Се Лень і Нань Фэн адразу ж кінуліся назад у храм Мін Гуана, але спазніліся: галоўная зала ўжо пуставала, і толькі на падлозе засталіся ляжаць раскіданыя паўсюль галаўныя покрывы нявест.
Убачыўшы гэтую карціну, Се Лень падумаў: «Дрэнная справа, вельмі дрэнная. Нам канец, нам усім канец». Ён тут жа кінуўся падбіраць покрывы і, ледзь паспеўшы сабраць іх усе, пачуў спалоханыя крыкі, якія данасіліся звонку. Разам з Нань Фэнам прынц выглянуў з акна і ўбачыў, як больш за дзесятак жанчын, апранутых у чырвоныя шлюбныя сукенкі, кольцам атачылі натоўп жыхароў вёскі і паступова падбіраліся ўсё бліжэй і бліжэй.
Усмешлівыя твары жанчын адсвечвалі зеленаватым, рукі ж яны працягвалі перад сабой: без усялякага сумнення, гэта былі тыя самыя трупы нявест!
Ніхто не мог захоўваць спакой, гледзячы, як жанчыны падыходзяць усё бліжэй, таму натоўп зусім забыўся на толькі што схопленага юнака ў бінтах. Ён вырваўся з іх лап, спрабуючы збегчы, а Сяо Ін паспешна дапамагла яму падняцца. Се Лень бездапаможна крыкнуў:
- Спыніцеся!Ён ужо збіўся з рахунку, колькі разоў за сённяшнюю ноч яму давялося вымавіць гэтае слова, калі здаралася нешта благое; як мінімум, Се Лень паўтараў яго трыццаць-сорак разоў, і ўсё роўна хтосьці прапускаў угаворванні міма вушэй, з чым сапраўды нічога нельга было зрабіць.
Тады ён узмахнуў рукой - і да нябёсаў узвілася стужка Жуое. Слухаючы загад гаспадара, стужка сама сабой закруцілася ў паветры, нібы багіня ў танцы: немагчыма было не заўважыць яе. Рухомы канец стужкі раз-пораз дакранаўся да нявест, яе жывы і вясёлы танец відавочна прыкаваў іх увагу. Сямёра з іх, прыцягнутыя пахам крыві з глыбіні лесу, скачкамі накіраваліся туды, так што Се Леню прыйшлося крыкнуць:
-Нань Фэн, дагані іх! Не дай ім спусціцца з гары!Паўтараць двойчы не было патрэбы: Нань Фэн ужо кінуўся ў пагоню. Дзве нявесты адразу ж напалі на Се Леня, наводзячы жах сваімі растапыранымі пальцамі, запэцканымі ў крыві, і вострымі кіпцюрамі. Се Лень шпурнуў наперад галаўныя покрывы, падабраныя з падлогі ў храме; выслізнуўшы з яго рук, яны закруціліся ў паветры і апусціліся наўпрост на галовы двух нявест. Рухі мёртвых жанчын адразу зрабіліся млявымі.
Як і варта было чакаць, шчыльная пунсовая тканіна закрывала вочы і нос мёртвых нявест так, што яны больш не маглі ні бачыць жывога чалавека, ні адчуваць яго пах. Да таго ж, з-за трупнага адубення мёртвыя дзяўчыны не мелі магчымасці самастойна сагнуць руку і сарваць покрыва з галавы. Ім заставалася толькі працягваць рукі і ўсляпую шукаць ахвяру, нібы яны гулялі ў жмуркі. Карціна выглядала сапраўды жахлівай, але ў той жа час смешнай. Се Лень, які стаяў перад адной з нявест, паспрабаваў памахаць рукамі перад яе тварам, і калі яна схапіла паветра ў зусім іншым напрамку, прынц, падумаўшы, усё ж не ўтрымаўся ад выканання ідэі, што наведала яго. Сказаўшы «Прабачце», ён схапіў абедзве рукі адной з нявест і паклаў іх далонямі на шыю іншай мёртвай дзяўчыны.
KAMU SEDANG MEMBACA
Дабраславенне Небажыхароў (Tiān Guān Cì Fú, 天官赐福)
FantasiВосемсот гадоў таму Се Лень быў Наследным Прынцам каралеўства Сянь Лэ. Яго любілі грамадзяне і ён лічыўся ўлюбёнцам свету. Ён узняўся на Нябёсы ў маладым узросце, аднак з-за няшчасных абставін быў хутка высланы назад у царства смяротных. Гады пра...