Глава 7. Другая зіма

4 0 0
                                    

Зіма надышла неяк незаўважна. Быццам бы зусім нядаўна адзначалі і Дзень Каралеўства, і маленькую гадавіну пражывання Ізы ў сталіцы, а на дварэ ўжо снежань. Пачаўся ён нібыта яшчэ раней, чым павінен быў, бо ўжо ў канцы лістапада павыпадаў снег і пазамярзала вада ў рэчках, азёрах і, што хвалявала Ізу хіба найбольш, у фантанах.

Забаўна, як у мінулым годзе яна таксама ўсё перажывала аб гэтым, але калі летась думкі круціліся вакол страху аб раскрыцці яе таямніцы, і змёрзлыя фантаны выклікалі хутчэй пачуццё палёгкі, то сёлета ўсё было зусім інакш.

— Я ж нікуды не падзенуся, чаго ты так пержываеш,— казаў Грацыян з лагоднай усмешкай, калі яны ў лістападаўскі вечар сядзелі разам — ён у вадзе, а Іза на фантане.

Ужо тады было досыць холадна, але гарадскія бабулі і дзядулі, тыя самыя, што прадчувалі любыя змены надвор'я хто сваімі касцямі, хто проста ведаючы народныя прыкметы, усё казалі, што вось заўтра ўжо надыдуць сапраўдныя зімовыя маразы. Іза, хоць звычайна і любіла гэтую паравіну года, але летась зусім не была радая такому ранняму з'яўленню першых яе прыкмет.

— Ведаю,— яна выдыхнула, рукой водзячы па паверхні вады.— Зусім ледзяная. Табе не холадна?

— У вадзе — не, але на паверхню лепш не вылазіць, бо тады азалею,— ён асцярожна, як калісь на свята, узяў яе за пальцы і сціснуў у сваёй руцэ, грэючы іх.— Ты дагэтуль перажываеш праз таго замежніка?

— Так,— Іза нават не стала спрачацца. Яна прыйшла паразмаўляць з Грацыянам не для таго, каб рабіць выгляд, што з ёй усё ў парадку, калі гэта не было праўдай.— Спачатку я пераймалася толькі за сябе, дый за Луну і Канстанты, але я вось я задумалася апошнім часам: ці ёсць увогуле хоць нейкія надзеі на змены? Што трэба зрабіць вядзьмарству, каб мы заслужылі лепшае стаўленне?

— Калі б хто ведаў,— хлопец пакруціў галавой.— Ці можна ўвогуле нешта зрабіць?

— Я ўпэўненая, што так. Глядзі, калі, напрыклад, у якой-небудзь вядзьмаркі здольнасці дазваляюць лекаваць людзей. Калі яна ўратуе чыёсьці жыццё, няўжо яе пакараюць за гэта?

Грацыян толькі паціснуў плячыма. Іза і сама замаўчала і ўсё глядзела на шрамы паміж ягонымі пальцамі. Раней яна не заўважала іх, але калі нарэшце звярнула ўвагу і спытала хлопца аб гэтым, той сказаў, што там таксама раней былі плаўнікі. Яны не мелі аніякага прымянення, таму з-за іх страты ён не асабліва пераймаўся, але Іза задумалася: навошта тады іх яму адрэзалі? Гарадскі ўрад не ведаў аб іх прызначэнні, таму вырашыў не рызыкаваць? Або яны хацелі зрабіць усё пасільнае, каб русалкі ў фантанах выглядалі як людзі, сціраючы кожную рысу, якая б іх адрознівала?

МатылькіWhere stories live. Discover now