Том 1 Раздзел 12 «Дэман у чырвоным спальвае храмы»

18 1 13
                                    

Як і думаў Се Лень, на твары юнака сапраўды былі сур'ёзныя шрамы ад апёкаў. Аднак пад гэтымі крывава-чырвонымі шрамамі, што нагадвалі сетку, праглядваліся тры-чатыры маленькія чалавечыя твары.

Твары, па памерах не большыя за дзіцячую далонь, былі крыва размешчаныя на шчоках і лбе. Абпаленыя полымем, рысы маленькіх твараў моцна зморшчыліся, нібы крычалі ад болю. Тое, што гэтыя крыклівыя дзіўныя маленькія твары раслі проста на звычайным чалавечым твары, было страшней за любога дэмана!

Убачыўшы твар юнака, Се Лень нібы праваліўся ў кашмар. Ад вялікага страху цела перастала яго слухацца, таму прынц нават не заўважыў, у які момант устаў на ногі; ён таксама не ведаў, які выраз з'явіўся на яго твары, але, напэўна, выраз быў жудасны. Юнак, павольна разматаўшы бінты, і да гэтага быў занепакоены, а пабачыўшы падобную рэакцыю на свой знешні выгляд ён і зусім падаўся назад, быццам ведаў, што Се Лень не можа спакойна глядзець на яго. Быццам абараняючыся, юнак рэзкім рухам закрыў твар рукамі, падскочыў з зямлі і з гучным крыкам уцёк у глыб лесу.

Прыйшоўшы ў сябе, Се Лень крыкнуў наўздагон юнаку:
- Пачакай!!!

Ён кінуўся за юнаком, паўтараючы:
- Пачакай! Вярніся!

Але прынц адрэагаваў занадта позна, а юнак выдатна арыентаваўся ў горных сцежках і звык хавацца ад небяспекі ў поўнай цемры, таму ён бясследна знік за лічаныя секунды і як бы Се Лень яго не клікаў, выходзіць не збіраўся. Побач не было нікога, хто мог бы дапамагчы Се Леню ў пошуках, ды і ўсю духоўную сілу Се Лень ужо патраціў, таму звязацца з духоўнай сеткай было немагчыма. Ён яшчэ некаторы час блукаў у гарах, але безвынікова. Падзьмуў халодны вецер, і Се Лень трохі прыйшоў у прытомнасць, зразумеўшы, што біцца ў акно, нібы сляпая безгаловая муха, далёка не лепшае выйсце. Паспрабаваўшы супакоіцца, ён падумаў: «Магчыма, ён вернецца, каб забраць цела паненкі Сяо Ін». Прынц вярнуўся да храма Мін Гуана, а апынуўшыся там, застыў як укапаны.

Ён пабачыў, як мноства людзей у чорным адзенні блукаюць па лесе ззаду храма і з  сур'ёзнымі выразамі твараў асцярожна здымаюць з дрэў падвешаныя дагары нагамі трупы воінаў, якіх было больш за сорак. А перад лесам Се Лень убачыў высокі сілуэт са скрыжаванымі на грудзях рукамі, які назіраў за працэсам. Калі ён павярнуўся, Се Лень разгледзеў хупавы твар з абыякавым выразам - гэта быў Фу Яо. Здаецца, ён вярнуўся і прывёў з сабой на дапамогу некалькі малодшых багоў вайны з палаца Сюань Джэня.

Дабраславенне Небажыхароў (Tiān Guān Cì Fú, 天官赐福)Where stories live. Discover now