Пачвара замест бульбы

4 0 0
                                    

Алесь і Алеся не збіраліся ісці дахаты. Як можна сядзець у чатырох сценах, калі на Зарэчнай дзеецца столькі ўсяго незвычайнага? Яны скіраваліся да аднаго дома і кінулі ў акно жменю дробных каменьчыкаў. Адтуль адразу ж высунуліся тры бялявыя галавы.

— Гэй, што такое? — выгукнула самая старэйшая галава.

— Выходзьце, справа ёсць! — сказаў Алесь.

— Якая? — зацікавілася сярэдняя галава.

— Важная, — адказала Алеся.

— А мяне з сабой возьмеце? — піскнула малодшая.

— Добра, толькі давайце хутчэй!

Праз пяць хвілін сёстры Мая, Марына і Маргарыта выбеглі на вуліцу.

— А што сталася? — наперабой пачалі пытацца яны.

— Ды пачакайце ж вы, — замахаў рукамі хлопчык. — Трэба паклікаць астатніх.

Дзецi пайшлі ў канец вуліцы і пагрукалі ў дзверы яшчэ аднаго дома. Адтуль выскачылі браты Валік і Валерка.

Тады Алесь пракашляўся і паважна абвясціў:

— Слухайце! У нас тут нашэсце дзікіх звяроў. У розных крамах ужо злавілі лісу, бабра і норку. Але яшчэ па вуліцы ходзіць дзіўная пачвара: вялікая, чорная і калматая...

— І ты прапануеш залезці на паддашак і ўсім разам яе баяцца? — вылупіў вочы Валерка.

— Ну ты і дурында! — засмяялася Алеся. — Хіба ж баяцца на паддашку — гэта прыгода? Не, мы хочам тую пачвару злавіць!

Мая, Марына і Маргарыта завішчалі. Ім было страшна, але разам з тым цікава.

— Злавіць? — з сумненнем перапытаў Валік. — А як? Мы ўсё ж маленькія, а звер — вялікi!

— Дык мы ж не пойдзем на яго галаруч, як дарослыя! — разважыў Алесь. — Мы будзем разумней. Зробім для пачвары пастку!

— Менавіта так! — падхапіла Алеся. — Уяўляеце, як усе на Зарэчнай здзівяцца, калі мы яго зловім? І таты з матулямі, і бабулі з дзядулямі, і суседзі, і нават вартавыя! А калі вакацыі скончацца, настаўніца спытае: «Ну і як вы прабавілі час?» I мы ёй тако-о-ое раскажам — увесь клас зайздросціць будзе!

Дзеці задумаліся. Якая ж у гэтым была спакуса!

— Толькі вырашайце хутчэй, — прыспешыў усіх Алесь. — А то хутка пра дзікіх звяроў пачуюць бацькі і пацягнуць нас дахаты. І не будзе ніякай прыгоды!

Тады сябры хорам адказалі:

— Па руках!

Алесь і Алеся, Валік і Валерка, Мая, Марына і Маргарыта селі кругам на кукішкі і пачалі абмяркоўваць:

— Пастку трэба зрабіць у пустэльным месцы, каб у яе не трапіў нехта іншы...

— Так, гайда ў стары яблыневы сад!

— Цудоўна. А з чаго мы зробiм клетку?

— Патрэбна нешта вялікае!

— Можа, акварыум?

— Ды не, значна больш! Гэта ж сапраўдная пачвара, а не марская свінка!

— Стары куфар?

— Яшчэ больш, разоў у сто! Ну, ці хаця б у два-тры разы.

Дзеці на хвілю задумаліся і нават разгубіліся, але потым Алесь з Алесяй у адзін голас усклікнулі:

— Пустая скрыня для бульбы! У нашым падвале ёсць!

Блізняты пабеглі па скрыню, астатнія — па розную ежу, таму што ніводная пастка не бывае без прынады. Валік і Валерка спустошылі свой халадзільнік, а Мая, Марына і Маргарыта набралі на кухні гародніны і садавіны. Усё атрымалася зрабіць непрыкметна, таму што бацькі яшчэ не вярнуліся з працы, а бабулі і дзядулі глядзелі тэлевізар або слухалі радыё.

Чароўныя ніткі пані ЯніныNơi câu chuyện tồn tại. Hãy khám phá bây giờ