Глава 4. Першая вясна

2 0 0
                                    

Пасля размовы з Лунай да Ізы вярнуўся страх таго, што метал бранзалета ўсё ж такі памяняў свой колер, як і папярэджвала варта. Гэтыя перажыванні адышлі б у мінулае канчаткова, калі б сяброўка, рыхтуючыся да сну пасля доўгага працоўнага дня, не вырашыла ізноў вярнуцца да гэтай тэмы, задаючы ўсё больш і больш трывожныя пытанні.

— Ды ўсё нармальна,— адмахнулася тады Іза, удаючы бесклапотнасць, пакуль папраўляла бялізну на ложку.— Я правярала некалькі разоў, але колер усё той жа, што і быў.

— Ты ўпэўненая, што добра запомніла?— з недаверам перапытала Луна.— Але добра, давай лепш параўнаем з маім, каб лішніх размоў не было.

Гучала як неблагое рашэнне, але як толькі дзяўчыны выцягнулі рукі, пытанняў з'явілася больш, чым адказаў.

— Беражы цябе Ўладарка і Ўладар,— шапнула ў жудасе Луна, паказваючы на цямнейшы бранзалет сяброўкі.— Ён змяніўся.

— Гэта нейкая памылка! Мой бранзалет ніколі не быў такім светлым, як у цябе. Іх павінны былі рабіць з рознага металу.

— Па правілах быццам бы ўсе мусяць быць аднолькавымі.

— Па правілах многа чаго мусіць быць, але не ёсць!— Іза ад злосці нават падскачыла з ложка, на які толькі-толькі села.— Я табе цалкам сур'ёзна кажу: мой бранзалет адразу быў іншы.

— Можа быць, але ты ўпэўненая, што варта ці яшчэ хто іншы павераць табе?

Пасля гэтага яны з Лунай больш не размаўлялі на гэтую тэму, відаць, абедзьве ў роўнай ступені баючыся і думаючы, што калі зрабіць выгляд, што нічога не здарылася, то ніякіх новых непрыемных здарэнняў таксама не адбудзецца.

Разам з тым Іза не магла перастаць думаць пра тое, ці сапраўды яе бранзалет адразу быў цямнейшы. Калі так, то тады чаму? Звычайная выпадковасць? Ці вядзьмарскія бранзалеты сапраўды робяць з розных металаў? Але ў такім выпадку варта павінна пра гэта ведаць? Можа гарадскія ўлады навучыліся распазнаваць вядзьмарства, больш схільнае да парушэння законаў каралеўства і Веры, і такім чынам выдзяляе іх сярод астатніх?

Нават невядома было, які з усіх гэтых варыянтаў горшы — тое, што бранзалеты з нейкай незразумелай прычыны былі розныя, ці тое, што ейны пацямнеў ад таго дурнога выкарыстання здольнасцяў дзеля помсты нейкаму ёлупу. Магчыма, уласна, ён і мог мець адказ на гэтае пытанне, судзячы па тым, як лоўка ён скеміў, кім яна была.

МатылькіWhere stories live. Discover now