3

1 1 0
                                    

Закапаўшыся па самыя плечы ў сена і дыхаючы яго травяным водарам, Антон зрабіў выгляд, нібы засынае. Ад Зоські ён трошкі адсунуўся, пакінуўшы яе ў належанай ім ямцы. Ведама, разам пад кажушком было б куды цяплей і ўтульней абаім, але Антон цяпер не хацеў да яе лезці. Яшчэ падумае, што яму толькі гэта і трэба, што па гэта ён і бег следам, даганяючы яе на поплаве. Але для яго зусім не гэта было ў ёй галоўнае, і не затым ён даганяў яе, ледзь быў не згубіў у балоце. Хаця, вядома, ён быў мужчына і яна не магла не вабіць яго сваёй юнай дзявоцкасцю.

Цяпер ён не ведаў нават, калі ўсё пачалося. Можа, з тых вечарын у Заглядках, калі ён танцаваў з ёю «страданіе», або з таго тлумнага дня, калі атрад Кузняцова, пакінуўшы абжыты лагер у Селіцкім лесе, паспешна перабазіраваўся за Шчару. На новым месцы іх напаткала прамозглая глуш старога замшэлага ельніку. Уцякаючы ад даганятых, яны суткі не елі, былі галодныя і знемаглі, як чэрці. Пасля кароткага адпачынку камандзір узвода вылучыў трох партызан зрабіць атрадную кухню. Двое пайшлі шукаць чыстую ваду, а Антон пачаў ладзіць топку – пад іх закапцелы таган трэба было выкапаць ямку. Ён адразу ўзяўся за справу, угрэўся, спацеў і, падумаўшы, што трэба здзець кажушок, убачыў Зоську. Дзяўчына нячутна падышла да яго, стала насупраць і ўсміхалася.

– Што, памагчы прыйшла? – запытаўся ён і таксама ўсміхнуўся.

– Ну, такому яшчэ памагаць! Адзін управішся. Во, рукі якія шырокія, бы лапаты, – засмяялася яна, і ён чамусьці ніякавата паглядзеў на свае нямытыя, запэцканыя зямлёй, далоні.

– На пусты жывот і рукі знямогуць.

– Згаладнеў, бедненькі. На, во табе...

Зоська ступіла бліжэй і з маленькага белага кулачка адсыпала яму паўжмені буйнага сухога гароху.

– Мацуйся. Сняданак не скора.

I зноў неяк загадкава ўсміхнуўшыся, нетаропка пайшла ў ельнік, дзе чуліся галасы хлопцаў, што ладзілі буданы для жылля. Ён паўзіраўся ўслед яе зграбнай невялічкай постаці ў боціках, спаднічцы і нейкай шырокай, не па яе росце, куртцы і падумаў з нечаканай зайздрасцю: «Ладная дзяўчынка».

Зоська пайшла, здаецца, тут жа забыўшыся пра яго, адразу акружаная іншымі хлопцамі, маладымі і нават хто быў старэй – усімі, каму карцела звярнуць на сябе хвілінную яе ўвагу, пажартаваць, тым больш што іншых жанчын, апроч яшчэ буркатлівай пажылой Сцепаніды, у атрадзе ўжо не было. Антон не лез перад другімі, хаця некалькі разоў і лавіў сябе на тым, што пачаў думаць аб ёй і не супраць быў бы зноў убачыць яе.

Пайсці і не вярнуццаМесто, где живут истории. Откройте их для себя