Яны трошкі збочылі ад рова і неўзабаве прытупалі да нешырокай лесавой дарожкі, прысыпанай свежым, не кратаным нагамі снегам. Антон зірнуў у адзін бок дарогі, у другі, саней адсюль не было відаць, і ён упэўнена павярнуў направа, пакідаючы ззаду шырокія сляды на снезе, у якіх зажаўцеўся дарожны пясок.
– Во, разжыўся, – сказаў Антон, дастаючы з кішэні абкрышаны кавалак хлеба. – Халера на яе, баба не хацела даваць, ледзьве выцыганіў.
Зоська міжволі праглынула сліну, атрымаўшы ў рукі палову кавалка свежага сялянскага хлеба з вузенькаю паскай сала.
– Смачна як пахне! – панюхала яна хлеб. – Любіла такі, на кляновых лістках. Мама пякла.
– Еш, – проста сказаў Антон, са смакам адкусіўшы сам.
– Зоська нарэшце ўгрэлася, ісці па роўнай дарозе было куды лягчэй, чым прадзірацца праз калючы гушчар, яна расшпіліла верхні гузік свайго плюшавага сачка і адпусціла вузел хусткі на шыі. Хвойны аснежаны бор ледзь чутна шумеў угары, зверху паволі плылі-ападалі рэдкія прыгожыя сняжынкі. Было ціха. Дзесь чуўся дробненькі стукат дзятла, але Зоська не звяртала на яго ўвагі, яна ўвесь час пазірала наперад, дзе знікала пакручастая лесавая дарожка. Туды ж кіраваў позірк і Антон, які проста і натуральна ўзяў на сябе частку яе дарожнага клопату і звязанай з ім небяспекі. Усё гэта іншы раз магло б толькі парадаваць Зосысу, але цяпер яна мала радавалася, хутчэй наадварот, – усё яшчэ не магла вызваліцца ад сваіх трывожных сумненняў. Праўда, за сябе яна менш баялася – яна трывожылася за Антона.
– Слухай, вяртайся назад. Тут ужо я сама прайду, – сказала яна, ідучы ззаду, і Антон крута азірнуўся.
– Нашто? Я правяду.
– Што, да самага Нёмана?
– Там будзе відаць, – няпэўна адказаў Антон, і яна не стала пярэчыць – адчула, што ён яе не паслухае. Яна разумела, якімі непрыемнасцямі пагражала абодвум гэта яго ўпартасць, але пярэчыць яму не магла. А можа, і не хацела нават.
– Там прыехалі па сасну. На падрубу, – кіўнуў ён галавой, трошкі стрымліваючы свой крок. – Прымачок адзін з дзеўкай. Вайна вайной, а яны будуюцца.
– Ды хіба мала такіх! Думаюць, адседзяцца, перачакаюць. Хай за іх другія ваююць, – зласліва сказала Зоська, і Антон уважліва паглядзеў на яе.