Доўга і амаль навобмацак яны ішлі па голай раўніне поля. Снег, не перастаючы, валіў і валіў у сырых прыцемках. Калені, рукавы і ногі ў Зоські даўно былі мокрыя, і яна думала: хоць бы не прамок сачак, дзе тады пасушыцца? Антон моўчкі з падвойнай энергіяй крочыў і крочыў кудысьці, можа, ведаючы куды, а можа, проста ў ноч, наўздагад. Зоська хацела папрасіць яго збавіць гэты непасільны для яе тэмп, але не адважвалася. Ён і тут ведаў мясцовасць лепш за яе, а галоўнае – лепш арыентаваўся ў гэтай снегавой прасторы, і яна з усяе сілы старалася ад яго не адстаць. Яна прытрывалася ўжо да ветру і не звяртала ўвагі на снег, а толькі ўгінала ніжэй галаву, калі твару рабілася невыносна ад сцюжы. Перад яе вачыма ўсё стаяла жалобная сцэна начных хаўтур на тым хутары. Не першы раз бачыла яна за вайну, як хаваюць нябожчыка, але такія мірныя, «жаночыя» хаўтуры ёй давялося бачыць упершыню. I, здаецца, ніхто там не галасіў, не плакаў, усе засяроджана, з глыбокай верай маліліся, быццам разам рабілі нейкую важную, хоць і малавясёлую справу. I ні аднаго мужыка – толькі бабы. Не, Зоська проста палохалася такіх хаўтур, яны ўражвалі яе сваёй нязвыклай будзённасцю. I, можа, упершыню яна раптам падумала: а якія наканаваны ёй, Зосьцы?
Але не, ёй рана думаць пра тое, у яе труднае, на некалькі дзён распісанае заданне. Трэба наведацца ў Скідзель і яшчэ ў два хутары, з’ездзіць у Гродна. Можа быць, пашэнціць пабачыць матулю. Ёй трэба яшчэ шмат куды паспець у жыцці, навошта думаць пра пахаванне?
Аднак яна зноў адстала. Невыразна-расплывісты цень Антона ледзьве ўгадваўся ў ветравым прыцемку, злева цягнулася сцяна хваёвага лесу, і Зоська падумала: няўжо прыйдзецца паварочваць у лес? У лес яна не хацела, ёй лепш было ў гэтым завейным полі, чым у змрочным, шумлівым, загадкавым і страшным лесе. Чвякаючы дашчэнту раскіслымі ботамі, яна пабегла за Антонам, які спыніўся і даў ёй падбегчы поруч.
– Бачыла? Бачыла, куды мы зайшлі?
Нізка насунуўшы на вочы шапку, ён паказваў на лес, які няроўным узлескам адварочваў кудысьці ўлева, а наперадзе перад імі цягнулася крывулястая чарада кустоўя і невысокіх дрэў, падобная на прысады дарогі. Каб зразумець нешта, Зоська моўчкі ўгледзелася ў падслепаваты снегавы прыцемак.
– Лес?
– Ды не лес. Котра, глядзі.
– Котра?
– Ну. Во куды выйшлі. Трэба было правей. Цяпер такога крука даваць...
Зоська маўчала. У яе нутры ўсё апала ад гэтай нечаканай весткі – сапраўды, калі тут рэчка Котра, дык яны надта адышліся ўбок і даўно прамінулі Скідзель.