Пакуль Зоська абувалася ў каморцы, Антон перабег цераз намеценую ад парога снежную гурбу, зірнуў у адны дзверы, у другія і раптам, падаўшыся назад, замёр за абгарэлым бервяном шула. Праз паўтары сотні крокаў ад аборы няхутка цягнуліся па раскіслым снезе двое саней з седакамі ў чорных шынялях, убачыўшы якіх, Антон зразумеў: паліцаі. Да аборы даляталі абрыўкі іхняй размовы, смех, хтось, брыдка вылаяўшыся, са злосцю выцяў каня.
Стоячы за шулам, Антон, аднак, хутка асмялеў ад спалоху, сцяміўшы, што паліцаі кіравалі не сюды, а міма, па нейкай сваёй патрэбе, у бок Нёмана. На абору ніхто з іх не звяртаў увагі, начных слядоў у снезе ўжо не засталося, усё добра зраўняла завея. Антон перавёў дыханне і ўслухаўся ў далекаватую для слыху размову, сэнс якой, аднак, зразумець было цяжка. Ён ужо хацеў быў клікнуць Зоську, як раптам учуў знаёмае слова, якое прымусіла яго зноў замерці за шулам. Выразна пачулася «Сталінград», пасля яшчэ раз сказанае кімсьці з паліцаяў гэтае ж слова і ледзьве пачутае затым «далі» ці, можа, «узялі». Гэта яго зацікавіла. Ён напружыў усю сваю ўвагу і слых, але вецер адносіў словы ўбок, і яму ўдалося пачуць толькі адно «...ступленне». Далей, колькі ён ні ўслухоўваўся, зразумець нічога не мог – сані ад’ехалі далекавата і неўзабаве схаваліся на паваротцы за каменным рогам аборы.
Небяспека быццам мінулася, паліцаі паехалі, але Антон усё стаяў ля варот, збянтэжаны тым, што пачуў. У якім сэнсе яны гаварылі пра Сталінград? Што значыць «далі»? Здалі ці, можа быць, узялі? А што можа азначаць «...ступленне»? Наступленне або адступленне? Не, мабыць, хутчэй за ўсё сэнс быў у тым, што немцы пачалі новае наступленне на Сталінград, дзе ўсю восень ішлі крывавыя баі, і, мабыць, узялі нарэшце гэты далёкі горад. Мяркуючы па ўсім, здарылася менавіта гэтак, рашыў Антон, што і выклікала жывую цікавасць паліцаяў.
Але што ж тады атрымліваецца?
Растрывожаны і амаль збянтэжаны, ён увайшоў у каморку, усё ламаючы галаву над гэтай паліцэйскай шарадай. Зоська пачала нешта распытваць, але ён не слухаў яе, ён думаў, што б тое магло азначаць для яго асабіста. Вядома, колькі-небудзь пераканаўчых фактаў у яго не было, былі толькі здагадкі. Але ён і не меў пільнай патрэбы ў фактах, ён ужо быў гатовы да адзіна магчымага вываду: трэба спяшацца. Трэба, пакуль не позна, канчаць з партызанствам, паклапаціцца пра ўласны лёс і сваю галаву, пакуль яна яшчэ на плячах, укараніцца ў новае, нямецкага ладу, жыццё, калі нічога не выйшла з савецкім.
