Хутка для Ізы павінна была надысці важная гадавіна — яшчэ паўмесяцы і споўніцца роўна год, як яна жыве ў сталіцы. Так супала, што блізка былі і іншыя важныя падзеі — народзіны, якія, як заўсёды, і, як ва ўсіх, прайшлі незаўважанымі, і Дзень Каралеўства, які нязменна адзначаўся ва ўсіх кутках краіны кожны год трыццатага кастрычніка.
У іх вёсцы таксама, але, што праўда, Луна казала, маўляў, у горадзе ўсё зусім інакш і святкаванне дня заснавання каралеўства вельмі пышнае і багатае, дый людзей на вуліцах так шмат, што ажно адчуваеш асаблівую ўрачыстасць, якой не пабачыць ні падчас ціхага і богабаязнага Святога дня шлюбу Ўладаркі і Ўладара, ні падчас скромных вясковых гулянняў на той жа Дзень Каралеўства.
Можа быць, яно так і было, у рэшце рэшт Іза ў гэты час яшчэ не жыла ў горадзе, таму для яе гэта была першая магчымасць пабачыць усё на свае вочы. Зрэшты, не тое, каб яна была моцна ў гэтым зацікаўленая — тое, што яна пражыла тут пакуль што толькі амаль год, але хутка будзе цэлы, падавалася чымсьці больш прыкметным. Прынамсі, Іза так гэта бачыла — гэта быў доказ яе здольнасцяў, самастойнасці і іншых станоўчых рыс, наяўнасць якіх рабіла яе паспяховай дарослай жанчынай.
— Ты проста невыносная,— казала ёй Луна, калі незадоўга да закрыцця яны падмяталі падлогу, намагаючыся не месці пыл на апошніх наведвальнікаў шынка, хоць тыя наўрад ці асабліва пераймаліся б з гэтай нагоды.— Я табе кажу: ты калі пабачыш усё на свае вочы, то ты адразу перастанеш так казаць.
— Я б лепш сям'ю на свае вочы пабачыла,— буркнула Іза.— Я так разлічвала, што яны ўсе прыедуць гэтым разам.
— А што такое?— запытаў Канстанты, праціраючы кухлі.— Чаго не прыехалі? Асноўныя працы на палях быццам бы закончыліся, калі я яшчэ добра памятаю свае вясковыя будні.
— Закончыліся, але мой тата і Януш зараз занятыя на будаўніцтве.
— Будаўніцтве?
— Талакой будуюць хату адным суседзям,— Іза закаціла вочы.
Хоць гаворка ішла і пра Рагвалода і Просю, з якімі адносіны ў яе сям'і былі досыць прыязныя, яна нават калісь сябравала з іх найстарэйшай дачкой, Геняй, але гісторыя гэтая ўсё роўна не мела ў сабе нічога, што б устрымала Ізу ад незадаволенасці. Мала таго, што раптоўная незапланаваная, як гэта заўсёды і здараецца, талака сарвала прыезд яе сям'і ў горад, дык было і яшчэ нешта іншае, што злавала не менш:
YOU ARE READING
Матылькі
FantasyІза любіла матылькоў. Матылькі, у сваю чаргу, любілі яе, яшчэ нават задоўга да таго, як аказалася, што яна вядзьмарка і можа іх ствараць сама, як і любых насякомых. Да тых часоў, пакуль яна не пераехала ў горад з вёскі, дзе пільныя суседзі не пакіда...