Глава 1. Першая восень

4 0 0
                                    

Вёска была вечна ціхай, часам ажно да вусцішнасці, горад жа гудзеў, як пасекі на суседскім двары, калі Іза прыходзіла туды ў госці і падстаўляла вуха да сценкі драўлянай пчалінай хаткі. Вёска была нешматлюднай — не жартачкі, там жыло хіба чалавек сто, а ў горадзе, быццам бы, маглі размясціцца жыхары тысячы, калі не дзясяткаў тысяч, падобных вёсак. Вёска часта выглядала змрочна, асабліва калі надыходзіла восень, якая ў Ізы нязменна асацыявалася з шэрасцю, крыкам варон і скрыпам калёсаў, а горад з першых жа секунд ззяў мноствам самых яркіх колераў, частка з якіх ніколі не сустракалася на адзенні вяскоўцаў, бо фарбаваць тканіну ў падобныя адценні было занадта дорага, дый непрактычна. Карацей кажучы, вёска і горад выглядалі як два розныя сусветы.
Іза стаяла на месцы і з захапленнем азірала высачэзныя дамы і натоўпы людзей у разнастайных капелюшах і ўпрыгожваннях, як нейкі мужчына, ці тое наўмысна, ці тое выпадкова, штрухнуў яе так моцна, што яна ледзь не выляцела пад колы асабліва дарагіх і прыгожых калёсаў (калі яна правільна памятала, то хтосьці з вясковых казаў, што яны называюцца «карэта»). Хацелася адразу гукнуць незнаёмага мінака, маўляў, гэй, што такое, але той ужо паспеў так далёка адысці, што трэба было крычаць, каб ён яе пачуў. Мабыць, гарлапаніць на вуліцах новага месца ўсё ж было не найлепшай ідэяй — што пра як тады падумаюць іншыя гараджане?
А меркаванне іншых людзей было ў гэтым выпадку асабліва важным, бо ў гэтым чароўным горадзе, які пакарыў яе з першых секунд, Іза збіралася застацца назаўсёды. Не, вядомая справа, што яна не перастане ездзіць на малую Радзіму, бо бацькам трэба было дапамагаць збіраць ураджай кожны сезон, дый сясцёр-братоў бы на ногі паставіць. Але ў агульным, так, яна хоча цяпер стаць гараджанкай.
Іза азірнулася вакол сябе, шукаючы якія-небудзь указальнікі, што маглі бы падказаць ёй дарогу да шынка нейкага «Пана Бондара», аб якім ім пісала Луна. Пра шынок, у якой сяброўка працавала, яна згадвала ў лістах пасля свайго пераезду хіба што вось гэты адзіны раз, мабыць, больш нічога не расказваючы наўмысна, каб не расчароўваць у гарадскім жыцці. Іза толькі фыркала, чытаючы чарговы ліст, дзе ўсё было апісана ў найяскравейшых фарбах — можа быць, яна крыху наіўная, як ёй часта казалі бацькі, але яўна не зусім дурная, каб не разумець, што дасканалаа і бесклапотнага жыцця не будзе нідзе. Але, мабыць, Луна хацела падтрымаць у ёй веру ў казку, і гэта нават было ў нейкай ступені міла.
Менавіта мілую і крыху нават падобную да Луны гандлярку гароднінай Іза і запытала наконт дарогі да шынка.
— Шынок? Дарагая, ды ў нас тут сотні па ўсім горадзе, дый яшчэ дзясяткі за гарадскім валам!— паўнаватая (гэтым яна якраз не была падобная да сяброўкі, бо тая ўсё жыццё была худая, як жэрдка) брунэтка на секунду перастала раскладваць цыбулю і паклала рукі на прылавак.
— Так, я разумею,— гэта была брахня. Іза ніколі б не падумала, што дзесьці можа быць сто шынкоў, але прызнавацца ў гэтым хіба не было патрэбы.— Але мне патрэбная тая, якая належыць Пану Бондару.
— Пан Бондар? Уяўлення не маю, аб кім ты, дзяўчо. Можа быць, у нейкіх іншых кварталах ведаюць такога, спытай там.
— Дзякуй,— Іза кіўнула і ўпэўненым крокам адышла за рог, каб ужо там стаць каля сцяны нейкага сімпатычнага дома ў поўнай збянтэжанасці.
Іншыя кварталы? Дзе праходзіць мяжа паміж адным і другім? Колькі іх увогуле ў гэтым вялічэзным горадзе? Яна можа такім чынам змарнаваць увесь дзень, але нічога так і не адшукаць. Мабыць, усё ж было лепей папярэдзіць Луну, што яна ўжо зараз пераязджае, а не рабіць неспадзяванку?
Іза ізноў азірнулася. Можа быць, у гэтым месцы, якое нагадвала маленькую плошчу, віселі б нейкія ўказальнікі? Але нічога не было. Яна толькі раздражнённа цокнула языком: вось у іх на раздарожжы перад вёскай заўсёды стаялі ўказальнікі, дзе якое паселішча знаходзіцца. А тут толькі прыгажосць навялі і ніякай карысці! Асабліва бянтэжыў мармуровы, мабыць, фантан з разнымі фігурамі цмокаў і русалак — калі такая раскоша стаяла на маленькай плошчы недалёка ад ўваходнай брамы, то што тады было на цэнтральнай?
Не паспела Іза пра гэта падумаць якслед, як заўважыла дзіўны рух у гэтым самым фантане. Спачатку яна нават не зразумела, што не так, і збіралася ўжо крочыць да найбліжэйшай крамы, што належала нейкаму мясніку Альфрэду, судзячы па вывесцы, як рух паўтарыўся.
— Адразу відаць, што яна нетутэйшая,— пачуўся голас з боку фантана.
— Але. Гатовая спрачацца, не ведаю, на пяцьдзесят крон, што яна зараз не разумее, адкуль чуе галасы.
— Ніхто не будзе з табой спрачацца, бо гэта адразу пройгрышная стаўка.
Іза ўвесь час блукала позіркам па натоўпе вакол, каб убачыць кампанію, што так з яе кпіла. І толькі пасля апошняй фразы яна заўважыла ў фантане жанчыну гадоў трыццаці, якая ляніва азірала яе, паклаўшы рукі і галаву на борцік. Побач з ёй была яшчэ адна дзяўчына і нейкі малады хлопец, мабыць, яе равеснік.
— Русалкі...— шапнула Іза сама сабе, але тыя трое яе пачулі.
— Ура, яна здагадалася!— дзяўчына папляскала ў далоні, але пасміхалася збольшага прыязна, таму, калі яна жэстам паклікала яе падысці, Іза так і зрабіла.
— Я не думала, што вы...
— Жывыя?— хлопец пасміхнуўся так чароўна, што ажно стала крыху няёмка.— Не бойся, не ты першая, не ты апошняя. Нешта падказаць?
— Вы тут у якасці памочнікаў для прыезджых?— спытала Іза замест таго, каб пацікавіцца шляхам да шынка.
— Не зусім,— жанчына, якая ўвесь гэты час маўчала, уважліва назіраючы за малодшымі прыяцелямі і новай жыхаркай горада, таксама падала голас.— Хутчэй як тутэйшая славутасць. У іншых фантанах таксама ёсць русалкі, ты потым убачыш. Дык што, падказаць дарогу?
— Так, было б вельмі добра! Я шукаю шынок Пана Бондара.
— Пана Бондара?— хлопец-русал раптоўна заскачыў на борцік фантана і пачаў уважліва глядзець кудысь удалячынь, прыкрываючы вочы ад сонца. Луска яго хваста была сіне-фіялетавага, як сцягі каралеўства, колеру і ад святла блікавала сонечнымі зайчыкамі.— Тады табе ву-унь туды, бачыш? Там, дзе кветкавая крама? Потым павернеш налева, зноў налева і направа і там ужо будзе галоўная плошча, вось дзесь там і шукай свой шынок.
— Дзякуй вялікі,— Іза хацела ў сваёй звыклай манеры гучна выгукнуць падзяку, але выціснула з сябе толькі шэпт, збянтэжыўшыся пасля таго, як перасяклася з русалам позіркамі.
Яна кіўнула астатнім русалкам і хуткім крокам скіравалася па ўказаным кірунку, чуючы за сабой звонкае хіхіканне – мабыць, падумалі, што яна закахалася ў яго, сорам які. Зусім не закахалася, а проста здзівілася – у яе вёсцы такіх прыгожых хлопцаў ніколі не было, не кажучы ўжо пра русалаў – толькі адны шкадлівыя духі і жылі ў такой глухмені.
Аказалася, праўда што і ў горадзе былі свае шкадлівыя істоты, бо русалкі ўказалі няправільны шлях. Іза ўважліва сачыла за тым, каб правільна выканаць інструкцыі і, хоць яна часта блытала права і лева, усё ж была ўпэўненая, што дайшла ў той бок – не проста ж так перад ад'ездам наўмысна павесіла сабе на правую руку бранзалет, папярэдне перапытаўшы ва ўсіх сямейнікаў, ці не паблытала яна нічога.
Тым не менш, выйшла яна не на галоўную плошчу, дый не на плошчу ўвогуле – патрапіла Іза на зусім выпадковую вуліцу, на якой нават ніякіх крам не было, адны толькі жылыя дамы. На ганку аднаго з іх сядзеў мужчына, які па ўзросце мог бы быць яе дзядулем, і перабіраў у руках ружанец. Мабыць, варта было паспрабаваць спытаць пра дарогу?
Іза не паспела і рота раскрыць, як міжволі спынілася. Адразу неяк было і не зразумела, што не так, але чым больш яна глядзела на незнаёмца, тым мацнела ў ёй пачуццё, што ўся справа ў ім. Можа яе пужаў спаласаваны шнарамі твар з сляпым вокам? Наўрад ці — калі на яе дзядзьку Сымона напаў ваўкалак, яго прыцягнулі дадому ў куды горшым стане. Можа агульнае ўражанне кволасці і нейкай крохкасці сілуэта мужчыны? Быццам бы, калі ён упадзе з лесвіцы, то яго косці разляцяцца на кавалкі, як шкляны ружанец у яго руках...
Гэта было яно! Ружанец са шклянымі пацеркамі выдаваў у ім такога ж нетутэйшага, як яна сама — падобныя рэчы, разам з ладным шкляным посудам і ўпрыгожваннямі вырабляліся ў адным з мястэчкаў, што спрадвечна мясціліся пад сталіцай. Іза не памятала ні ягонай назвы, ні дакладнага размяшчэння, але затое ў яе галаве засела галоўнае — паселішча калісьці даўно было знішчана вядзьмарствам. Ні прычын такіх паводзінаў, ні звестак пра далейшы лёс ацалелых жыхароў у старой легендзе не было, дый гэта было не так важна — важна было тое, што гэта зрабіла вядзьмарства, пра што рэгулярна ўспаміналі, калі апавядалі гэтую гісторыю.
Іза ўздрыгнула. Яна зразумела, хто сядзіць перад ёй, але ці зразумеў ён, хто яна?
— Добры дзень, спадар,— у вёсках ветлівыя паклоны былі традыцыйным спосабам вітання са старэйшымі незнаёмцамі. Гэты аднак адмахнуўся ад такога жэсту.
— Добры-добры, не трэба тут паклоны біць. Што хацела?
— Ці не маглі б вы падказаць, дзе галоўная плошча?
— Цьху ты, дык гэта ж зусім у іншым баку,— мужчына ўстаў і пачаў акуратна спускацца са сходаў, але пры гэтым так хістаўся, што Іза забаялася, што незнаёмец зараз сапраўды ўпадзе.
— Праўда? А русалкі мне сказалі...
— Русалкі?
— Ну так, у адным з фантанаў.
— Цьху ты, хто ж русалкам верыць? Яны ж ног не маюць, па горадзе не ходзяць, адкуль яны маглі ведаць, куды табе ісці!
Іза адчула, як пачалі палаць шчокі. Вось дурная! Праўда што, з чаго яна ўзяла, што русалкі будуць ёй дапамагаць! Маці заўсёды казала, што ад іх трэба трымацца далёка, добра яшчэ хоць, што той дурань з сінім хвастом яе ў гэты фантан не зацягнў.
— Маеце рацыю,— ціха буркнула Іза, але забаялася, каб мужчына не прыняў на свой кошт яе незадаволенасць, таму надала сабе бадзёры выгляд і працягнула.— Мне ўвогуле патрэбная не галоўная плошча, а шынок Пана Бондара...
— Бондара? Дык яна ж не на галоўнай плошчы. Няхай нас Уладар і Ўладарка берагуць, каб падобная памыйка была ў цэнтры горада!
Вось жа... Нічога, потым яна завітае на тую плошчу і перакінецца некалькімі словамі з тымі русалкамі. Можа ўпотай што-небудзь кіне ім у фантан у якасці помсты. Але ўголас яна сказала зусім іншае:
— Дык вы ведаеце, як прайсці да шынка Пана Бондара?
— Я табе п'яніца нейкі ці што?— мужчына сурова нахмурыўся і Іза ўжо спужалася, што неяк абразіла яго, як ён працягнуў: — Глядзі, табе трэба дайсці да канца гэтай вуліцы, а там завярнуць направа і ісці доўга, пакуль ты не пройдзеш праз дзве мясныя крамы, а потым павярні направа, наўпрост у тупік і там будзе той шынок. Глядзі толькі не забудзь: паварочвай пасля другой мясной крамы, не раней!
— Дзякуй, я запомню.
— Запомні яшчэ, што не трэба давяраць каму папала,— ён усміхнуўся сабе ў вусы, але тут жа пазмрачнеў і сціснуў у руцэ ружанец.— Асабліва русалкам і іншаму брыдоццю. У нас тут вядзьмарства шмат, таксама асцярожней з імі.
Іза кіўнула яму і рушыла ў, як яна спадзявалася, хоць на гэты раз, правільным кірунку. Руку, тым часам, ліхаманкава запякло, і здавалася, што гэта ўсё праз цесны, але ў межах разумнага, металічны бранзалет, але вартаўнікі казалі, што ён ніяк не ўплывае на самаадчуванне, а служыць толькі для таго, каб сачыць за тым, ці не прымяняе вядзьмарства свае здольнасці. Па словах мужчыны, які надзяваў на яе бранзалет, металічнае, калі можна так яго назваць, упрыгожваенне павінна пацямнець пры першым жа выкарыстанні чараў. Пра гэта ўсё Луна таксама згадвала ў сваіх лістах, таму Іза не была ані здзіўленная, ані спалоханая, толькі спадзявалася, што сяброўка таксама не разгубілася, калі сутыкнулася з гэтым без папярэджання.
Нарэшце паказалася другая мясная крама, за якой адразу знаходзілася перакрыжаванне. Іза выцягнула правую руку з бранзалетам з таннымі пацерачкамі, які быў зроблены і надзеты яшчэ ў роднай вёсцы, і завярнула ў патрэбны бок. Адразу, зрэшты, яна ўбачыла метрах у дваццаці, што завулак сапраўды заканчваўся тупіком. Дзесьці на краю свядомасці мільгнула думка, што бранзалет з правай рукі можна было зняць, бо цяпер быў арыенцір на левай, ад якога пазбыцца можна было хіба што пасля смерці, але тут перад вачыма ўзнік шынок пад неймаверна непрывабнай назвай «Дно бутэлькі». Іза ўважліва азірнулася ў пошуках іншых магчымых месцаў працы Луны, але больш ніякіх шынкоў у завулку не было.
«Дно бутэлькі» адштурхоўвала ад сябе не толькі назвай і незадаволенасцю на адну яго згадку ад таго мужчыны, што падказаў Ізе дарогу, але і сваім выглядам, асабліва ўнутраным. Усярэдзіне святла амаль што не было бо, хоць на вуліцы яшчэ не пацямнела, шыбы былі зацягнутыя звярынымі шкірамі, а на жырандолі ці тое не хапіла грошай, ці тое жадання іх павесіць, таму адзінай крыніцай асвятлення былі самотныя свечкі на кожным стале. Зрэшты, наведвальнікам шынка хіба што ўсё адно было на гэты факт, бо ўсе былі занадта занятыя сваімі бутэлькамі і шклянкамі.
За стойкай высокі хударлявы мужычына з забаўнымі тонкімі вусамі не самай чыстай на выгляд анучкай праціраў падобныя шклянкі. Іза вырашыла падысці да яго і спытацца наконт сяброўкі, але спачатку ўсё ж пераканацца, што яна сапраўды папала туды, куды трэба.
— Добры дзень. Прабачце, гэта ж шынок Пана Бондара?
Незнаёмец зірнуў на яе дзіўным поглядам і прыкусіў ніжнюю губу... намагаючыся не засмяяцца?
— У чым справа?— перапытала збянтэжаная Іза, ужо баючыся, што і той мужчына з ружанцам яе падмануў і ўказаў няслушны шлях.— Я не туды патрапіла?
— Ды не, не, усё добра, ты там, дзе трэба,— незнаёмец пасміхнуўся і весела фыркнуў.— Хаця, калі табе трэба быць у такой дзіры, баюся, у тваім жыцці ўсё не асабліва добра.
— Я шукаю сваю сяброўку, яна тут працуе.
— Ты пра Луну, мабыць? Чакай, яна зараз павінна якраз выйсці на залю.
Іза кіўнула і, назіраючы за мужчынам, з твару якога ўсё не сыходзіла дзіўнаватая пасмешка, стала каля дзвярэй шынка. Вельмі хацелася куды-небудзь прысесці пасля ўсіх гэтых блуканняў па горадзе, але свабодных столікаў нідзе не было відаць — паўсюль сядзеў хоць адзін чалавек, як правіла, мужчына, але дзесь у канцы залі было і некалькі кабет; у любым выпадку далучацца да незнаёмцаў неяк і не хацелася. Асабліва да тых, якія пасярод дня бавілі свой час з ужо амаль пустымі бутэлькамі трункаў.
За найбліжэйшым столікам сядзелі два мужчыны і спачатку Іза ўвогуле не заўважала іх прысутнасці, бо абодва маўчалі, але потым адзін з іх пачаў бурчэць нешта сабе пад нос. Першую хвіліну не было зразумела нічога з таго, што гаварыў незнаёмец свайму субутэльніку, але потым яна нават вылавіла з агульнай плыні мыкання нешта пра непрададзеную карову.
Другі мужчына ці тое быў не такі п'яны, ці тое, наадварот, быў больш дасведчаным п'яніцам, пахістаў галавой і загаварыў надзіва выразна:
— Ды вядзьмаркі гэта ўсё. Ці ведзьмары, халера іх разбярэ,— ён пастукаў далонню па стале, прыцягваючы ўвагу свайго суразмоўцы.— Вось гэтая хеўра табе карову папсавала, руку даю на адсячэнне!
У адказ прагучала дагэтуль неразборлівае мыканне і Іза ледзь не засмяялася ад думкі, што ўладальнік каровы і сам недалёка сышоў ад сваёй гадаванкі.
— Дык ты ж сам сказаў, што ў вёсцы ўсё нармальна было, а як у горад прывёў, дык адразу малако знікла! Можа якая суседка ўпотай малако крала, а як даведалася, што ты карову прадаць хочаш, дык і пракляла. Ёсць у цябе ў суседзях вядзьмарства без кароў? Адкуль табе ведаць? Дык у вас жа ў вёсках вы сваё вядзьмарства у твар ведаеце! Як прыедзеш дадому — пагавары з жонкай, а потым паскардзіцеся солтысу вашай вёскі, няхай пакараюць брыдоцце.
Даслухаць, што на тэму пакарання «брыдоцця» думае гаспадар жывёлы, Іза не паспела, бо з іншага боку залі пачула гук адчынення дзвярэй і ўбачыла сваю дарагую Луну.
Іза чакала, што за той час, што яны не бачыліся, сяброўка змянілася, але ўсё роўна здзівілася, пабачыўшы яе. Вядома справа, што гаворка была не пра старэнне, бо якое можа быць старэнне ў ейных дваццаць год? Змены хутчэй датычыліся агульнага выгляду і паводзінаў дзяўчыны.
Луна ніколі не была сарамлівай, а хутчэй проста ціхай і трохі дзіклівай, і ў вёсцы была вядомая як шэрая мыш, непрыкметная і нецікавая. Тут жа сяброўка была зусім іншай — яна ўпэўненым крокам з амаль гаспадарскім выглядам хадзіла паміж сталоў і дастаўляла, куды трэба было, бутэлькі і талеркі з ежай. Сутулая раней асанка зараз была ідэальна прамой, а распраўленыя шырока плечы стваралі ўражанне, што Луна крыху вырасла, хоць гэта наўрад ці было праўдай, бо выраслі ў яе хіба што валасы — у дзяцінстве неаахайныя пасмы ледзь даходзілі да плеч, а зараз у дзяўчыны ажно да пояса спускалася шаўкавістая чорная каса. Іза нават міжволі зірнула на сваю залатую косачку, хвосцік якой ляжаў роўна на ўзроўні раменніц.
Хацелася ўжо падціснуць вусны ад жартаўлівай зайздрасці, але тут нарэшце позірк Луны слізгануў у ейны бок. Дзяўчыны пастаялі нерухома некалькі секунд, пасміхнуліся адной і Іза рушыла насустрач сяброўцы, акуратна яе абдымаючы, каб у той не выпаў паднос.
— Іза!— Луна, зрэшты, гэты паднос паставіла на адзін са сталоў, і абняла яе ўжо якслед.— Ты чаму не папярэдзіла, што прыедзеш? Я б цябе хоць сустрэла і правяла.
— Ды я вырашыла неспадзяванку табе зрабіць,— засмяялася тая ў адказ.— Да таго ж, я не прыехала, а пераехала — бацькі далі дабро і цяпер я буду жыць тут з табой разам!
— Праўда?— Луна адпусціла яе і пасміхнулася.— Ты ўпэўненая, што ты гатова? Гэта табе не бацькам дапамагаць, тут самой кожны дзень працаваць трэба.
— Вой, пабойся Ўладаркі і Ўладара, мы з табой у гэтай вёсцы так «дапамагалі», што гэта было як паўнавартасная праца. А тут хаця б плаціць будуць за яе, — Іза міжволі хіхікнула, успамінаючы адзін з лістоў сяброўкі.— Калі гэты ваш Пан Бондар не будзе і мне заробкі затрымліваць.
Мужчына за стойкай, які за гэты час ужо паспеў супакоіцца і вярнуцца да сваіх спраў, усё ж не стрымаўся і засмяяўся, але яшчэ і разам з Лунай.
— Ды што такога я кажу? Чаму вы смеяцеся з мяне?
— «Пан Бондар» — гэта мянушка,— патлумачыў мужчына.— Гаспадара шынка клічуць Якуб. Лепш так яго і называй, а тое ён як чуе «Пан Бондар», дык адразу вар'яцець пачынае.
Іза злосна зірнула на Луну, але тая, толькі са смяшком паціснула плячыма, маўляў, я не вінавата, што ты так добра гэта запомніла.
У гэты момант адчыніліся яшчэ адны дзверы, на гэты раз уваходныя, і ўнутры з'явіўся гаспадар шынка. Іза адразу зразумела, што гэта не мог быць ніхто іншы — поўны мужчына з вельмі аб'ёмным жыватом і кароткімі канцавінамі літаральна выглядаў як бонда на ножках. Спадар Якуб, зрэшты, быў настолькі ўпэўненым, быццам бы не яго называлі крыўднай мянушкай, а ён меў знешнасць якога-небудзь прыгажуна. Адразу міжволі ўспомніўся русал, які ўказаў Ізе няправільны кірунак, і яна адчула, як ізноў пачынае раздражняцца.
— Канстанты, Авалуна, чаго стаім? Працоўны дзень ужо закончыўся?— гаспадар папляскаў у далоні, каб і Луна, і мужчына за стойкай вярнуліся да сваіх абавязкаў, што абое, зрэшты, адразу і зрабілі, пакідаючы Ізу сам-насам з Панам Бондарам.— Ты яшчэ хто?
— Маё імя Іза... Алаіза, — яна адразу перабіла сама сябе, называючы нязвыклае поўнае імя, якім у вёсцы, мабыць, і не карысталася ніколі,— я б хацела працаваць у вас тут, калі вам патрэбныя яшчэ людзі.
— Людзі заўсёды патрэбныя,— мужчына пачаў задумліва круціць па пальцы адзін са сваіх вусоў.— Але ахвотных многа, чаго б мне браць менавіта цябе?
Іза краем вуха пачула, як Канстанты хмыкнуў на слове «многа».
— Я працавітая і не баюся цяжкасцяў,— смела сказала яна.
— І гэта найчысцейшая праўда,— дадала Луна, якая якраз аказалася побач, ставячы на стол талерку з запечанай бульбай.— Спадар Якуб, яна мая даўняя сяброўка і аднавяскоўка. Мы раслі ў аднолькавых умовах, таму, калі вам падабаецца, як працую я, то можаце смела браць Ізу, бо яна будзе гэта рабіць так жа сама.
Гаспадар шынка хмынуў, яшчэ з некалькі секунд пакруціў вус, а потым раздражнённа махнуў рукой і сказаў:
— Трасца з вамі! Можаш пачынаць з заўтрашняга дня. Авалуна табе ўсё раскажа і,— ён строга нахмурыўся,— будзе адказваць за цябе галавой.
Дзяўчаты адначасова згодна кіўнулі і, пачакаўшы, пакуль Якуб падымецца на другі паверх і знікне з поля зруку, ізноў абняліся, радасным смехам напужаўшы аднаго з п'яніц, што падышоў да Канстанты, каб нешта заказаць. Мужчына за стойкай толькі ўсміхнуўся і з ухваленнем кіўнуў абедзьвюм, адразу вяртаючыся да працы.
— Віншую цябе з першай працай,— Луна жартаўліва пляснула яе па плячы.— Як толькі я закончу — пойдзем дадому і адзначым гэтую справу якім-небудзь дарагім печывам з сапраўдным чаем!
— Сапраўдным чаем?
— Так. Яго прывозяць з поўдня, дзе яго робяць з нейкіх адмысловых траў. У параўнанні з ім, тое, што мы пілі ў вёсцы — падфарбаваная вада без смаку.
— Уладарка і Ўладар, чакаю з нецярпеннем!— Іза радасна падскочыла на месцы, але потым зразумела, што забыла запытаць аб больш важнай рэчы, чым напой для святкавання.— А дзе мы будзем жыць?
— Я пакуль наймаю пакой,— нязвычна для сябе засакатала Луна, відаць, заўважыўшы, што некаторыя заказы ўжо гатовы і ёй трэба бегчы іх разносіць.— Там толькі адзін ложак, але як-небудзь працягнем там да твайго заробку і тады зможам пераехаць у суседні, там нам хопіць месца. Пачакай пакуль мяне дзе-небудзь, я праз некалькі гадзін буду вольная.
— Я пасяджу тут.
— Упэўненая? Можа лепш пагуляеш па горадзе дзе-небудзь?
— Не, баюся, што потым не знайду дарогу назад.
— Як ведаеш,— Луна махнула рукой і хуткім крокам скіравалася на кухню.
Іза, тым часам, прыкмеціла свабодны столік каля пустога каміна, што чакаў халадоў, каб быць запаленым, і села туды. Вакол было ўсё так жа цёмна, душна дый не асабліва прыемна пахла, але ў галаве Ізы зараз была толькі адна думка: «Нарэшце я тут».

МатылькіWhere stories live. Discover now