2

7 1 0
                                    

Хвіліну яны моўчкі трухалі поруч. Зоська з нецярплівасцю ўзіралася ў змрок, імкнучыся ў рэдкім мільгаценні сняжынак заўважыць першыя прыкметы вёскі, але вёскі ўсё не было, нават не пачыналася поле, пад нагамі па-ранейшаму слалася-шастала някошаная балотная трава. Антон пачаў углядацца ў бакі і нават азірнуўся назад, дзе ў змроку зацямнелася штосьці высокае, падобнае на грудок з хвойным гайком. Напэўна, гэты грудок быў тут адзінай прыкметай на іх балотным шляху, і Антон, раптам спыніўшыся, з прыкрасцю вылаяўся:

– Ах ты, халера! Во куды зайшлі! Гэта ж Круглы грудок. Вёска ўбаку асталася.

Зоська расчаравана ўздыхнула, яна ледзьве ўжо стаяла на, здавалася, зусім адмерзлых нагах, у грудзях ажно прагоркла ад стомы, а рукі і асабліва ногі вышэй калень зусім здранцвелі ад сцюжы. Спаднічка хутка змерзлася і жорстка муляла сцёгны.

– Што ж цяпер рабіць? – разгублена прагаварыла яна, спыніўшыся і адчуваючы, што выйсця, мабыць, няма, што, мабыць, прыйдзецца ёй замярзаць на гэтым балоце.

– Халера! – злаваў Антон. – Трэба ж... Думаў, гэты грудок злева, а ён... Нарабіла ты бяды з гэтай рэчкай.

Ён бурчаў незадаволена, з яўным папрокам, і яна таксама хацела зазлаваць ды крыкнуць, што ўсё праз яго, што каб ён не з’явіўся за яе плячыма, яна б не сунулася па-дурному ў гэту праклятую рэчку, пашукала б дзе другі пераход. А то сам яе напалохаў, загнаў у ледзяную ваду і яшчэ папракае. Але штось утрымала яе ад сваркі, усё ж яна адчувала і сваю тут віну і таму, перабораўшы крыўду, коратка кінула:

– Ладна! Ужо сама як-небудзь...

Аднак у голасе яе пачуліся слёзы, ён, мабыць, заўважыў гэта і змоўк, раптам зноў угледзеўшыся ў прыцемкі. Штось там зашарэлася воддаль, але яна не магла разгледзець, што – задубелымі пальцамі яна выцірала вочы.

– Пастой! – сказаў ён. – Глядзі, стажок нібы? Праўда! Ану бягом!

Яна зразумела і нават убачыла ў шэрых ветраных прыцемках шызыя вярхі стажкоў на балоце пад самым кустоўем. Пярэдні стажок быў зусім блізка, за якія паўста крокаў – касабокі, з заснежаным верхам і чорнай палкай у ім, ён з’явіўся для яе паратункам; нічога цяпер, напэўна, нельга было і прыдумаць. Антон першы падбег да стажка і, абмацаўшы яго, пачаў энергічна выскубаць сена. Падбегшы пасля, Зоська таксама сунула ў жорсткае шархоткае сена свае знямелыя рукі. Але перасыпанае снегам, настылае сена так злеглася ў гэтым стажку, што ніяк не паддавалася іхнім рукам. Антон, як ні стараўся, за дзесяць хвілін выскуб толькі невялічкую ямку – болей яно не скублася.

Пайсці і не вярнуццаWhere stories live. Discover now