У адным мiнскiм дворыку жыў грак. Ён так i называў сябе – Грак, бо не меў патрэбы ў iншым iменi. З дня ў дзень Грак займаўся разнастайнымi птушынымi справамi i часам наведваў свайго сябра Крага.
Той сябар таксама быў граком, толькi не дваровым, а хатнiм. Некалi ён зламаў крыло i, напэўна, загiнуў бы, але яго падабралi добрыя мiнакi. Так небарака пасялiўся ва ўтульным пакойчыку i зрабiўся Крагам – людзi якраз любяць усяму даваць iмёны. Неўзабаве крыло зарасло, але ўжо не служыла, як раней, таму Краг застаўся жыць у кватэры. Ён часта сядзеў на жэрдачцы ля акна, а потым да яго прылятаў Грак, апускаўся на падваконне звонку, i сябры падоўгу балбаталi, не звяртаючы ўвагу на шкло.
I вось аднойчы атрымалася так, што Грак мусiў на нейкi час пакiнуць свой двор. Калi ж ён вярнуўся i па звычцы паляцеў да Крага, то нiкога ў акне не ўбачыў. Грак чакаў i чакаў, кружыў i кружыў, нават стукаў дзюбай у шыбу. Але сябар не з'явiўся. Да таго ж, на стук падышлi незнаёмцы! Яны зусiм не былi падобнымi да гаспадароў Крага.
Грак спачатку падумаў, што наблытаў з акном. Вунь колькi iх тут, аднолькавых! Ён да вечара лётаў сюды-туды, сядаў на розныя падваконнi, заглядваў у розныя вокны, але безвынiкова.
Ягоны сябар кудысьцi знiк!
Але што з iм магло здарыцца? Грак расхваляваўся не на жарт i ўсю ноч не звёў вачэй. А досвiткам убачыў, што да яго спяшаецца знаёмы грачык, якi праз доўгую худую шыю меў мянушку "гарлачык".
– Гэй, Грак! Для цябе лiст! Паслухай, што скажу!..
Гэта быў не папяровы лiст. Яго передалi птушынай поштай – то бок, вусна, i Грачык-гарлачык старанна паўтарыў кожнае слова. Але на паперы ўсё выглядала б так:
Дарагi Грак!
Мы з гаспадарамi раптоўна пераехалi. Цяпер я жыву ў дзiўным доме! Але акно маю цвiрр, цвiрр, толькi на другiм паверсе.
Сам дом урр, урр. Кажуць, ён чык-цек. Калi мяне неслi, я разглядзеў яго: такi каў, кав i прэээч. Сцены цi-цi-бе, крра, крра. Ёсць i-iстры-ы, дзе я добра баўлю час.
Шкада, што нiхто пры мне не назваў адраса, а чытать шыльды я не ўмею. Спадзяюся, ты зразумееш, куды ляцець, i чак-чак, чакерак знойдзеш менавiта мой!
Твой сябар Краг.
Спачатку Грак адчуў палёгку: ягоны сябар жывы i здаровы! Але потым занепакоiўся:
– Што гэта такое?
– Дзе? – вылупiў вочы Грачык-гарлачык.
– Усе тыя "урр", "каў" i "чакерак". Адкуль яны ўзялiся? Краг нiколi так не гаварыў!
– А ты калiсьцi атрымлiваў паведамленне птушынай поштай?
– Не, – прызнаўся Грак.
– Тады я растлумачу. Такi лiст складаецца на агульнаптушынай мове, каб яго маглi перадаваць адно аднаму розныя птушкi. Але калi ён задоўгi, птушка можа не вытрымаць ды прамовiць два-тры слова на сваёй гаворцы. Я ж таксама замест "на другiм паверсе" няўмысна сказаў "карр, карр". А ты не заўважыў, бо i так ўсё зразумеў!
– Вось дык штука з тымi лiстамi! Добра, пашукаю тых, хто мне дапаможа... Цi дакладна ты перадаў гукi?
– Дакладней не бывае, – запэўнiў Грачык-гарлачык. – Дзюбу даю!
Грак яшчэ раз прачытаў у галаве сябраў лiст, каб не забыць анiводнай дробязi.
"Краг жыве ў дзiўным доме, – падумаў ён. – Галоўная зачэпка! У горадзе шмат звычайных будынкаў, але я ведаю адзiн дом, якi бясспрэчна можна назваць дзiўным!"
Ён выгукнуў: "Карр, карр!", узмахнуў крыламi i паляцеў.

YOU ARE READING
Дзіўны дом
مغامرةУ адным мiнскiм дворыку жыў грак па імені Грак, які пасябраваў з хатнім граком па імені Краг. Сябры любілі балбатаць праз шкло. Але аднойчы Грак прыляцеў да акна Крага і не знайшоў яго. Па птушынай пошце ён атрымаў ліст, што Краг з гаспадарамі перае...