Глава 3. Першая зіма

1 0 0
                                    

Вёска была вечна ціхай, часам ажно да вусцішнасці, але аказалася, што і горад можа быць такім. З вялікім недаверам Іза слухала гісторыі Луны пра тое, што Святы дзень шлюбу Ўладаркі і Ўладара і яго пярэдадне былі, бадай, адзінай парой у годзе, падчас якой вечна шумная сталіца заціхала. Падобная цішыня, ці тое ўрачыстая, ці тое богабаязлівая, была і зараз.

Сама Іза, хоць і не адносіла сябе ні да заўзятых вернікаў, ні да бязбожнікаў, любіла гэтае свята, асабліва ў дзяцінстве, калі з бліжэйшага гораду прыязджалі маладыя храмавыя службоўцы і паказвалі спектакль пра тое, як першыя ўладары каралеўства пабраліся шлюбам. Таксама падабалася ёй і рабіць з мамай традыцыйныя ўпрыгожванні, пераплятаючы галінкі і засушаную яшчэ з лета лаванду, каб потым аздобіць парог. І, ясная справа, ёй падабалася атрымліваць падарункі.
Успомніўшы пра іх, Іза ледзь стрымалася, каб не зазірнуць у торбу, дзе ляжаў маленькі скрутачак ад бацькоў і некалькі яшчэ меншых ад Януша, Торы і, магчыма, нават ад маленькай Стэфкі. Мама прасіла не адкрываць да дня свята. Але ж яна не пабачыць, праўда? Іза паправіла цёплы зімовы плашч — хіба адзіны прадмет адзення, які яна не збіралася купляць у горадзе, бо гарадскія плашчы не былі такімі цёплымі, як зроблены ў роднай вёсцы — і перамясціла рукі на рэмень торбы, каб міжволі не вылавіць адзін са скруткаў і не пачаць адкрываць яго прама на вуліцы.
Ідучы міма адной з самых мілых і прыемных вуліц сталіцы Іза вырашыла зазірнуць туды хоць на секунду. Улетку тут звычайна прадавалі гародніну і, што яшчэ лепш, кветкі, але ўзімку па зразумелых прычынах такіх тавараў было не дастаць, таму гандляры і гандляркі часова закрывалі свае крамкі ці, як рабілі асабліва прадпрымальныя, прадавалі нешта іншае, напрыклад, дровы ці вырабы з металу. Але не самі тавары прыцягвалі Ізу і нават не тутэйшыя жыхары, якія заўсёды віталіся і пасміхаліся, калі бачылі тут новых людзей. У канцы вуліцы, у тупіку, стаяў даўно закінуты вялікі дом, які ніхто пакуль так і не вырашаўся купіць. «З такога будынку толькі што гасцявы двор рабіць,— казала кабета, у якой Іза і Луна звыкла куплялі маяран, кроп і іншыя травы.— А ўтрыманне гасцявога двара гэта вам не жартачкі — столькі працы, што хоць бы удзесяцярых даць рады».
— Удзесяцярых, га?— сказала сама сабе Іза, азіраючы вялікі і занядбаны дом. Ён не выглядаў ажно так дрэнна, хіба што калі баішся працы як агню.
«А што наконт дзвюх працавітых дзяўчын з упартасцю, большай за гэты самы дом?» — падумала яна сабе і, пасміхаючыся, вярнулася на галоўную дарогу, якая павінна была прывесці Ізу да яе цяперашняга дому і да яе паплечніцы ў іх вялікіх марах.
Добра было хоць, што зараз дарога дадому была карацейшая, чым улетку. Іза ніколі б не падумала, што будзе так задаволеная фактам замярзання вады, тым больш у фантанах, якія ёй заўсёды так падабаліся і нагадвалі пра фантан каля храму ў яе вёсцы, але... Была на тое прычына. Прычына, у якой нават было сваё імя, якое Ізе, на жаль, давялося зведаць яшчэ ў першы яе дзень у горадзе.
— Вось пабачыш, табе спадабаецца,— сакатала тады Луна, калі пасля працоўнага дня цягнула Ізу ў невядомым той кірунку. Цікава, як пасля поўнай і, як аказалася, сапраўды напружанай змены, сяброўка магла заставацца такой бадзёрай?— Чай і праўда вельмі смачны, яго яшчэ тут шмат відаў — ёсць чорны, зялёны, чырвоны...
— Чырвоны?
— Так! І нават белы. Што праўда, ён не літаральна белы, але гэта не так важна. Яшчэ побач прадаецца найцудоўнейшае ў свеце печыва. Памятаеш, як у вёсцы ўсё казалі, што ў горадзе не ўмеюць рабіць выпечку? Дык вось, гэта ўсё брахня.
Іза хоць і слухала яе з вялічэзнай цікавасцю, але нават не столькі праз тое, што расказвала Луна, а як яна гэта рабіла. Бачыць раней ціхую дзяўчыну, якая заўсёды намагалася згубіцца сярод іншых, такой упэўненай і жывой было нечакана, але хутчэй у добрым сэнсе. Дзесь на ўскрайку свядомасці з'яўляліся непрыемныя думкі аб тым, ці не звязана гэта з развітаннем з іх агульным домам, да якога Іза дагэтуль ставілася з цеплынёй, але пра гэта яна запытае саму сяброўку ўжо пазней, лепш нават не сёння.
Сёння яна намераная была толькі адпачываць пасля дарогі і нязвыклага пастаяннага шуму, прывыкаць да новага асяроддзя і проста па-чалавечы атрымліваць асалоду ад жыцця. Ніякіх больш перажыванняў, нічога не павінна сапсаваць ёй настрой да канца дня.
— Вой, дык гэта ж нашая вяскоўка. Дарагая, як табе шынок?
Святыя Ўладарка і Ўладар.
Ізе нават не трэба было азірацца, каб пазнаць гэты глубокі жаночы голас і брыдотнае хіхіканне маладых дзяўчыны і хлопца. Клятыя фантанныя русалкі.
— М, Іза, што такое?— Луна спынілася, у неўразуменні гледзячы на яе. Ці тое яна нічога не пачула, ці тое не зразумела, да каго былі звернутыя гэтыя словы. Мабыць, не варта пакуль сяброўцы ведаць, якую дурасць Іза здзейсніла, адразу ж па прыездзе ў сталіцу, паверыўшы першым-лепшым як тыповая вясковая прастачка.
— Нічога,— адказала цяпер ужо не вяскоўка і тым больш не прастачка. Мабыць, нацягнутая пасмешка ў яе была тая яшчэ, бо Луна нават устрывожана нахмурылася.— Ідзі купляй нам чаго смачнага, я цябе тут пачакаю.
— Упэўненая?
— Так-так. Хачу свежым паветрам падыхаць і паглядзець на будыначкі.
— Толькі не адыходзь далёка, добра?— Луна дачакалася, пакуль тая кіўне, і, азіраючыся праз плячо праз кожныя дзесяць крокаў, рушыла да сваёй крамы.
Калі сяброўка знікла за рогам, Іза адразу, нават сама не заўважыўшы, калі, настолькі яна была злая, аказалася ля фантана.
— Вельмі смешна, ха-ха,— прамовіла яна, гледзячы на старэйшую русалку і намагаючыся не перасякацца позіркамі з хлопцам.— І вам не сорамна?
— Не,— з абяззбройвальнай шчырасцю прамовіла малодшая дзяўчына.
— Цудоўна! Проста выдатна! Тады, спадзяюся, мясцовай варце таксама будзе не сорамна парубіць вашы хвасты для рыбнага пірага на Дзень Каралеўства!
— Гэй-гэй, котачка, расслабся,— жанчына імгненна пазбылася ляніва-расслабленага выгляду і, як і сама Іза, раздражнённа нахмурылася.— Па-першае, няма чаго нам тут пагражаць. Па-другое, варта нічога нам не зробіць, мы тут як свае. Па-трэцяе...
— Па-трэцяе,— ізноў умяшалася маладзейшая.— Падманулі цябе не мы, а Грацыян. Усе незадаволенасці прашу выказваць яму асабіста, а не абурацца на ўсю плошчу, уцягваючы нас у вашыя сваркі.
Хто б мог падумаць, што нават імя ў хлопца-русала будзе таксама раздражняць Ізу, бо, як і яго знешнасць, было занадта прыгожым для асобы з такім паскудным норавам. Грацыян, які дагэтуль быў хутчэй сведкам спрэчкі, чым яе ўдзельнікам, пачуўшы сваё імя, толькі закаціў вочы і саскачыў з борціка, на якім сядзеў, відаць, маючы намер схавацца пад вадой ад Ізы.
Тая, зрэшты, вырашыла не правяраць слушнасць свайго чуцця, і схапіла хлопца за запясце яшчэ да таго, як ён паспеў нешта зрабіць.
— Ты што робіш?— Грацыян паспрабаваў вырваць руку, але дзе там — Іза яшчэ ў дзяцінстве ўмела ўтрымліваць большых і цяжэйшых ад сябе жывёл, што тут казаць пра яе равесніка, які нават не меў апірышча пад нагамі. Калі задумацца, то ён і ног не меў.
— Я не дагаварыла,— працадзіла яна праз зубы, чуючы хіхіканне дзяўчын на фоне. Русалкі ўвогуле займаліся хоць чым-небудзь, акрамя здзекаў з мінакоў і адно аднаго?
— Добра,— адказаў той так ціха і з такім прымірэнчым выглядам, што Іза адразу адчула падвох.— Адпусці маю руку для пачатку.
— Ага, каб ты схаваўся пад вадой? Я табе больш не паверу!
— Ах, не паверыш? Добра, вымушаны прызнаць, не чакаў, што калі-небудзь камусьці такое скажу, але ты такая цудоўная.
— Што?— Іза ўсё яшчэ адчувала, што нешта тут не так, бо такая рэзкая змена тону была зусім ненатуральнай. Але Грацыян сапраўды быццам бы шчыра пасміхаўся і глядзеў такімі чароўнымі карымі вачыма, што, хоць і было няёмка за сваю прастадушнасць, але вельмі хацелася яму верыць.
— Так, менавіта цудоўная. Проста малайчынка. Бач ты, навучылася на сваіх памылках і не павялася на той жа хітрык у другі раз. Можа быць, вяскоўцы і праўда не такія дурныя, як пра іх кажуць,— усё гэта ён прагаварыў наймякчэйшым, відаць, тонам, якім толькі мог, а сваю прамову закончыў пасмешачкай.
У ёй было столькі атруты, быццам бы Грацыян быў не русалам, а атрутнай рыбай. Іза, праўда, не была ўпэўненая, што такія існуюць, але яна напэўна ведала, што існуюць падобныя насякомыя, і ёй вельмі хацелася б, каб адно з іх пакусала гэтага нахабніка, пажадана ў твар.
— Ты...
— Я? Ну, заканчвай, што пачала. Ці я ўсё ж вас, вясковых, пераацаніў?
Калі правай рукой Іза дагэтуль сціскала запясце Грацыяна, то левай увесь гэты час яна трымала рэмень торбы. Вялікай досыць торбы, якую можна было выкарыстаць не толькі для таго, каб схаваць нешта ўнутры, але і за ёй.
Жукі на вуліцах поўзаюць паўсюль, ніхто ж не здзівіцца, калі з'явіцца яшчэ адзін? Да таго ж, хто дакажа, што Іза не трымала яго ў далоні ўвесь гэты час, пакуль вяла гэтую бессэнсоўную гутарку?
Металічны бранзалет на плячы быццам бы апякаў руку, але самалюбства Ізы палала мацней, таму тая доўга думаць не стала. Яна адчула цеплыню на далоні, а потым дотык маленькіх лапак, якія ёй здаваліся неймаверна мілымі, але яшчэ з дзяцінства яна пераканалася ў тым, што большасць людзей не падзяляе яе меркаванне, і насякомых, асабліва вялікіх жукоў з дзіўнаватым выглядам, не любяць нават суровыя на выгляд мужчыны, што ўжо казаць пра гарадскога прыгажуна з валасыма, даўжэйшымі за яе ўласныя.
— Ты паскуднік і хам!— фыркнула Іза і да таго, як Грацыян паспеў нешта ёй сказаць, яна кінула ў яго створанага чарамі жучка.
Адразу яна трохі засмуцілася, бо выпадкова папала хлопцу не ў твар, а на макаўку, але, зразумеўшы, што так насякомае наадварот будзе складаней прыбраць, бо яно заблытаецца ў валасах, Іза вырашыла не перажываць. А калі яна пачула перапалоханыя ўскрыкі «Прыбярыце яго! Прыбярыце!» і пабачыла, як Грацыян, які імгненне таму быў такі ўпэўнены ў сабе, то цягнецца рукамі да галавы, каб пазбыцца жука, то адхоплівае іх, баючыся да яго дакранацца, дык у яе ўвогуле цалкам палепшыўся настрой.
— Бывай-бывай! Спадзяюся, больш не пабачымся!— Іза развярнулася і збіралася ўжо ісці, як пачула за спінай гучны ўсплеск вады. Усё ж хлопец дадумаўся акунуцца, каб спрасціць сабе задачу. Гэта крыху сапсавала асалоду, але не настолькі, каб і далей тут заставацца ў спадзяванні на шанец ізноў адпомсціць.
— Ну ўжо не, цяпер ты стой!
Іза не паспела нават ні аб чым падумаць, толькі адчула, як цяпер ужо ейнае запясце трымала чыясьці мокрая далонь. Зрэшты, каму яна належала, здагадацца было не цяжка.
— Адпусці мяне!
— Падыдзі сюды.
— Не збіраюся.
— Падыдзі.
Мачыма, найлепшым рашэннем усё ж было пайсці з Лунай у краму. Ці, калі ўжо засталася тут перагаварыць з русалкамі, дык хаця б не размаўляць з Грацыянам. Ці, хаця б, не кідаць у яго жука. Звычайна Іза была трохі смялей, прынамсі, настолькі, каб не шкадаваць аб здзяйсненні нейкага ўчынку вось так хутка. Але ў Грацяна быў такі позірк і тон, што яна сапраўды падумала аб тым, што дарма з ім звязалася.
— Я...
— Падыдзі сюды, пакуль я не паклікаў варту,— хлопец панізіў голас, каб больш ніхто навокал іх не чуў. Дзеля справядлівасці, хоць Грацыян і наўпрост пагражаў, але ўсё ж нешта выдавала ў ім няўпэўненасць, якая б не дазволіла яму ажыццявіць сваю пагрозу. Не жадаючы зацягваць сварку, Іза падышла.
— Што табе трэба?
Той нічога не адказаў, толькі рэзкам рухам выскачыў з вады і дакрануўся Ізе да пляча. Яна нават не паспела абразіцца, што незнаёмы хлопец дазволіў сабе замнога, як зразумела, што мае зараз непрыемнасці пабольш: Грацыян схапіў яе за тую руку, дзе павінен быў быць вядзьмарскі бранзалет.
— Так і ведаў,— яшчэ цішэй, чым дагэтуль, прашаптаў Грацыян.
— Што ты ведаў?— Іза адчула, як усё яе цела пахаладзела, а калені падагнуліся. Можа гэта ўсё ж быў дурны жарт? Не мог жа ён скрозь ткань досыць грубай кашулі адчуць бранзалет з тонкага металу? Дзесьці ў глыбіні свядомасці яшчэ мільгнула думка аб тым, што ўпрыгожванне павінна было пацямнець, але Іза намагалася пра гэта не думаць, пакуль не пабачыць на свае вочы, ці праўда гэта.
— Ты чарадзейка.
Іза пачула дзесь за спінай сваё імя. Не жадаючы заставацца тут ні секунды болей, яна сабралася скарыстацца зручнай магчымасцю, уцячы і назаўжды перастаць хадзіць гэтай плошчай. Можа быць, калі Іза ніколі тут не пакажацца, то Грацыян адчэпіцца ад яе і забудзе пра тое, што пабачыў?
Яна зрабіла крок наперад, але рука хлопца ўсё яшчэ трымала яе, не даючы сысці канчаткова.
— Адпусці мяне,— як мага спакайней прамовіла Іза, хоць насамрэч як ніколі ёй хацелася заплакаць.
— Нават адмаўляць не будзеш? Гэта і праўда было б бескарысна...
— Мне трэба ісці.
— Слухай,— Грацыян працягваў размаўляць ціха і, судзячы па зацікаўленых тварах яго сябровак, яны не чулі іх размовы, што ўжо казаць пра людзей навокал, занятых сваімі ўласнымі справамі.— Я...
— О, там побач з табой плавае жучок.
— Дзе?!
Як Іза і думала, хлопец павёўся на яе брахню і адразу ж выпусціў яе запясце, адплываючы назад і спалохана азіраючыся па баках. Яна, хоць і была напужаная не менш за яго, але па іншай нагодзе, усё ж міжволі хіхікнула і, не кажучы больш не слова, пабегла да Луны, якая з поўным неразумення тварам чакала каля дзвярэй крамы.
— Што там паміж вамі здарылася?— занепакоена спытала сяброўка, гледзячы ў бок фантана.
— У гэтым вашым горадзе столькі нахабнікаў, беражы Ўладарка і Ўладар,— Іза спрабавала гучаць бесклапотна, але, відаць, Луна ўсё ж нешта падазравала, таму давялося паспешна дадаць: — Проста крыху правучыла аднаго дурня. Нічога асаблівага.
Насамрэч, асаблівага ў гэтай падзеі сапраўды было многа. Як толькі Іза папала ў іх новы дом, то як толькі яна на момант засталася адна ў пакоі, то ліхаманкава сцягнула кашулю і праверыла свой бранзалет. Доўга яна не магла зразумець, ці тое асвятленне рабіла яго цямней, ці ён сапраўды змяніўся, але ў рэшце рэшт вырашыла, што калі змены былі такімі незаўважнымі, то, мабыць, можна і не баяцца. Аднак першыя некалькі дзён яна жыла з пастаяннай занепакоенасцю, чакаючы пабачыць гарадскую варту пад дзвярыма іх з Лунай дому ці шынка, дзе яны цяпер разам працавалі. Аднак час ішоў, а варта ўсё не паказвалася, таму трывога паступова адыходзіла, пакуль не знікла канчаткова. Але што не знікла, дык гэта нежаданне больш паказвацца на вочы тым русалкам, бо выпрабоўваць лёс і ізноў рызыкаваць усё ж не хацелася.
Спачатку Іза падумала, што пазбягаць маленькую плошчу, якая знаходзілася ажно каля гарадской брамы, будзе не так цяжка, бо хадзіць туды не было асаблівай патрэбы — нават крама з ласункамі, пра якія казала Луна былі не на самой плошчы, а проста побач з ёй, так што папасці туды можна было і іншым шляхам. Але ці тое Ізе не шанцавала, ці тое лёс усё ж хацеў, каб яна яго выпрабавала, але ў адзін з дзён, калі яна ішла на працу, з непрыемным здзіўленнем пабачыла тых самых русалак у фантане, які быў па дарозе ў шынок. Раней ён быў зусім пусты і, мабыць, дурасцю было думаць, што ён застанецца выключэннем з агульнага правіла, але хіба большай дурасцю было тое, што перасялілі сюды менавіта тых, з кім яна паспела пасварыцца. Няўжо больш не было каго? У горадзе была процьма русалак, якія, што забаўна, не вылучаліся такім непрыемным норавам, як яе міжвольныя знаёмыя. Імаверна ўсё ж, такое ўражванне складвалася не па прычыне таго, што яны сапраўды былі больш ветлівымі, а хутчэй праз тое, што Іза, навучаная досведам, старалася нават не глядзець на русалак, не тое што з імі размаўляць.
Так ці інакш, тыя дзве дзяўчыны, імён якіх яна дагэтуль не ведала, і, прабач Уладарка і Ўладар, Грацыян, цяпер жылі ў фантане прама па дарозе на працу, на якую Ізе трэба было хадзіць амаль кожны дзень. Рашэнне гэтай непрыемнасці, зрэшты, аказалася не такім ужо складаным — гэтую плошчу таксама можна было абысці і гэта нават не займала многа часу.
Хіба што было страшна, што на гэта скажа Луна, і ці не здагадаецца яна, у чым справа, але тая на прапанову крыху змяніць звычайны шлях да працы, толькі нешта сабе пасміхнулася, відаць, думаючы ў зусім іншым кірунку. Іза, змагаючыся з пачуццём няёмкасці і раздражнення адначасова, вельмі хацела запярэчыць на нават нявыказаную яшчэ здагадку сяброўкі, але ўсё ж стрымала сябе, разумеючы, што для захавання таямніцы так можа будзе нават лепш.
Гэта быў пэўны ўдар па гонары, але затое Луна больш не задавала лішніх пытанняў ні да канца восені, калі яны раз за разам абыходзілі плошчу, ні ўзімку, калі Іза даведалася, што калі вада ў фантанах замярзае, то русалкі сядзяць пад ільдом, што значыла, што можна ізноў хадзіць праз гэтую плошчу, не баючыся сутыкнуцца з непажаданай увагай ад адной непажаданай асобы.
Прынамсі, увесь снежань і палову студзеня было так і Іза не бачыла ніводнай прычыны, каб зараз нешта мянялася. Яна звыкла скіравалася на плошчу, ступаючы па трохі расталым снезе і радуючыся, што зараз яна ішла па гарадскім бруку, а не па вясковым безздарожы, якое б з гэтымі лужынамі ператварылася б у непраходнае балота. Хаця, у роднай вёсцы зараз наўрад ці было так цёпла — усё ж паўночней за гэтую вашую сталіцу, як-ніяк.
«Мабыць, тут таму і не ўмеюць плашчы рабіць, бо сапраўднай зімы не бачылі. Хаця Луна казала, што тут часам такія завірухі здараюцца, якіх у іхняй вёсцы не было ніколі» — думала сабе Іза, каб хоць чым-небудзь заняць свой розум, пакуль не дойдзе да дому. Трохі раней у яе нават была думка змяніць шлях і пашукаць што-небудзь цікавае, але стома пасля доўгай дарогі пачынала браць сваё, таму хацелася пахутчэй вярнуцца дадому, а зрабіць гэта можна было, хто б сумняваўся, таксама праз плошчу з тымі клятымі русалкамі. «Добра хоць, што яны сядзяць сабе ў фантане і не вылезуць да...»
— Ах, каб цябе,— міжволі вылаялася Іза. Яна нават не заўважыла што не закончыла сваю думку, бо ўся яе ўвага была скіравана на значна больш істотную непрыемнасць.
Убачыўшы тутэйшы фантан, трохі скрамнейшы, чым той каля гарадской брамы, з'явілася знаёмае пачуццё трывогі, бо ў вочы адразу ж кінуўся Грацыян, які сядзеў на борціку як ніколі нічога. Зрэшты, карціна была не такая ўжо прывычная, як Іза спачатку падумала, бо нешта ўсё ж было не так. Хаця б тое, што хлопец гэтым разам сапраўды выглядаў як статуя, бо зусім не варушыўся. Узімку русалкі павінны спаць, наколькі казалі людзі ў горадзе. Можа быць, у гэтым і была справа — Грацыян высунуўся з вады раней, чым было трэба, і цяпер ператварыўся ў лядзяк? Калі гэта было праўдай, то гэта б вырашыла многа Ізіных бедаў.
Яна збіралася звыкла кіравацца далей дадому, але адкульсці з глыбокіх куткоў памяці на Ізу адразу раптоўна высыпаліся ўсе павучэнні, якія яна толькі чула ад бацькоў, іншых старэйшых і ад храмавых службоўнікаў. «Не пакідай іншых людзей у горы» і ўсё такое, што звычайна гучала больш прывабна, чым сама думка аб дапамозе таму, хто гразіўся здаць яе варце. Але ж не здаў?
— Гэй!— гукнула Іза, пакуль не паспела перадумаць.— Ты як там, жывы?
Грацыян вельмі павольна падняў позірк, дагэтуль апушчаны долу. Мабыць, з хлопцам сапраўды было нешта не так, бо звычайная ягоная ўсмешка, разам з жывымі рухамі твару, кудысьці падзеліся, і цяпер ён, як бы гэта не было для Ізы смешна, сапраўды нагадваў выцягнутую з-пад ільду рыбу, настолькі запаволеным ён здаваўся.
— Залазь пад ваду, дурны,— кінула яна яму, нават не ведаючы, ці добрая гэта парада. З іншага боку, на паверхні ён толькі застудзіцца, а пад вадой ён жа павінен ізноў заснуць?
— О, гэта ты,— ледзь чутна прагаварыў Грацыян, не звяртаючы ўвагу на тое, што Іза яму сказала.— Я думаў, ты больш не прыйдзеш.
— Думаць гэта не зусім тваё,— фыркнула тая. Зрэшты, асалоды ад сваёй дасціпнасці яна не атрымала, бо смеючыся з хлопца ў такім стане адчувала сябе так, быццам бы здзеквалася з калекі.— Вяртайся ў свой фантан, ты застудзішся.
— Нам трэба паразмаўляць.
— Чаго? Ты мяне чуеш увогуле? Ты вунь увесь трасешся ад холаду.
— Нам трэба пагаварыць, пакуль ты тут.
Іза закаціла вочы. Усё ж Грацыян нагадваў не столькі калеку, колькі чарговага п'яніцу з шынка, якому ты пра абразы, а ён табе пра гарбузы. Але ў гэтым выпадку, у адрозненне ад працы, хаця б была магчымасць закончыць размову сапраўды сышоўшы. Можа ад суму і расчаравання хлопец сапраўды вернецца пад ваду.
— Не, ніякіх размоў. Я пайду, а ты не рабі дурасцяў.
Як мама любіла казаць, Іза «накаркала» — як толькі яна сказала пра дурасці і развярнулася, каб пайсці сваёй дарогай, як адчула што нешта, а дакладней нехта, трымае яе за спадніцу. Зрэшты, невядома яшчэ, хто з іх дваіх, яна ці Грацыян, быў адказны за тое, што здарылася: з аднаго боку, хлопец не павінен быў яе спыняць, тым больш хапаць за падол, з іншага — Іза, мабыць, занадта рэзка пацягнула за тканіну спадніцы, зусім не ўлічыўшы, у якім стане знаходзіцца Грацыян, які, страціўшы раўнавагу, тут жа ўпаў, але не ў ваду, а прама на брук.
— Уладарка і Ўладар, ты ў парадку?— Іза, якая ад перапуду забыла, што толькі што была злая на хлопца, прысела на кукішкі, побач з ім.
— Жыць буду,— буркнуў Грацыян, прыпадымаючыся на лакцях і ў неразуменні азіраючыся вакол сябе. Мабыць, праз санлівасць ён не адразу зразумеў, куды менавіта ён паваліўся.
— Ты зможаш вярнуцца ў фантан?
— Так,— хлопец кіўнуў, але амаль адразу ледзь ізноў не ўпаў, рызыкуючы ўсё ж разбіць сабе лоб.
— Вось халера,— Іза бездапаможна азірнулася навокал сябе. Ці тое гэтая плошча ў такі час заўсёды была пустая, ці тое гэта быў нейкі чарговы жарт лёсу.— Я не ўпэўненая, што змагу цябе падняць...
А хіба трэба было? Дакладней кажучы, прыпадняць яго ўсё ж сапраўды было патрэбна, але Іза раптоўна зразумела, што ёй не трэба падымаць усё яго цела, а толькі даць Грацыяну аперціся на яе рукі і ўсё — нават з ягонымі запаволенымі рухамі ў хлопца не павінна быць праблем з тым, каб вярнуцца ў ваду.
— Вазьмі мяне за рукі,— сказала яна яму, крыху прыўстаючы. Грацыян зірнуў на яе позіркам, у якім, пры ўсёй яго млявасці, беспамылкова чыталася поўнае неразуменне.— Проста трымайся, а потым асцярожна спусціся ў ваду,— і, не чакаючы, пакуль да хлопца дойдзе тое, што яна ад яго хоча, Іза паклала ягоныя рукі сабе на перадплеччы, а калі той наўмысна ці не іх сціснуў, яна трохі прыпадняла яго над борцікам фантана, дапамагаючыся апусціцца. Гэта нават было не так цяжка, як яна думала.— А цяпер я пайду. І не хапай больш мяне за спадніцу, калі не хочаш валяцца на бруку, пакуль не змерзнеш. Больш дапамагаць табе не буду.
— Чакай.
— Я сыходжу і не хачу нічога слухаць.
— Я нікому не скажу.
Іза міжволі спынілася. Не скажа пра што? Гучала быццам бы пра тое, што тут зараз адбылося, але хіба ў гэтым было нешта такое, выкрыцця чаго варта было б баяцца? Ці ён усё ж казаў пра іншае?
— І за ўвесь час нікому не сказаў. Ніводнай жывой душы.
— Бач ты, як языком зачасаў,— Іза працягвала стаяць спінай да яго, баючыся сама не ведаючы чаго: ці тое пабачыць нейкі не той выраз твару, ці тое выдаць свой уласны страх, які ні ў якім выпадку не хацела паказваць Грацыяну, каб той не надумаў дадаткова яе запужваць.— Хлопча, табе б сапраўды паспаць.
— Я сур'ёзна.
Іза адчула ціхае шастанне вады, а потым як ізноў нацягнулася тканіна спадніцы, якую, хоць і досыць слаба, але сціснуў ў руцэ Грацыян.
— Я, па-мойму, казала...
— Калі абяцаеш прыйсці на размову, то я адпушчу.
— Я магу і так вырваць у цябе спадніцу і сысці.
— Няўжо нецікава, пра што я хачу пагаварыць?
«Трэба было пакінуць яго валяцца на бруку» — са злосцю падумала Іза, бо выдатна разумела, што хлопец цалкам меў рацыю. Акрамя таго, што было б нядрэнна пераканацца ў яго намерах увогуле і зразумець, ці сапраўды ён не збіраецца выдаваць яе таямніцу, дык яшчэ і цікаўнасць не давала Ізе спакою з моманту, як яна заўважыла сілуэт старога знаёмага на борціку фантана.
— Я прыйду, калі надыдзе вясна, добра?
— Добра.
Спадніца плаўна вярнулася да ранейшай формы, а пасля ледзь чутнага булькання і фантан стаў выглядаць так, як і павінен быў у гэтую паравіну года — пакрыты лёдам, прынамсі, збольшага, а таксама без ніякіх русалак у полі зроку.
Увесь шлях дадому Іза думала аб тым, шкадаваць ёй аб сваім абяцанні ці ўсё ж не. З аднаго боку, ніхто, акрамя, хіба што ўласнага сумлення, не абавязваў яе стрымліваць сваё слова. З іншага — а ці не хопіць ужо бегаць? У рэшце рэшт, ёй тут жыць калі не ўсё жыццё, то досыць доўга, дык можа быў сэнс нарэшце разабрацца з такой прыкрай непрыемнасцю? Дый яшчэ і цікаўнасць не давала спакою. Аб чым з ёй хацеў паразмаўляць русал?
— Ты нарэшце вярнулася,— пачуўся са спальні голас Луны і дзяўчына з'явілася з-за дзвярэй яшчэ да таго, як Іза паспела дакрануцца да ручкі.— Ты так затрымалася, я ўжо падумала, што ты засталася ў вёсцы.
— Проста вырашыла прайсціся пасля доўгага сядзення ў санях,— адказала тая, абдымаючы сяброўку. Пра сустрэчу з Грацыянам пакуль лепш прамаўчаць. — А я вось думала, што дома нікога няма. Чаго ты не на працы?
Луна ўзялася за прыбіранне на сваім баку пакою і, судзячы па яго чысціні, займалася яна гэтым ужо досыць працяглы час. Іза, якая ў гэты момант была занятая спробамі расшнураваць тугія вузлы на ботах, нават трохі засаромілася, што ейны бок выглядаў так неахайна — перад самым ад'ездам дадому яна доўга не магла знайсці адкладзеныя для мамы хусткі, таму ў злосці вывернула ўвесь свой куфар з адзеннем прама на ложак.
— Вялікашаноўны Пан Бондар вырашыў, што ў самы прыбыткоўны дзень у годзе ён не хоча адцягвацца на паходы ў храм, таму вырашыў зрабіць гэта сёння,— балтатала тым часам Луна, праціраючы анучай шкляныя бутэлечкі з фарбаваным пяском, якія яна купіла на першым зімовым кірмашы,— і адпусціў нас параней, а заўтра сказаў усім быць гатовымі, як да бітвы.
— А кажуць жа, што піць на святы — асабліва вялікі грэх,— Іза, доўга думаючы, ці не далучыцца ёй таксама да прыбіранняў, але ў выніку перамагло жаданне проста адпачыць, таму яна адсунула раскіданае па ложку адзенне, і лягла, занятая разглядваннем шчылін на тынкаванай столі.
— Твая праўда. Але кожны год шынок ажно ломіцца, столькі людзей на Святы Шлюб прыходзіць. Стары Ігнат увогуле кажа: «Сапраўдны грэх — не перакуліць чарку за ўдалае вяселле Ўладара і Ўладаркі». Зрэшты, не ён адзін.
— Гэтую мудрасць дый нам на вывеску,— пасмяялася Іза, хоць яна і не памятала ніякага старога Ігната. Тым не менш, чым бліжэй да свята, тым часцей можна было пачуць гэтыя словы, асабліва ад пастаянных наведвальнікаў.
— Цьху на цябе, блюзнерка!— Луна абурылася, але міжволі таксама хіхікнула.— Ты ў храм пойдзеш сёння?
— Не, я з бацькамі яшчэ ў вёсцы схадзіла. Ці ты хацела разам са мной пайсці?
— Я ўжо была. У гэтым годзе нарэшце змагла выбрацца ў галоўны храм. У той, што ў самым цэнтры.
— Ты пра той вялічэзны?— ад захаплення Іза ажно падскачыла на ложку. Звычайна яна не звяртала такой вялікай увагі на Веру і яе сімбалы за што не раз яе лаяў вясковы службоўнік Карл, але храм у цэнтры горада быў выключэннем з правілаў.
Іза бачыла яго толькі адзін раз, дый тое толькі краем вока, калі яны з Лунай дапамагалі жонцы Пана Бондара, вядомай ім дзвюм і Канстанты як Пані Бондар, занесці пакупкі дадому. Да гэтага моманту Іза неяк не задумвалася над тым, што яе чакае ў цэнтры, дый ёй і не карцела даведацца — ужо адна толькі ўскрайка горада так яе ўражвала, што не было часу думаць пра іншыя яго часткі. Да таго ж, сталіца была такой вялікай, што каб абысці ўсе яе закуткі спатрэбілася б цэлае жыццё.
Але хаця б дзеля таго, каб пабачыць галоўны храм, варта было гэтае жыццё пражыць — гэта быў вялічэзны будынак, складзены са светла-карычневай цэглы, аздоблены калонамі, разьбой, вітражамі, і ўсё гэта было зроблена так па-майстэрску, што кожную дэталь аздаблення храма можна было разглядаць гадзінамі. Ізінай улюбёнай часткай былі, вядомая ж справа, вітражы, якія, як яна калісьці чула толькі ў вясковай пагалосцы, сапраўды адлюстроўвалі сцэны з «Законаў». Хіба што адзін з бакавых вітражоў, які Іза паспела пабачыць толькі мімаходзь, пакуль яны з Пані Бондар не завярнулі за вугал, ёй зусім не падабаўся — на ім нейкі вельмі непрыгожы мужчына вісеў у пятлі, пакуль невыразныя фігуры з натоўпу радаваліся.
— Так!— Луна выглядала шчыра захопленай і нават адклала ў бок анучу, якой мыла столік каля свайго ложка.— Людзі праўду кажуць: там ледзь не кожная рэч адлітая з золата, а паўсюль такія прыгожыя ўзоры...
— А вітражы як?
— Проста цудоўныя! Калі сонца свеціць праз іх, то святло становіцца каляровым, і я нават пастаяла пад ім, калі падыходзіла па бласлаўленне да службоўніцы!
— Спадзяюся, ты хоць не стаяла пад тым шыбенікам.
Іза задумвала гэта як бяскрыўдны жарт, але ці тое ейны смех гучаў нацягнута, ці тое Луна зусім не падзяляла яе меркаванне, але сяброўка нахмурылася і вярнулася да працы.
— Ведаеш, Іза, у «Законах» так напісана. Няма нічога дрэннага ў стварэнні вітражоў, якія адлюстроўваюць здарэнні адтуль.
— Але ж можна было выбраць нейкую іншую сцэну! У кніжцы столькі старонак, там яўна няма праблем з колькасцю здарэнняў!
— Уладарка і Ўладар, калі б ты пачытала гэтую «кніжку», дык можа тады б зразумела.
— А можа калі б ты не чытала свае «Законы», дык зараз бы не была такой дурніцай,— зусім ціха прабурчэла Іза і, судзячы па маўчанні Луны, яна ці тое яе не пачула, ці тое не захацела працягваць размову.— Увогуле, ведаеш, што? Мама табе падарунак прасіла перадаць.
— Падарунак? Мне?— сяброўка ажно ўпусціла анучу, чаго, зрэшты, нават і не заўважыла, адразу кіруючыся да ложка Ізы. Сеўшы побач, яна з пэўнай няёмкасцю прыняла пакунак, які толькі круціла ў руках, мабыць, не вырашаючыся адкрыць.— Свята толькі заўтра.
— Вой, ды нічога страшнага не здарыцца, калі паглядзім сёння,— Іза штурхнула яе ў бок, выцягваючы з торбы астатнія скруткі, што належалі ўжо ёй самой.— Не думаю, што гэта будзе такім вялікім грахом, што,— яна тэатральна нахмурылася, перадражніваючы твар службоўніка Карла, калі той злаваўся,— твая душа будзе так абцяжарана, што знікне разам з целам, а не павернецца да спрадвеку, дзе пад кіраваннем Уладаркі і Ўладара спазнала б вечнае жыццё ў дабрабыце.
— Добра-добра,— Луна нарэшце засмяялася, што пасля іх дробнай сутычкі хвіліну таму не магла не радаваць.— Калі будзеш у вёсцы ў наступны раз, перадай, што я бязмежна ўдзячная цётцы Агнешцы.
— Сама магла б перадаць,— не падумаўшы, кінула Іза. Калі яна зразумела, што зараз ізноў можа дайсці да малой сваркі, то паспяшыла дадаць: — Дзядзька Іштван запытаўся ў мяне, як ты, адразу, як толькі мяне пабачыў. Сказаў, што цётка Лета незадаволеная, што ты з'ехала ў горад і знікла з канцамі.
— Ага,— абыякава буркнула сяброўка, але твар яе тут жа пасвятлеў, калі яна нарэшце адкрыла свой падарунак. Нічога асаблівага там не было, толькі даматканная кашуля, якая была і ў адным са скруткаў Ізы, але Луна была шчыра радая.— Як там твае родзічы?
— Па-старому. Толькі малыя гэтым разам прызналіся, што іх дражняць праз тое, што я вядзьмарка.
— Гэтага варта было чакаць.
— Я ўсё ж думала, што іх гэта не зачэпіць,— Іза стомлена выдыхнула, з трохі меншай радасцю перабіраючы астатнія падарункі: бацькі дзесь дасталі ёй прыгожыя шкляныя пацеркі, Януш падарыў разны грэбень, які, магчыма, нават зрабіў сам, а Торы зляпіла для яе гліняны кубачак, крыху крывы, але ад гэтага не менш чароўны.— Затое, можа быць, з тваімі братамі і сёстрамі будуць сябраваць. Гэта я не ў сэнсе, што хачу, каб і тваім родным таксама надакучвалі...
— Я зразумела,— Луна кіўнула, адводзячы позірк у вакно, за якім ужо паспела пацямнець.— Не думаю, што дзяцей Леты дражняць. Сама ведаеш, усе ў вёсцы думаюць, што вядзьмарства мне перадалося ад маці, таму бацька як бы не пры чым. Дый я з імі не размаўляла ўжо колькі часу, таму, мабыць, у вёсцы лічаць, што я цяпер не частка сям'і.
На секунду Іза ўзрадавалася, што няправільна зразумела сяброўку — яна не разарвала адносіны з сям'ёй, а толькі зрабіла выгляд, каб іх абараніць. Было аднак у гэтым нешта сумнеўнае. Магчыма, гэтым «нечым» быў тон і выраз твару Луны, можа быць, уся гісторыя ейных адносін з бацькам. Так ці інакш, варта было задаць удакладняльнае пытанне і ўсё стала на свае месцы:
— Што? Не, я проста не хачу перашкаджаць бацьку весці жыццё з новай сям'ёй,— Луна як ніколі нічога паціснула плячыма і збіралася вяртацца да прыбірання, але Іза схапіла яе за запясце.
— Чакай! Ты не можаш так казаць! Твой бацька, дый мачыха таксама, цябе сапраўды любяць...
— Ведаеш, што яны падарылі мне на Дзень шлюбу?
— Прабач?
— На Дзень шлюбу. На леташні, дый на папярэднія. Нічога. Ведаеш, колькі разоў яны пісалі мне лісты? Ні разу,— Луна вызваліла сваю руку і вярнулася на свой бок пакою.— За ўвесь час з майго ад'езду ад іх не было аніводнай спробы са мной звязацца.
— Яны чакаюць ад цябе таго ж,— паспрабавала апраўдаць іх Іза, але сяброўка толькі жэстам паказала, што размова на гэтую тэму закончаная.
Зрэшты, амаль закончыліся і размовы на іншыя тэмы — Луна працягвала прыбірацца ў поўным маўчанні, а Іза, стомленая дарогай, вырашыла легчы спаць параней.
Наступнай раніцай усё было так, як і звычайна, хоць і адчувалася пэўная няёмкасць пасля ўчорашніх сутычак. Але нічога так не згладжвала адносіны, як сумесная дарога, асабліва, калі гэтая дарога вяла на працу, дзе і без таго будзе досыць нагод для перажыванняў, таму, выйшаўшы на вуліцу, дзяўчаты ўжо балбаталі паміж сабой у звычнай манеры.
— ...яна тады пачала мяне распытваць, чаму ў шынку ізноў толькі адна дзяўчына працуе, а я ўжо ў соты раз ёй тлумачыла, што ў цябе былі выхадныя... Іза, ты чаго ўстала?
Іза, якая дагэтуль уважліва слухала гісторыю сяброўкі пра адну з асабліва надакучлівых п'яніц, міжволі застыла на месцы, калі зразумела, што за наступным паваротам іх чакае тая самая плошча, што служыла домам Грацыяну і яго сяброўкам. Узімку яны з Лунай спакойна праходзілі тут, але пасля ўчорашняга здарэння ці змогуць яны гэта зрабіць без лішніх клопатаў?
— Давай можа лепш абыдзем,— кінула Іза, касавурачы ў бок крыніцы магчымых непрыемнасцяў, і, не чакаючы адказу, пацягнула сяброўку за сабой.— Спадзяюся, не спознімся.
— Мы б напэўна не спазніліся б, калі б ты не вырашыла памяняць дарогу. У цябе ж не было праблем з тым, каб хадзіць тут узімку, дык што здарылася?
— Я потым табе раскажу.
Калі павінна было надысці гэтае «потым» Іза не была ўпэўненая. Луна, мабыць, чакала, што адказ на сваё пытанне яна атрымае падчас першага-лепшага перапынку на працы, які звычайна здараўся досыць хутка, але ў свята, як і чакалася, людзей было так шмат, што Іза сумнявалася, што ў іх увогуле будзе перапынак.
— Я спадзяюся, у нас проста закончыцца спірт і мы пойдзем дадому,— бурчэў сабе пад нос Канстанты, сцягваючы з гарышча чарговую бочку з адным з трункаў.
— Думаю, пан Якуб усё ж пастараўся папоўніць запасы так, каб яны не кончыліся нават за тыдзень такіх святкаванняў,— хіхікнула Іза, прытрымліваючы для мужчыны дзверы, а потым ставячы перад ім кухлі, каб той іх напоўніў.
— Ты або пераацэньваеш нашага гаспадара, або недаацэньваеш тутэйшых піткоў. Прайшла палова дня — і паловы запасаў як не было.
— Уладарка і Ўладар, ужо?!— са здзіўлення Іза ледзь не развярнула свой паднос. Зрэшты, калі б нешта з яго ўпала, то алкаголь сапраўды мог бы закончыцца хутчэй.
Гэтай навіной вельмі хацелася падзяліцца з Лунай, але яны абедзьве былі так занятыя, што не было магчымасці нават слова сказаць адна адной, не тое што разам папляткарыць. Абедзьве толькі сноўдалі туды-сюды, разрываючыся паміж кухняй, дзе гаспадарыў Канстанты, і перапоўненымі людзьмі столікамі.
Хоць спраў было хоць адбяўляй, Іза ўсё роўна заўважыла, што з сяброўка выглядала занепакоенай. Няўжо дагэтуль пераймаецца праз учорашнія сутычкі? Стала неяк сорамна за сваё няўменне трымаць язык за зубамі і не лезці не ў свае справы, таму падчас першай жа свабоднай хвілінкі, калі яны абедзьве мелі магчымасць крыху падыхаць свежым паветрам, адпачываючы ад душнага шынка, Іза запытала, у чым справа.
— Сумна гэта ўсё,— Луна кіўнула на сем'і, што спяшаліся ў храм ці ішлі адтуль,— мы не толькі не можам, як прыстойныя людзі, схадзіць на службу, дык яшчэ і бавім свята ў такім паскудным месцы.
— Маеш рацыю,— пагадзілася Іза, што праўда, пераймаючыся не столькі праз адсутнасць магчымасці схадзіць у храм, колькі праз тое, што не сядзіць зараз за сталом разам з сям'ёй.— У вёсцы зараз было б так хораша — цішыня, снегапад і піханая пальцам каўбаса.
— Каўбасу можна і тут купіць,— пасмяялася з яе сяброўка, хоць і сама нядаўна прызнавала, што дома мяса нашмат смачнейшае.— У вёсцы мо і праўда было б лепш, але я ў наступным годзе хачу схадзіць у галоўны храм не напярэдадні Дня шлюбу, а менавіта на свята.
— У галоўны і я б схадзіла.
— Дык можа налета і пойдзем?
— Можа і пойдзем,— сказала Іза і адчула, як Луна сціснула яе далонь.
— Дзякуй,— дзяўчына пасміхнулася спачатку лагодна, а потым раптоўна ў яе вачах з'явіліся хітраватыя агеньчыкі.— Раз ужо мы тут стаім, можа раскажаш, чаго ты сёння абышла тую плошчу?
Адразу неяк захацелася адмовіцца ад дадзенага сяброўцы абяцання, настолькі яна раздражянала сваёй ўпэўненасцю, што правільна разумее, чаму Іза пазбягае Грацыяна. Але хоць зараз і быў найлепшы момант, каб растлумачыць прычыны сваіх учынкаў, то рабіць гэтага вельмі не хацелася — толькі-толькі яны з Лунай прымірылася, дык не хапала яшчэ і азмрочваць свята непрыемнымі навінамі.
— Давай можа лепш потым?
— Ты ўжо адзін раз сказала «потым». Давай кажы зараз, мне ж цікава.
— Ды там нічога такога,— Іза цяжка выдыхнула, не ведаючы, якія словы падабраць, каб усё здарэнне не выглядала змрачней і страшней, чым было.— Проста той дурань, як бы табе сказаць... Выпадкова даведаўся, хто я.
Ёй цяжка было сказаць, што зараз павінна было адбывацца ў галаве Луны, але хутчэй за ўсё прыблізна тое самае, што хвіліну таму адбывалася ў яе ўласнай — хіба што сяброўка, мабыць, пашкадвала не аб чымсьці дробным, а аб тым, што Іза ўвогуле пераехала ў горад. Прынамсі, твар у Луны быў вельмі і вельмі раззлаваны, хоць пакуль яна і спрабавала стрымліваць свой гнеў.
— Калі ласка, скажы, што ён толькі выпадкова пабачыў бранзалет.
— У такім выпадку я б не перажывала ўвогуле. Так што, прабач, не скажу.
— Іза!— абурана зашаптала сяброўка, відаць, баючыся прыцягваць непатрэбную ўвагу мінакоў з вуліцы.— Ты ж разумееш, што гэта можа стаць тваім смяротным прысудам! Літаральна!
— Чакай-чакай. Так, я зрабіла дурасць, але ж ён дагэтуль мяне не выдаў!— запярэчыла Іза, гаворачы як мага хутчэй, каб у Луны не было шанцу перабіць яе і працягнуць абурацца.— У яго было столькі часу і магчымасцяў здаць мяне, але ён маўчаў! Толькі вось учора я выпадкова на яго натыкнулася і ён захацеў паразмаўляць...
— Празмаўляць аб чым?
— Уяўлення не маю. Менавіта таму я хачу ўвесну прыйсці, каб даведацца, што яму ад мяне трэба.
— Я б на тваім месцы не хадзіла б,— раззлавана фыркнула Луна, касавурачыся ў бок шынка, да якога ўжо варта было б вяртацца.— Пакуль ты там не з'явішся, у яго не будзе шанцаў выстаўляць табе нейкія ўмовы за яго маўчанне.
— Маеш рацыю, але тады мне трэба будзе пазбягаць адной плошчы ўсё жыццё. Ды яшчэ і па такой дурной нагодзе — праз нейкага там гарадскога хлопчыка з хвастом рыбы!
— Нагода і праўда дурная,— нарэшце сяброўка супакоілася і нават пасміхнулася.— Можа ты і праўду кажаш — чым хутчэй разбярэшся, тым хутчэй можна будзе пра гэта забыць. Глядзі толькі, каб гэты гарадскі хлопчык табе галаву не задурыў.
— Ды ну цябе!— хіхікнула Іза і кінула ў яе ручнік, што ўвесь час вісеў на парэнчах перад імі.— Ты ж мяне ведаеш, мяне немагчыма абвесці вакол пальца. Каб табе гэта даказаць, я зараз жа, пакуль Анелька не паспела ізноў уцячы, не заплаціўшы, пайду вытрасу з яе ўсе яе даўгі.
І, не чакаючы адказу, яна вярнулася ў душны шынок, наведвальнікі якога шумелі так, што адразу разбалелася галава, але пасля апошніх дзён святочнай і ненатуральнай цішыні, Ізе нават у нечым спадабаўся такі гармідар. Пераступаючы аздоблены да Дня шлюбу парог, яна загадала сваё заслужанае жаданне: каб у наступным годзе яны з Лунай спраўлялі святы не ў шынку, і нават не ў храме, а ў сваім гасцявым двары.

МатылькіOnde histórias criam vida. Descubra agora