Калі Антон зачыніў дзверы ў трысцен, Зоська асталася на затаптанай земляной падлозе і, сцяўшы ў зубах плюшавы ражок каўняра, моўчкі плакала. Ніколі яшчэ за дзевятнаццаць пражытых гадоў ёй не было так балюча і крыўдна. Кароткая барацьба з Антонам зусім знясіліла яе, як яна ні змагалася, але не магла абараніць сябе ад мужчынскай сілы Антона, ён расправіўся з ёй за некалькі кароткіх секунд, і цяпер яна не магла варухнуць ні нагой, ні рукой – так ён туга скруціў іх вяроўкай. З кароткай размовы Антона з гаспадаром Зоська сцяміла пра ягоны намер і зразумела таксама, што яна прапала. Як апошняя недалэга, яна даверылася гэтаму шкурніку, а затым паўдня сумнявалася ў яго чорнай здрадзе, спрабуючы ў чымсь пераканаць яго, не даць зрабіць свой апошні пагібельны крок. Цяпер вось яе чакала расплата. Ён купіць сабе жыццё цаной яе гібелі, як дурную цялушку, павязе яе на расправу паліцыі.
Яна курчылася на баку ў цемры між сталом і лаўкай, на якой нядаўна сядзела, і яе дапякала крыўда і спазнелая нянавісць да Антона. Пад яе мокрым плячом хлюпала сцюдзёная лужына, што нацякла з яе ботаў, і ёй так карцела завыць, закрычаць, паклікаць на дапамогу людзей, адкрыць ім вочы на гэтага здрадніка партызана. Але што карысці было крычаць, клікаць на дапамогу тут не было каго. I не маючы магчымасці паварушыцца ў доле, яна ліхаманкава шукала ў Думках хоць якой-небудзь магчымасці выйсця. Здаецца, эднак, выйсця тут не было, і таму было нясцерпна крыўдна і балюча.
Відаць па ўсім, цяпер для яе пачынаўся іншы адлік часу, якім яна не распараджалася, наадварот, час пачынаў распараджацца ёю, і ёй заставалася адно – падпарадкавацца ягонай неміласэрнай хадзе. Але яна не магла падпарадкавацца, яна прагла саўладаць з бядой. Тым больш што Галубін пайшоў, канешне, не забыўшы падперці з таго боку дзверы. Яна чула ягоныя крокі на ганку і ягоную размову з гаспадаром. Затым іхнія крокі прапалі на двары, і яна, сціхнуўшы плакаць, прыслухалася. Ёй здалося, што яны вяртаюцца, дзверы ціхенька стукнулі. Але гэта былі не тыя дзверы, у якіх знік Галубін, а тыя, што вялі ў другую палавіну хаты. Яны сапраўды ціхенька затузаліся пад нечай нябачнай рукой, Зоська здзіўлена падняла галаву – слабы агеньчык капцілкі ў пячурцы ледзьве свяціў на змрочную столь трысцена і шэры квадрат дзвярэй, падперты вілачнікам. Але канец вілачніка быццам сам па сабе пасунуўся ўбок, паволі вызваляючы дзверы ад падпоры, і тыя нарэшце адчыніліся. У трысцен прашмыгнуў Вацык, за ім убегла гаспадыня, абое кінуліся да Зоські.