся ўжо за рулём вялікага аўтамабіля. У кузаве былі вокны з кратамі, і за імі чулася нейкае варушэнне.

Вартавы паехаў да саду. Дзеці, вядома ж, не пайшлі дадому, а паспяшаліся следам. Яны бачылі, як дзядзечка ў форме ўзяў вялікі аркан з наморднікам і падышоў да звера.

Раз — і пятля аркана апынулася на шыі пачвары!

Звер апрытомнеў, схамянуўся і раптам ускрыкнуў чалавечым голасам:

— Гр-р, пусціце! Я не вінаваты! Я нічога такога не зрабіў, гр-р...

Вартавы пацёр вушы:

— Ізноў галюцынацыі! Мне здаецца, што жывёлы размаўляюць, але яны ж не могуць!

Вось толькі Алесь з Алесяй, Валік з Валеркам, Мая з Марынай і Маргарытай таксама ўсё чулі! Яны, вылупіўшы вочы, назіралі за тым, як дзядзечка цягне калматую пачвару да фургона. А пачвара млява ўпіраецца і скуголіць:

— Я такога не варты... Нікуды не ўвальваўся, нічога не краў... Ну, можа, толькі крыху падмануў. Але ж я не адняў апошняе ў той бабулькі: у яе было шмат клубкоў! Вязаць — не перавязаць! За што яна мяне так пакарала...

Дзеці пераглянуліся.

— Мне не пачулася? — спытаў Алесь. — Звер казаў пра бабульку з вязаннем!

— Напэўна, ён меў на ўвазе пані Яніну, — здагадалася Алеся.

— Нашы бацькі ўпэўнены, што яна чараўніца, — паведамілі Мая, Марына і Маргарыта.

— А нашы мяркуюць, — хмыкнулі Валік з Валеркам, — што яна проста дзіўная бабуленцыя.

— Чараўніца цi бабуленцыя, — разважыў Алесь, — але пані Яніна павінна ведаць, што тут адбываецца. Хутчэй, бяжым да яе!

І сябры зноў прыпусцілі па Зарэчнай так, што толькі пяты блішчэлі.

Чароўныя ніткі пані ЯніныWo Geschichten leben. Entdecke jetzt