Як гэта здарылася, Зоська сама не заўважыла, але неўзабаве яна задрамала, скурчыўшыся на бруднай, затаптанай падлозе, са звязанымі на жываце рукамі. Усе яе горкія беды засталіся ў трыдзевятым царстве, далёка ў іншым свеце, у другім месцы і часе. Яна не ведала ў сне, ці гэта была вайна, ці яна выпала з усякага часу і апынулася ў іншым, незямным вымярэнні. Аднак яна ні на секунду не разлучалася са сваімі адчуваннямі, якія і ў сне былі поўныя пакут і трывогі. Яна не ведала, што было прычынай гэтай яе трывогі, але ёй было кепска, вельмі неспакойна; агорклае прадчуванне чагосьці яшчэ горшага няспынна прыгнятала яе. У полі яе зроку, аднак, не было нічога нядобрага, наадварот, перад ёй разлеглася вясновая раскоша поля з зялёнай травой і нейкімі кветкамі, паблізу высілася наўздзіў белая, быццам цукровая званічка царквы ці касцёла, дзе вось-вось павінен быў паявіцца ён. Хто такі ён, Зоська не ведала, яна не ўяўляла нават аблічча гэтай істоты, але дакладна ведала, што ён – істота жывая, вельмі строгая і несумненна добрая. Праўда, з ім трэба быць вельмі пачцівай і паводзіць сябе сціпла, як са школьным дырэктарам па меншай меры, – гэта яна адчувала выразна.
У той жа час, востра адчуваючы сябе душэўна, яна ніяк не адчувала сябе фізічна, яна нават не ведала, як і ў чым яна апранута і ці ёсць у яе рукі, ногі, быццам яна без цела, без свайго ранейшага аблічча або страціла здольнасць зрокава ўспрымаць гэтае аблічча. Што датычыць навакольнага свету, дык ён даволі поўна ўспрымаўся ёю ва ўсёй яго рэчаіснасці, яна бачыла ля сябе нейкіх людзей, якія стаялі і размаўлялі, быццам на кірмашы ў дзень свята. Магчыма, гэта адбывалася нават на кірмашовай плошчы ці, можа, на лужку за мястэчкам. Не зважаючы на гаману і мітусцю навакол, людзі таксама чакалі хуткае паяўленне яго, хаця, можа, і не так нецярпліва і прагна, як чакала Зоська.
Але адбылася дзіўная падмена ў гэтай атмасферы ўсеагульнага чакання, чамусьці нікім, нават самой Зоськай, ніяк не заўважаная, – проста адзін стан неўпрыкмет змяніўся другім, і замест яго ўгары апынулася сама Зоська. Яна лёгка і вольна плыла ў вышыні над зямлёй, дрэвамі і людзьмі, дахамі нейкіх будынін, возерам і крывулякай рэчкай. Гэта быў радасны, чароўны палёт, поўны салодкага адчування прасторы і бязмежнага шчасця волі. Зоська лёгенька махала рукамі, каб трымацца на вышыні, дзе яна не адчувала ні ўласнай вагі, ні прыцягнення зямлі, ні нават супраціўлення паветра. Унізе былі, напэўна, усё тыя ж людзі, па адным і ў невялікіх купках, але цяпер ёй не было ніякае справы да гэтых людзей, ёй прыемна было аддавацца радаснаму адчуванню палёту над гэтай цёплай вясновай зямлёй.