Іза заўсёды любіла матылькоў. Матылькі ж, у сваю чаргу, не заставаліся ў даўгу – колькі яна сябе памятала, кожны раз пры выхадзе на вуліцу ў цёплае і сухое надвор'е вакол яе заўсёды лётаў хаця б адзін з іх. Часам, праўда, кампанію ёй складалі яшчэ і іншыя насякомыя: чымсьці вечна занятыя мурашы, пчолы, якіх у наваколлі было асабліва многа, дзякуючы суседзям-пчалаводам, ці нават прусакі, якіх баяліся ўсе іншыя дзеці і некаторыя дарослыя, але Ізе прусы падаваліся забаўнымі і дружалюбнымі.
У дзяцінстве бацькі заўсёды скардзіліся на тое, што яна павольна выконвае свае абавязкі, пераступаючы кожнае сустрэтае насякомае, баючыся яго раздушыць. Іза ніколі не разумела такіх абурэнняў і ў знак пратэсту аднойчы прайшлася па кветках, якія мама пасадзіла перад домам.
— Як думаеш, кветкам падабаецца, калі па іх ходзяць?!— раззлавана крычала тады Іза, топчучыся па нейкіх там раслінках. У больш дарослыя гады яна ўсё думала, што гэта былі незабудкі, але не была ўпэўненая, бо ўсе кветкі былі для яе аднолькавыя. — Вось і мурашам не падабаецца, калі ты іх душыш!
— Ах ты малая паршыўка!— таксама закрычала тады мама. Яна нават кінула бялізну, якую развешвала на працягнутых ад адной яблыні да другой вяроўках. У некалькі крокаў мама дабралася да Ізы і за вуха выцягнула яе з патаптаных ужо кветак.— Ты хоць ведаеш, колькі твой бацька заплаціў за іх?! Іх прывезлі са сталіцы!
— Дык жучкі можа таксама са сталіцы прыпаўзлі!— вырываючыся запярэчыла Іза. Раптоўна яна адчула як хватка на яе вуху аслабела, а мама выпарасталася і засмяялася, рукой папляскаўшы яе па макаўцы.— Што? Што ты смяешся?
— Нічога. Ты ў нас такая дзівачка.
«Дзівачка?» — падумала тады Іза. Звычайна яна чула гэтае слова ад іншых дзяцей, дый у не зусім добрым сэнсе, але ад мамы, зрэшты, гэта гучала як нешта не такое ўжо і дрэннае. Як службоўнік з храма называе Марка з суседняй вёскі «боўдзілам» — быццам бы павінна быць крыўдна, але так ён гэта казаў, што і крыўдзіцца не атрымлівалася.
— Дзівачкай быць не так ужо і дрэнна, ведаеш?— сказала аднойчы Іза, калі яны з Лунай замест пасляабедзеннага сну ў летнюю спякоту пайшлі прамачыць ногі ў сажалцы за полем.
— Ты так кажаш толькі таму, што галоўная дзівачка вёскі не ты,— неяк па-даросламу фыркнула тады Луна.— За табой не бегаюць усе тутэйшыя хлопчыкі з крыкамі «Вядзьмарка! Вядзьмарка! Павесіць на дрэве злачынцу!»
— Ніхто ўжо так не робіць,— адмахнулася Іза, заходзячы ў возера. Яе сарахван быў падвязаны так, каб не замачыцца, але нейкая частка ўсё роўна намокла.— Святыя Ўладарка і Ўладар, ну я ж... Ай, ды ну яго!— Іза развязала вузлы, якія павінны былі падтрымліваць спадніцу над вадой, вырашыўшы, што ў тым, каб хадзіць з мокрым падолам, няма нічога страшнага.— Цябе так дражнілі, калі нам было, ну не ведаю, гадоў па шэсць! Многа хто ў такім узросце робіць глупствы. Я вось затаптала кветкі сваёй мамы. Уяўляеш, яна дагэтуль мне гэта прыгадвае!
— А што калі я праўда вядзьмарка?— Луна дагэтуль так і не зайшла ў ваду, стаючы якраз там, куды не даходзілі слабыя хвалі невялікай сажалкі.— Разумееш, што калі я акажуся вядзьмаркай, то мяне ізноў будуць так дражніць. Дый дражніць яшчэ, мабыць, не самае прыкрае.
— Вой, ну з чаго ты ўзяла, што ты вядзьмарка?
— Іза, мая маці верагодна ёй была.
— Мы гэтага не ведаем.
— Гэта толькі дадае сумневаў.
Яны абедзьве замаўчалі, узіраючыся ў іншы бераг сажалкі, дзе бегалі нейкія вясковыя дзеці. Іза падазравала, што і яе брат таксама быў сярод іх. Януш пра якога тата казаў, што той ад нараджэння круціўся як у вар апушчаны, наўрад ці б зараз сядзеў і даглядаў іх малодшую сястру, як яму і належала, а хутчэй бы ўцёк праз гароды і насіўся б з усімі, пакуь бацькі б не злавілі. Іза ўжо хацела пажартаваць пра гэта, але не паспела і рота раскрыць, убачыўшы занепакоенасць на твары сяброўкі.
Луна сутулілася і тармасіла закасаны рукаў кашулі, нярвова блукаючы позіркам па чымсьці Ізе невядомым. Сяброўка таксама хацела нешта сказаць, але ў апошні момант перадумала і прамаўчала.
— Ведаеш, а быць вядзьмаркай таксама не так ужо блага,— сказала Іза, сама не чакаючы ад сябе такіх слоў. Луна, не менш здзіўленая, недаверліва паглядзела ў яе бок, але не запярэчыла. Бо не паспела — Іза адразу працягнула: — Вось мой тата кажа, што гэта не грэх само па сабе. Вядзьмарыць — грэх, так. Але ж можна быць вядзьмаркай і гэтага не рабіць? Чым ты тады будзеш адрознівацца ад іншых?
Сяброўка яшчэ больш недаверліва ўскінула адно брыво і без слоў далонню ўказала на свой твар. У ім, зрэшты, не было нічога асаблівага, на думку Ізы, але чамусь усе астатнія жыхары вёскі і нават чужакі з лёгкасцю счытывалі ў ёй нетутэйшую. Зрэшты, гэта было не зусім праўдай – нетутэйшай была толькі маці Луны, ад якой ёй дасталося дзіўнаватае імя і знешнасць, а вось сям'я яе бацькі жыла ў вёсцы ледзь не ад самага яе заснавання. Справе, зрэшты, гэта не дапамагала, таму ў дадатак да кпінаў пра вядзьмарку, сяброўка выслухоўвала яшчэ і пра «едзь дадому».
— Ну так,— неахвотна прызнала яе рацыю Іза.— Крыху адрознівацца ты ўсё ж будзеш. Але ж гэта нават і добра. Хто хоча быць такім, як усе?
Цяпер ужо была чарга Луны адмахвацца. Калі яна была ўпэўненая ў сваіх думках, то яе было амаль немагчыма пераканаць, і Ізу гэта да жудасу раздражняла. Больш яе раздражняла хіба тое, што часцяком менавіта сяброўка мела рацыю.
Не, мабыць найгоршае было тое, што тая таксама гэта разумела.
— Я табе кажу, не, нават не так,— Луна крыху адхілася назад, выбіваючыся са стройнага шэрагу іншых чатырнаццацігодак, якія годам пазней сабраліся ў храмавым садзе,— руку даю на адсячэнне,— яна закасала занадта доўгі рукаў сукенкі, якая калісьці належала яе маці, паказваючы, уласна, руку,— што зараз я акажуся вядзьмаркай. Хіба што толькі наконт астатніх я не ўпэўненая.
— Стаўлю крону, што Мацей будзе ведзьмаром — ён такі занудны, што гэта ажно грэх,— Марк, які чамусьці заўсёды стаяў каля Луны на ўсіх святах, таксама ўжо хацеў павярнуцца да іх, але Іза пхнула яго ў спіну абедзьвюма рукамі, прымушаючы застацца на месцы.
— Марк, закрый ты ўжо рот,— шыкнула яна.— Ты так шэпчаш, што цябе ўсе суседнія вёскі чуюць!
— Вой-вой, бач якая разумная,— хлопец закаціў вочы і перад тым, як канчаткова адвярнуцца ад іх, дадаў: — Усе суседнія вёскі чуюць, бо ўсе зараз тут перад храмам. Курыца.
— Луна, калі акажашся вядзьмаркай, то пракляні яго, калі ласка.
— З неймавернай асалодай, нават калі давядзецца заплаціць за гэта сваім жыццём.
Службоўнік Карл кінуў у іх бок строгі позірк, які, зрэшты, адразу змякчыўся, калі Іза жэстамі паказала яму, што яны ўжо разыходзяцца. Яна асцярожна папляскала Луну па плячы і пайшла да сваёй сям'і, забіраючы з рук мамы маленькую Торы, якая адразу ўмудрылася заснуць, нягледзячы на ўвесь шум навокал.
А нагода пашумець была годнай — хоць праверкі на вядзьмарства стабільна праводзіліся раз у год, дый па сваёй сутнасці не павінны былі выклікаць прыязнае стаўленне, але ў вёсках з гэтых праверак ладзілі паўнавартаснае свята. Пакуль Іза, седзячы на лаўцы, пінала дробны жвір пад нагамі і разважала, ці не таму для іх гэта свята, што ў вёсцы няма аніводнай вядзьмаркі ці вядзьмара, Карл пачаў сваю звыклую прамову, якую ўсе так добра памяталі, што толькі выгляд рабілі, што слухалі, каб не засмучаць службоўніка.
Уважлівасць вярнулася да Ізы толькі тады, калі ўсе чатырнаццацігодкі з некалькіх навакольных вёсак падышлі да каменнага алтара, на якім стаяла вельмі прыгожая чара, выкананая са звычайнага дрэва, але аздобленая неймавернымі ўзорамі мясцовай рэзчыцы. Кожнае дзіця ад самых малых гадоў марыла пра тое, каб патрымаць яе ў руках, але шанец разглядзець чару пабліжэй ды дакрануцца да яе быў толькі адзін — падчас праверкі на вядзьмарства.
Іза дасканала ведала, што будзе далей: кожны будзе падыходзіць да чары, апускаць рукі ў нейкі, як расказвалі тыя, хто ўжо праходзіў праз гэта, смярдзючы раствор, а далей нічога не здарыцца. Што павінна было здарыцца Іза не ведала — не было адкуль, таму кожны год яна таемна спадзявалася, што нехта ўсё ж праверку не пройдзе.
— Дай жа Ўладар і Ўладарка, каб твая Луна аказалася чалавекам,— сказаў тата Іштвану — бацьку Луны.
— Мы ўсе таксама на гэта спадзяемся,— адказала замест яго Лета, трымаючы на руках свайго маленькага сына і зводнага брата сяброўкі.— Зрэшты, я не думаю, што яе маці была вядзьмаркай. Не была ж, Іштван?
— Мне нічога не сказала,— буркнуў мужчына, не зводзячы вачэй з дзяціячай чаргі. Луна павінна была быць наступная.— Нават калі і была, то зусім неабавязкова...
Першае, што заўважыла Іза, быў твар сяброўкі — нават здалёк на ім было відаць выразнае «А я ж табе казала». Спачатку і незразумела было, да чаго ўвогуле такая пераможная міна, але потым нарэшце Іза пабачыла дым. «Дзіўна,— падумала яна,— туману ж не было».
Толькі ўскрык нейкай вельмі ўражлівай старэйшай кабеты расставіў усё на свае месцы: дым сыходзіў з чары. Нават не сыходзіў, а быццам бы прабіваўся, рваўся знутры, а калі апускаўся на зямлю, то няспешна распаўзаўся, блытаючыся ў незакасаных калошынах і падшытых падолах. Нават колер выдаваў ягоную ненатуральнасць — зялёны, дый такі насычаны, якой бывае хіба што трава пасля добрых дажджоў.
Іза з захапленнем азірала гэты магічны туман, нават паспрабаваўшы дакрануцца да яго рукой, на што мама адразу шыкнула, адцягваючы яе далонь падалей ад чараў, якія ніхто з вяскоўцаў, мабыць, ніколі раней і не бачыў. Іза пакорліва апусціла галаву, але незаўважна сцягнула з адной нагі туфлю, а потым шкарпэтку, і апусціла ступак у зялёны дым. Аказалася, праўда, што ў астатнім гэты туман нічым не адрозніваўся ад звычайнага і, хоць гэта трошкі засмуціла Ізу, але ў агульным яна была задаволеная. У адрозненні ад астатніх жыхароў вёскі.
Адразу, як толькі ўсе прыйшлі ў сябе, падняўлся ўжо было гармідар, але службоўнік Карл са спакойным тварам ускінуў рукі дагары і ўсе, быццам бы таксама праз нейкія чары, супакоіліся. Ён нешта пачаў казаць пра тое, як важна разумець, што пакуль чалавек не награшыў, то ён не грэшнік, цытаваў фрагменты «Законаў», але Іза ўсё вачыма шукала Луну, якая знікла адразу пасля таго, як узняўся шум. Яна падумала ўжо, што яна разам з сям'ёй, але Іштван і Лета якраз вярнуліся да іх з разгубленым выглядам.
— Яе солтыс забраў,— адказаў Іштван на нямое пытанне яе бацькоў.
— Нешта сур'ёзнае?
— Не-не,— ізноў умяшалася мачыха Луны.— Сказаў толькі, што на пару слоў.
Іза аддала сястру Янушу, які вельмі дарэчы падхапіўся ўжо быў з лаўкі, але тут жа сеў на месца, каб утрымаць Торы на руках
— Гэй, ты чаго? Мама сказала табе яе даглядаць!
— А я перакідваю гэты абавязак на цябе.
— Ты не можаш!
— Магу, я старэйшая,— Іза паказала брату язык і, абуўшы знятую раней туфлю, узяла ў руку шкарпэтку, каб не марнаваць час на яе надзяванне, і хутка пабегла ў натоўп аднавяскоўцаў, пакуль бацькі не паспелі нічога сказаць.
Луна, тым часам, сама яе знайшла: выходзячы з храма, дзяўчынкі сутыкнуліся так, што абедзьве ледзь не ўпалі.
— Іза! Чаго ты бегаеш як шалёная?
— Гэта было так цудоўна!— замест адказу засакатала тая.— Быў сонечны дзень, а тут — бам! — і паўсюль туман, яшчэ і зялёны! Бачыла б ты твары ўсіх! А старая Багадана вунь ледзь з глузду не з'ехала, бач ты, як завішчала!
— Ага,— Луна нярвова павяла плячом і, узяўшы Ізу за локаць адвяла яе ўбок,— але больш нічога цудоўнага ў гэтым няма.
— Ды ну?
— Гну. Солтыс вунь пагражаў, што пайду на шыбеніцу, калі яшчэ раз нешта падобнае выкіну і ён мяне зловіць.
— То-бок, трэба вядзьмарыць так, каб не злавіў?
— Іза!— Луна нахмурылася і склала рукі на грудзях. Кончыкі пальцаў у яе дагэтуль былі перапэцканыя ў чымсьці цёмна-зялёным, ці тое пасля зелля з праверкі, ці тое пасля саміх чараў.— Гэта ж грэх, сама казала.
— Так, але,— Іза адвяла позірк, намагаючыся пазбавіцца ад храма ў полі зроку, быццам бы, калі б яна яго не бачыла, то і Ўладарка і Ўладар не пачулі б тое, што яна збіралася сказаць.— Вядзьмарыць жа грэшна, таму што гэта ўзносіць цябе над астатнімі, а трэба быць з усімі роўнай, так?
— Так. Да чаго ты вядзеш?
— Да таго,— Іза па-змоўніцку падміргнула, ігнаруючы занепакоены погляд Луны, — што калі вядзьмарыць, скажам так, таемна ад усіх, проста для душы, то гэта ж і не грэх атрымліваецца? Гэта як шыццё — проста такое захапленне вольным часам, якім ты не ўзвышаеш сябе над астатнімі.
— Нават думаць забудзь! Не хачу нічога пра гэта чуць!
— Чаму?
— Таму што. Вось калі ў наступным годзе ты сама акажашся вядзьмаркай, тады і рабі што хочаш са сваімі здольнасцямі, а мяне пакінь у спакоі!
Гэтыя спантанна кінутыя словы сяброўкі неаднакроць успаміналіся як і цягам усяго года да наступнай праверкі, так і ў чарзе да запаветнай чары. Незразумела было толькі, праз што Іза хвалявалася больш: праз тое, што і праўда акажацца вядзьмаркай, ці праз тое, што ўсё ж не. Бацькі ўсё супакойвалі яе, маўляў, не пераймайся, у нас родзе ніколі не было вядзьмарства, дык з чаго б табе быць адной з іх?
— Іза, не спі,— з усмешкай гукнуў яе службоўнік Карл, ківаючы на чару, перад якой ніхто больш не стаяў.— Твая чарга.
— Ну добра,— прашаптала яна так ціха, больш для самой сябе, што яе, мабыць, ніхто больш і не пачуў.
Іза ўпэўненым рухам закасала рукавы і ў адзін крок апынулася перад чарай. Зелле ўнутры і праўда выглядала непрыемна, але смуроду пакуль не было чуваць, адштурхоўваў толькі колер — шэра-зялёны, быццам бы балотная вада, праз якую не было відаць узораў, выразаных унутры кубка. Таксама гэтая сумесь была халоднай і ліпкай, чым яшчэ больш прыгадвала балота. Іза незадаволена паморшчылася, намагаючыся не думаць пра ўсе гэтыя брыдкасці, а засяродзіцца на чымсь прыгожым — вось, напрыклад, на чорна-аранжавым матыльку, які сеў прама ёй на плячо. На другое тут жа апусціўся трошкі меншы яго родзіч блакітнага колеру. У старанна заплеценых у гонар свята валасах завазіўся нейкі жучок, а па алтары прапаўзла багоўка, а потым яшчэ адна.
Што ж, як яна і падазравала, вядзьмаркай яна не была. Хоць Іза і адчула лёгкае расчараванне, але, зрэшты, не зажурылася: назіраючы за насякомымі вакол сябе, яна са смехам падумала, што яны ўсе прыпаўзлі падтрымаць яе ў яе няўдачы. Іза хацела ўжо даставаць рукі і вяртацца да сям'і, як выпадкова заўважыла позірк службоўніка Карла: той глядзеў, нават трэба сказаць, утаропіўся, у яе з непрыхаваным здзіўленнем. Няўжо і ён быў з тых дарослых, якія да жудасу баяліся насякомых? Іза міжволі хіхікнула і азірнулася да бацькоў, чакаючы ўбачыць весялосць і на іхніх тварах, але яна ізноў пралічылася: тыя выглядалі не менш здзіўленымі. Зусім разгубленая, яна павярнулася да апошняй сваёй надзеі на тлумачэнне — да Луны. Сяброўка, ледзь захоўваючы спакойны выраз твару, толькі кіўнула на свае рукі. Іза апусціла позірк.
Матылькі. Яны быццам выпаўзлі з зелля і абляпілі абедзьве яе рукі ажно да локцяў. Большасць з іх выглядала звычайна, але частка насякомых была такіх колераў, якія Іза ніколі не сустракала на матыльках. Але самае дзіўнае было наперадзе — аказалася, што гэтыя цудоўныя стварэнні і праўда выпаўзалі з зелля. Яны працягвалі падымацца па руках Ізы, якая, хоць ані кроплі іх не баялася, але міжволі паварушыла пальцамі, апушчанымі ў чару.
У той жа момант усё навокал замігцела яскравымі колерамі, а з поля зроку знік і шэры храм, і такая ж шэраватая вечна вёска, вакол былі толькі каляровыя плямы ўсіх магчымых адценняў. Іза, захопленая такім відовішчам, не адразу зразумела, што ўсе матылькі, што сядзелі на ёй, пачалі разлятацца, а разам з імі і тыя, хто хаваліся ў зеллі — яркая хмарка паднялася ў неба і толькі тады насякомыя паразляталіся ў розныя бакі, быццам ператвараючыся ў рознакаляровы дождж.
Гэтае відовішча было адно з самых прыгожых, якія Іза бачыла ў сваім жыцці. Ад захаплення яна нават забыла, што трэба дыхаць, але, на шчасце ці на жаль, перапалоханыя твары аднавяскоўцаў вярнулі яе да рэчаіснасці. Не тое, каб яна была моцна здзіўленная гэтаму – летась жа тое самае было, таму Іза, мабыць, яшчэ больш палохаючы ўсіх астатніх, проста паціснула плячыма, спакойна выцягнула рукі з чары і абцёрла іх аб хвартух, адразу шыкаючы сама на сябе, што забрудзіла свой улюбёны.
Іза хацела ўжо пабегчы да перапалоханай да паўсмерці (акрамя Януша, ён быў у захапленні) сям'і, але яна адчула, як нехта схапіў яе за локаць. Солтыс Кірыла. Нават азірацца не трэба было, каб зразумець, што гэта быў ён. Іза міжволі закаціла вочы, але адразу ж нацягнула ветлівую ўсмешку і развярнулася да яго. Солтыс нічога не сказаў, што было дзіўна для яго, толькі кіўнуў у бок храма. Як было ў мінулы раз з Лунай, службоўнік Карл застаўся з людзьмі, супакойваючы іх і, мабыць, працягваючы праверку, бо пасля яшчэ павінна было быць некалькі дзяцей, а Іза пацягнулася за солтысам у храм. Перад тым, як увайсці ўсярэдзіну, яна кінула позірк на сваіх равеснікаў, якія сварыліся і штурхалі адзін аднаго, мабыць, баючыся таксама аказацца вядзьмарствам.
— Твая сяброўка напэўна табе ўсё расказала, але я ўсё роўна паўтару правілы.
— Луна нічога мне не гаварыла,— Іза села на лаўку перад солтысам, намагаючыся не выдаваць сваім выглядам таго, як ёй было нудна і як пахутчэй хацелася вярнуцца.— Ведаеце, звычайна ніхто не любіць размаўляць пра розныя правілы.
«Толькі калі ён не солтыс нашай вёскі», — дадала ў думках Іза і ледзь не хіхікнула. Кірыла, зрэшты, нічога не заўважыў, а толькі кіўнуў:
— Тым лепш для цябе, не трэба будзе другі раз аб гэтым слухаць. Таму зараз будзь асабліва ўважлівай. Ад таго, што я табе скажу, будзе залежаць тваё жыццё. Па-першае, ты не павінна...
Колькі Іза сябе памятала ёй заўсёды падабаліся вітражы ў іхнім храме. Яна чула, што ў гарадах на вокнах рабілі паўнавартныя малюнкі са сцэнамі жыцця Ўладаркі і Ўладара, але ў іхнім храме вітражы былі са звычайных геаметрычных узораў, часам не зусім роўных. Зрэшты, мабыць, у вёсцы не знайшлося б ніводнага чалавека, які б прамяняў скромныя шэрагі квадрацікаў ды кружочкаў на нешта іншае, бо гэтыя вітражы ўсім былі дарагія як памяць — іх зрабіла папярэдняя службоўніца храма, якая, як казалі старэйшыя аднавяскоўцы, у сваёй дабрыні і разуменні была літаральна святая. Сама Іза ніколі яе не бачыла, бо тая памерла за год да яе нараджэння, але зараз ёй было цікава: калі яна так усіх разумела і прымала, як расказвалі, то можа яна б не мела нічога супраць вядзьмарства? Зразумела, што Ўладарка і Ўладар завяшчалі, што вядзьмарыць нельга, але, калі ж праўда не рабіць гэта для сваёй карысці, то хіба гэта аж так блага?
Іза хутка прабеглася позіркам па мэблі ў храме, аб чым тут жа пашкадавала, бо цяпер ёй не было чаго разглядаць, а солтыс дагэтуль не закончыў нешта там расказваць. Мужчына ўсё гаварыў і гаварыў пра тое, што ёй можна было, а што нельга (больш пра апошняе ўсё ж такі), і ў нейкі момант Іза ўжо хацела папрасіцца вярнуцца да сям'і, а астатнія правілы ёй няхай перакажа Луна, але тут яна пачула запаветнае:
— Ты ўсё зразумела?
— Так!— з празмерным захапленнем выгукнула яна, але тут жа спакайней паўтарыла: — Так, я ўсё пачула, зразумела і буду выконваць усе правілы.
— Час пакажа,— недаверліва кінуў солтыс, але адразу неяк памякчэў.— Не хацелася б, каб ты скончыла жыццё на шыбеніцы.
— Не скончу, не бойцеся,— Іза бесклапотна яму адсалютавала, а потым кіўнула ў бок дзвярэй.— Я магу ісці?
— Ідзі.
Яна адразу выскачыла вонкі, ледзь не прышчаміўшы дзвярыма падол спадніцы. Іза хацела ўжо зрабіць выгляд, што нічога не здарылася, і працягнуць свой шлях, як пачула агіднае хіхіканне. Марк, каб яго халера.
— Дабрыдзень, пані вядзьмарка,— той з удаванай ветлівасцю пакланіўся.— Па чым зараз вяроўкі, не ведаеш?
— Ведаю толькі, што такім дурням, якія хамяць усім запар, толькі на вяроўкі і атрымаецца зарабіць,— фыркнула яна.— Едзь дадому, Марк.
— Дык мо падкінеш? Хаця, чакай, твае здольнасці ж ні каня, ні чаго іншага стварыць не могуць, толькі на казюрак і прыдатныя.
— Дзіўна тады, што я не магу табой кіраваць, бо ты той яшчэ слізняк.
— Іза!
Пачуўшы сваё імя, яна азірнулася. Праз секунду побач аказалася Луна, якая адразу паклала руку ёй на плячо дый з агідай паглядзела на Марка.
— Не звяртай на яго ўвагі, няхай ідзе, куды ішоў. Калі яму ёсць куды, вядомая справа.
— Гэта ж яшчэ адна нашая вядзьмарка прыбегла,— той, як заўсёды, прапусціў абразы міма вушэй і ўсё працягваў гнуць сваё. Ізе часам здавалася, што ён або глухі, або праўда дурны, або вельмі ўпарты, або ўсё разам.— Сяброўку хочаш абараніць? Прабач, але я туманаў не баюся. Нічога не выйдзе.
— Гэта табе сваты будуць казаць, калі ажаніцца раптам захочаш,— Луна хмыкнула і адвярнулася ад яго, штурхаючы Ізу наперад: — Хадзем, твае бацькі хвалююцца.
Тая толькі кіўнула і міжволі зірнула ў бок Марка. Той, мабыць, упершыню за ўвесь час, што яна яго ведала, выглядаў пакрыўджаным. Не паспела яна шапнуць Луне, што раптам гэтае непаразуменне закахалася ў каго-небудзь, можа нават у адну з іх, беражы Ўладарка і Ўладар, як яна ўбачыла сваю маму.
Бедная была белая як снег і, здавалася, што толькі нядаўна многа плакала, бо вочы былі чырвоныя. Ізе раптам стала ніякавата, што яна ўвесь час была такая несур'ёзная, пакуль бацькі месца сабе не знаходзілі. Тата таксама якраз падышоў, цягнучы Януша за вуха, але, як толькі заўважыў Ізу, адразу яго адпусціў і перастаў хмурыцца. Брат толькі незадаволена падціснуў вусны і адвярнуўся, утаропіўшыся поглядам у Торы, якую ізноў павесілі на яго.
Іза хацела ўжо выбачацца, невядома нават за што, але ёй вельмі хацелася. Тым не менш, яна не паспела нічога сказаць, бо мама абняла яе і заплакала. Тата таксама не выглядаў вельмі шчаслівым, толькі з турботай глядзеў на іх дзвюх.
— Мама, тата, што такое?— спыталася нарэшце Іза, намагаючыся не расплакацца следам за мамай.— Нічога ж такога не адбылося, праўда? Падумаеш, вядзьмарка і вядзьмарка. Не буду карыстацца здольнасцямі, нічога і не здарыцца.
— Не будзеш?— расчаравана працягнуў Януш, адразу прыкрываючыся, каб не атрымаць па карку ад таты.
— Не будзе,— той, зрэшты, яго не крануў, толькі яшчэ больш нахмурыўся.— Ты ж не будзеш, Іза?
— Вядомая справа, што не,— яна ўскінула адну руку, другой ззаду трымаючыся за спадніцу, што, як заўсёды верылі ў вёсцы, вызваляла яе ад дадзенага абяцання.
— Абедзьве рукі, Іза.
Тая глыбока ўздыхнула падымаючы і другую руку. Іза ўсё позіркам спрабавала намякнуць Луне, каб хоць тая схапіла край спадніцы, што, мабыць, таксама залічылася б, але сяброўка ці тое не зразумела намёкаў, ці тое, што больш імаверна, зрабіла выгляд, што не разумее.
— Абяцаю, што не буду вядзьмарыць,— трошкі раздражнённа прамовіла Іза і мама, якая стаяла побач і ўсё ніяк не магла перастаць плакаць, трошкі супакоілася.— Прынамсі, пакуль Януш не прызнае, што я найлепшая старэйшая сястра ў свеце.
— Нізавошта ў жыцці!— той павярнуўся да яе і паказаў язык.
— Вось бачыце,— Іза абняла абаіх бацькоў за плечы,— без шанцаў.
— А калі я табе сваю порцыю вячэры аддам?
— Умова была іншая.
Януш нахмурыўся і ізноў адвярнуўся, беручы на рукі Торы. Тая ўжо не спала, нешта толькі там пішчала і варушылася. Іза забаялася, што яна можа выпасці брату з рук, але той быў надзіва моцны для дзесяцігодкі і трымаў малую досыць упэўнена. Разам з усёй сям'ёй яна развіталася з Лунай, якая спакойным крокам пайшла дадому, не чакаючы бацьку і мачыху.
Лета потым завітала і да іх дадому, дзе яны з мамай за гатаваннем ежы спачатку перацерлі косці ўсім суседзям, а потым, калі думалі, што Іза не чуе, пачалі абгаворваць тое, што адбылося сёння. Іза, вядомая ж справа, усё выдатна чула, але не хацела засмучвацца канчаткова, таму праз заднія дзверы выйшла вонкі і села на ганку.
Пакрысе вечарэла. Праз плот было відаць суседні дом і падворак, што належалі сям'і Луны, але ні яе, ні яе родзічаў не было на вуліцы. Мабыць, пачалі рыхтавацца да вячэры, чакаючы, што Лета хутка вернецца. Сямейнікі Ізы таксама чакалі, калі можна будзе сесці за ежу: Януш сядзеў спакойна, але неадрыўна глядзеў на адно з вакон, праз якое відаць было кухню, Торы сядзела побач з ім, цягаючы брата за кашулю і нешта ляпечучы. Хіба што толькі тата не выглядаў такім занепакоеным — ён няспешна калоў дровы для печкі, быццам бы ў той жа час думаючы яшчэ аб нечым.
Як толькі ён заўважыў Ізу на ганку, ён адклаў сякеру ўбок і раптоўна падышоў да дачкі, сеўшы побач.
— Не стамілася пасля сёння?— спытаўся ён бадзёрым голасам, зрэшты, так і не пазбыўшся задумленага выгляду.
— Не, усё ў парадку,— адказала яна.— Чакаю вось, пакуль мама закончыць гатаваць. Што сёння, не ведаеш?
— Сказала, што зробіць тваё ўлюбёнае рагу з морквай і гарбузом.
— Як здорава!— выгукнула Іза, але тут жа западозрыла падвох: — А ці не таму гэта, што я аказалася...
— Не гавары, не трэба. Дай пакуль усім час прывыкнуць.
— Вось як,— Іза ўпершыню за дзень сапраўды адчула сябе стомленай і засмучанай. Увесь год яна таемна марыла пра тое, каб аказацца вядзьмаркай, але вось цяпер, калі шляху назад ужо не было, з'явілася думка: а ці сапраўды гэта было так патрэбна? Неяк у сваіх думках пра магчымае вядзьмарства яна забыла падумаць пра наступствы. Калі б задумалася, калі б ведала, што бацькі будуць так перажываць, то, мабыць, малілася аб тым, каб усё ж аказацца чалавекам. Але так, ужо нічога не зменіш, зменяцца хіба што людзі навокал. Якімі вачыма яны цяпер будуць глядзець на яе?— Тата, я хачу спытаць пра адну важную рэч.
— М? Што такое?
— Пасля таго, як аказалася, што я...— Іза прыкусіла сабе вусны.— Цяпер. Цяпер усё зменіцца?
— Што «ўсё»?— тата выглядаў вельмі занепакоеным. Зразумеў, што яна здагадваецца пра тое, як яны расчараваныя, але не хоча гэтага паказваць?
— Ведаеш, як вы з мамай да мяне ставіцеся. Ад мяне зараз праблемы могуць быць — шмат увагі ад солтыса і службоўніка, падазрэнні, плёткі, вось гэта ўсё. Я падумала, мабыць, вы моцна гэтага баіцеся і злуеце на мяне.
— Дрэнна падумала, значыць,— тата ўздыхнуў з нейкай нават палёгкай і даў Ізе пстрычку ў лоб.— Мы з мамай ніколі ад цябе не адмовімся. Мы не абвінавачваем цябе, што ты нарадзілася... Той, кім нарадзілася. Гэта не твая віна, а воля Ўладара і Ўладаркі. Проста выконвай іх волю, будзь праведніцай і людзі не будуць цябе асуджаць. А мы... Мы заўсёды будзем цябе любіць любой.
Зараз яна, мабыць, сапраўды расплачацца. Іза адвярнула галаву ў бок плота, за якім так жа безжыццёва стаяў домы Лунінай сям'і, але думкі пра сяброўку не дапамаглі стрымаць слёз. Яны няспешна пакаціліся па шчаках, падаючы на вышытую святочную кашулю, якую Іза дагэтуль не зняла.
— Ну-ну, усё добра, чаго ты,— тата абняў яе і пагладзіў па галаве.— Ты прама як твая мама. Хаця ж сама супакойвала яе, казала, што ўсё добра...
Краем вуха Іза пачула плач Торы. Не паспела яна нават падумаць аб тым, каб устаць і ўзяць яе на рукі, як убачыла, што яе супакойваў Януш, які, хоць і намагаўся выглядаць дарослым і апанаваным, сам крадком выціраў слёзы. Ясная справа, што малыя пачулі размову, і хоць Торы была яшчэ зусім маленькая, каб зразумець яе сэнс, яна, відаць, занепакоілася праз слёзы старэйшых сястры і брата.
Убачыўшы гэтую сцэну, Іза трошкі супакоілася, каб хаця б не засмучаць малодшых. Зрэшты, адчуванне смутку нікуды не падзелася і, мабыць, настолькі кідалася ў вочы, што тата жэстам паказаў, што зараз вернецца, і кудысьці сышоў. Пакуль яго не было, Януш прынёс да яе Торы, дый сам сеў побач і намагаўся не хлюпаць носам, але атрымлівалася ў яго так сабе.
Тата вярнуўся літаральна праз хвілінку, трымаючы ў руках нейкую дастаткова вялікую шкатулку. Іза хоць і не ведала, што было ўнутры, адразу ажывілася, бо прадчувала, што зараз ёй падораць нешта цудоўнае. І яна сапраўды мела рацыю:
— Мы з мамай хацелі падарыць табе гэта на пятнаццацігоддзе, але няхай будзе зараз,— сказаў ён і адкрыў шкатулку.
Іза чакала многага, нават у думках паспела сябе аблаяць, каб трохі знізіла свае чаканні, бо потым можна засмуціцца. Аказалася, зрэшты, што нават самыя смелыя думкі не дацягвалі да праўды, бо падарылі ёй традыцыйны пояс, выкананы з драбнюткіх шкляных караляў, увесь ва ўзорах і з махрамі на канцах. Такімі паясамі звыкла падвязвалі футры кабеты пачынаючы з дзявоцтва і ажно да самой старасці, бо ад такой прыгажосці было немагчыма адмовіцца ў любым узросце. Мала ў каго ў іхняй вёсцы былі падобныя паясы, бо, вядома ж, такая тонкая праца каштавала вялікіх грошай, але... Зараз такі будзе ў яе.
Іза не магла паверыць уласным вачам. Яна так гучна, што, мабыць, пачулі ўсе суседзі, падзяквала тату і адразу выцягнула са шкатулкі пояс, ігнаруючы пытанні Януша аб тым, навошта ёй гэта ўсё, у чым сэнс і ці праўда такі зараз усе хочуць. Прамяні сонца праходзілі праз шкляныя каралі, разбіваючыся на дзясяткі сонечных зайчыкаў, і гэтае відовішча захапляла, мабыць, больш за ўсё. Узімку, калі святло дадаткова адбівалася ад снегу, павінна было быць нават яшчэ прыгажэй.
І было. Іза ўсё баялася, што з часам каралі пацямнеюць ці з поясам яшчэ нешта здарыцца, але ўсё было дарма — нават праз пяць гадоў, пасля таго, як яна атрымала падарунак, ён быў як новы. Яна ганарліва насіла яго ў горадзе, але з не меншым гонарам падвязвала ім футра і калі прыехала дадому перад Святым днём шлюбу Ўладаркі і Ўладара. Адзінае, што змянілася за ўвесь гэты час — ужо некалькі месяцаў яна жыла і працавала ў сталіцы і сама магла дазволіць вазіць дадому дарагія падарункі для родных.
— Табе не варта было столькі ўсяго купляць,— усё ўздыхала маці, перабіраючы шалі ды хусткі ў дзень яе ад'езду. Па-добраму, падарункі трэба было б рабіць паслязаўтра, але Ізе заўтра трэба было ўжо быць у шынку.— Вось куды мне адной столькі насіць?
— Можаш у храм надзяваць,— адмахнулася тая і вярнулася да жавання булачак з макам, якія маці напякла ёй у дарогу, але якія хацелася з'есці ўжо зараз, што яна і рабіла.— Або можаш адкласці для Торы і Стэфкі.
— Стэфку хіба што цалкам закручваць можна ў тыя хусткі,— хмыкнуў Януш,— нават разам з Маркам у адну ўлезуць. Так што, мама, калі захочаш ад іх пазбавіцца, табе ёсць у чым іх дваіх несці да лесу.
— Януш, ну што ты такое гаворыш!— мама ажно адклала ўбок хустку з ружамі, якой асабліва доўга любавалася.— Лепш бы памераў кашулі, што табе сястра прывезла.
— Я і памераў,— хлопец паціснуў плячыма,— яны маленькія.
— Што?— Іза ажно адклала піражок і ўмомант падышла да брата, узяўшы з куфра выпадковую кашулю.— Ану ўстань.
Януш пакорліва падняўся з крэсла, але ўжо і не трэба было нічога прыкладваць, каб спраўдзіць памер, — адразу стала заўважна, што брат цяпер быў вышэйшы за Ізу, якая, купляючы малодшаму адзенне, яўна не ўлічыла, што ён так рэзка вырасце за настолькі кароткі час яе адсутнасці. Ці ён заўсёды быў такі высокі, а яна не заўважала?
— І праўда. Што цяпер рабіць?
— Ды пакінь Марку, калі-небудзь дарасце. Калі мама яго ў лес не знясе.
— Януш!
— Добра-добра,— той прымірэнча ўскінуў рукі.— Іза, цябе падвезці?
— Буду вельмі ўдзячная,— тая нарэшце пакінула ў спакоі піражкі, якіх, зрэшты, засталося ўсяго тры штукі, і падышла да маці, каб яе абняць.— Вельмі шкада, што тата на лесапавале. Ведала б, развіталася б з ім яшчэ ўчора.
— Нічога, мілая,— мама папляскала яе па спіне.— Ты ж яшчэ да нас прыедзеш, таму можна і без развітанняў абысціся.
— Торы, ідзі сюды,— гукнуў тым часам Януш.— І вазьмі з сабой дзяцей.
— Навошта?
— Сюды ідзі табе сказалі. Пра малых не забудзь,— хлопец закаціў вочы, калі сястра паказалася ў дзвярах адна, без Стэфкі і Марка.— Пра што я табе гаварыў?
— Але я хачу спачатку развітацца з Ізай!— малая незадаволена тупнула ножкай і падбегла да старэйшай сястры, яе абдымаючы.— Я буду сумаваць!
— Я таксама, Торы,— Іза села на кукішкі, прыціскаючы яе да сябе. Вельмі хацелася затрымацца дома хаця б на некалькі лішніх дзён, але ніяк нельга было — паслязаўтра, у Святы дзень шлюбу Ўладаркі і Ўладара, павінен быў быць самы загружаны і, што найбольш цешыла Ізу, самы прыбыткоўны дзень у годзе. Яны з Лунай столькі заробяць, што хопіць і на жыццё, і для сям'і, і нарэшце можна будзе папоўніць скарбонку, дзе яны пачалі збіраць грошы на іх агульную мару. Ад такой магчымасці адмаўляцца было нельга.— Але я б так хацела, калі б вы жылі са мной разам.
— А мы можам!— Торы рэзка адпусціла яе і са слязьмі на вачах схапіла за руку.— Я хачу ў горад! Януш таксама хоча, праўда? Нас тут усе дражняць праз тое, што ты вядзьмарка! Стэфка і Марк пакуль не разумеюць, але...
— Ідзі і прынясі іх сюды,— шыкнуў на яе Януш.— Мама, дапамажы ёй, калі ласка, а тое мы так ніколі не развітаемся. Будзе дрэнна, калі Ізе давядзецца ехаць у цемры.
— Так, маеш рацыю. Хадзем, Торы.
Як толькі мама і сястра зніклі ў суседнім пакоі Іза адразу падскачыла на ногі і рэзка павярнулася да брата:
— Вас дражняць праз мяне?
— Слухай, Із, гэта зараз не так важна...
— Вас дражняць ці не?
— Толькі малых,— прызнаўся той, цяжка выдыхнуўшы.— Мяне калісьці таксама, але пасля некалькіх боек перасталі. Цяпер хіба што толькі за спінай.
— Вам трэба пераехаць да мяне ў горад.
— Бацькі не кінуць нашу зямлю і ты выдатна пра гэта ведаеш. А мы не можам кінуць іх. Не хвалюйся, усё не так блага. Ты ж ведаеш Торы, яна вечна плача з нагоды і без. Луну таксама дражнілі, але нічога, жывая. Як яна, дарэчы? Чаго не прыехала?
— Не ведаю, сказала, што лепш дома пасядзіць,— цяпер была чарга Ізы цяжка ўздыхаць.
— Ну і дурасць, яе ж тут чакаюць.
— Яна так не лічыць, відаць. Яна сюды ні разу і не прыязджала ад свайго ад'езду. Сказала, што ў горадзе ёй больш падабаецца.
— Магу зразумець,— Януш кіўнуў у бок дзвярэй.— Ідуць. Потым дагаворым.
Убачыўшы малых — двухгадовую Стэфку, якую Торы вяла за руку, і немаўля Марка, які, мабыць, яшчэ не навучыўся адрозніваць членаў сям'і, настолькі ён быў малы, — Іза нацягнула на сябе пасмешку і абняла ўсіх па чарзе. Пакуль яны развітваліся, мама дазбірала яе рэчы і, яшчэ раз абняўшы, аддала торбу.
— Беражы сябе, дарагая. Горад гэта табе не вёска, дзе ўсе цябе ведаюць і ўсе дапамогуць. Клапаціцеся там з Лунай адна пра адну, добра?
— Вядомая справа,— Іза кіўнула і адсалютавала малым, пераступаючы праз аздоблены да свята парог.— Яшчэ пабачымся!
Яна выйшла і Януш, закатваючы вочы на нейкую заўвагу ад мамы, пайшоў услед за ёй. Пакуль ён разбіраўся з іх кабылай Мышкай і санямі, Іза ад няма чаго рабіць разглядала падворак. Хаця, там хіба і няма чаго разглядаць: пакуль яе не было, то, бадай, нічога моцна і не змянілася — пуня, хлеў дый калодзеж так і стаялі на сваім месцы, дый дзіўна было б, калі б яны кудысьці падзеліся. Суседскія дамы таксама выглядалі так жа нязменна. У гэтай нязменнасці было б нешта супакойвальнае, калі б не назойлівыя думкі пра здзекі з яе малодшых. Няўжо так складана было сказаць ёй аб гэтым? Ясная справа, што ніхто не хацеў яе турбаваць, але ж рана ці позна яна пра гэта даведалася б. І хацелася б, калі б гэта было не так, як здарылася зараз. Як даўно з іх здзекуюцца, як менавіта, ці ёсць у іх увогуле сябры?
Краем вока Іза заўважыла кампанію хлопцаў, узростам з Януша. Наўрад ці гэта былі новыя перасяленцы, мабыць, усё тыя ж гарэзы, з якімі калісьці па ўсёй вёсцы насіўся яе брат. Але зараз ён не звяртаў на іх аніякай увагі, як і яны, убачыўшы Ізу на двары, нават не зірнулі на яго, хіба што толькі паскорылі крок. Пакуль яна жыла ў вёсцы, яны не рызыкавалі так сябе паводзіць. Няўжа баяліся?
— Ведаеш, у горадзе ўсё зусім не так,— сказала яна Янушу, калі яны нарэшце выехалі з падворка і цяпер Мышка везла іх да вялікага раздарожжа, дзе ў гасцявым двары заўсёды можна было знайсці таго, хто можа падвезці яе да горада.— Ніхто не ведае, што я вядзьмарка, таму ніхто не глядзіць коса.
— А як жа бранзалеты?— хлопец скептычна хмыкнуў, не зводзячы вачэй з дарогі. Ён выглядаў спакойным, але рукі на павадах у яго былі моцна сціснутыя. Таксама ўбачыў тых хлопцаў?
— Ды іх не відаць зусім. Хіба што ўлетку можна заўважыць, але мы з Лунай носім кашулі з рукавамі да локцяў, таму ніхто і не ведае, хто мы.
— Га? А ў чым сэнс тады?
— Сказалі, што каб варта магла бачыць, хто карыстаўся здольнасцямі.
Мышка вывезла іх на лясную дарогу і цяпер з абодвух бакоў не было нічога, акрамя высачэзных соснаў. Іза міжволі хіхікнула:
— Гэй, а памятаеш, як тата казаў нам, што на гэтых соснах трымаецца неба?
— Ага,— Януш таксама весела фыркнуў, а яго рукі на павадах трохі расслабіліся.— А потым ён сыходзіў на лесапавал, а мы ўсё глядзелі, ці ўпадзе неба, калі зрубяць якую сасну.
— Так, і праўда. Ты яшчэ тады плакаў, што неба можа прыціснуць наш дом.
— Што? Няпраўда.
— Праўда-праўда. Ты плаксуном быў яшчэ горшым за Торы.
— Вой, памаўчы ты ўжо. Глядзі на лес і атрымлівай асалоду. У горадзе ж дрэў мала, га?
— Амаль няма ўвогуле,— Іза адкінулася на спінку саняў, гледзячы на шэрае неба.— Торы праўду казала? Ты таксама хацеў бы з'ехаць?
— Так.
Яна ад здзіўлення ледзь не падскачыла на месцы. Іза ведала, што Януш рана ці позна скажа праўду, але каб вось так адразу? Не спрачаючыся ды не сыходзячы ад адказу?
— Справа не ў тым, што дражняць,— брат павёў плячом. Ён заўсёды так рабіў, калі хваляваўся. Няўжо збіраўся маніць?— Проста, ведаеш... Мне тут нудна. Адны і тыя ж твары, адны і тыя ж звычаі. Кожны дзень такі ж, як і папярэдні. А ты так пісала пра горад, Уладар і Ўладарка, у цябе быццам за адзін дзень адбываецца больш, чым у нас за месяц! Я не хачу кідаць бацькоў, але мне, не ведаю...
— Хочацца чагосьці большага?
— Менавіта!
Іза пасміхнулася. Януш не маніў. Прынамсі, яна яму верыла, бо сама адчувала прыблізна тое ж самае, калі Луна з'ехала. Ціхае і спакойнае жыццё ў вёсцы было прыемным, але... Але яна б не вярнулася. Занадта яна прызвычаілася да горада, да іх з Лунай вечаровых размоў за кубкамі замежнага чаю, да маленькіх кірмашоў, дзе яны куплялі розныя ўпрыгожванні для сваіх пакояў дый для сябе саміх, да збірання грошай на адкрыццё свайго гасцявога двара — такія дробязі, калі падумаць, але яны рабілі яе такой шчаслівай, што Іза гатова была пражыць так усё жыццё. Жыццё, якое, пачынаючы з яе пераезду, расквітнела новымі колерамі, звінела, ззяла і зачароўвала, як агонь матылькоў.
YOU ARE READING
Матылькі
FantasyІза любіла матылькоў. Матылькі, у сваю чаргу, любілі яе, яшчэ нават задоўга да таго, як аказалася, што яна вядзьмарка і можа іх ствараць сама, як і любых насякомых. Да тых часоў, пакуль яна не пераехала ў горад з вёскі, дзе пільныя суседзі не пакіда...